РО́МУЛ АЎГУ́СТУЛ (Romulus Augustulus),
апошні імператар [475—476] Зах. Рым. імперыі. Бацька Р.А. — военачальнік Арэст скінуў імператара Юлія Непата і 31.10.475 у Равене абвясціў імператарам непаўналетняга Р.А. Яго правы на трон не былі прызнаны ні Усх. Рым. імперыяй, ні правіцелем Галіі Сіягрыем, ні Непатам. Пасля таго як Арэст і Р.А. не выканалі патрабаванняў ўсх.-герм. наёмнікаў, тыя паўсталі і абралі сваім царом Адаакра. Арэст быў забіты, Р.А. 4.9.476 скінуты з трона і сасланы ў прав. Кампанія. Гэта лічыцца канцом Зах. Рым. імперыі.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ФАН БЛУА́СКІ (Stephen of Blois; каля 1097, г. Блуа, Францыя — 25.10.1154),
кароль Англіі [1135—54]. Сын графа Блуа, пляменнік англ. караля Генрыха I [1100—35]. Пасля смерці апошняга часткай англ. феадалаў быў прызнаны каралём. З 1139 вёў з пераменным поспехам барацьбу за ўладу з дачкой Генрыха I Мацільдай, якая таксама прэтэндавала на прастол. У краіне ў гэты час панавала феад. анархія. У 1153 С.Б. ў абмен на адмову Мацільды ад далейшай барацьбы прызнаў сваім наследнікам яе сына Генрыха (кароль Генрых II у 1154—89; заснавальнік дынастыі Плантагенетаў).
т. 15, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫ без пазбаўлення волі,
від крымін. пакарання і адм. спагнання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Назначаецца судом (суддзёй) адпаведна на тэрміны ад 2 месяцаў да 2 гадоў і ад 15 сутак да 2 месяцаў. Адбываюцца па месцы работы або ў інш. месцах у раёне жыхарства асуджанага з утрыманнем да 20% заробку ў даход дзяржавы. Асобам, якія прызнаны непрацаздольнымі, суд можа замяніць П.р. на штраф. У выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця П.р. суд можа замяніць іх неадбыты тэрмін на пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (ПНК),
польскі ўрад у эміграцыі ў час 1-й сусв. вайны. Створаны 15.8.1917 у г. Лазана (Швейцарыя) групай польскіх эмігрантаў. Складаўся пераважна з чл. Нац.-дэмакр. партыі і некат. інш. партый. Старшыня — Р.С.Дмоўскі. Імкнуўся стварыць з дапамогай дзяржаў Антанты незалежную польскую дзяржаву. У вер.—ліст. 1917 прызнаны Францыяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй і ЗША. Пачаў стварэнне польскага войска ў Зах. Еўропе. У пач. 1919 дамовіўся з прыхільнікамі Ю.К.Пілсудскага пра стварэнне кааліцыйнага ўрада Польшчы на чале з чл. ПНК І.Падарэўскім. Распушчаны ў жн. 1919.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ЧНЫ МІР» 1686,
дагавор, падпісаны Расіяй і Рэччу Паспалітай у Маскве 6 мая аб сумесных дзеяннях супраць Турцыі і Крыма. Мір пацвердзіў правы Расіі на землі Левабярэжнай Украіны, Смаленскага і Чарнігаўскага ваяв., якія засталіся за ёй пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 паводле ўмоў Андросаўскага перамір’я 1667. Уласнасцю Расіі прызнаны ўсе вывезеныя ў час вайны каштоўнасці і палонныя, пацверджана яе права апекаваць праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Заключэнне «Вечнага міру» для Рэчы Паспалітай было абумоўлена неабходнасцю абараніць свае паўд. межы ад турэцка-татарскай агрэсіі. Дагавор замацаваў Расію ў ролі наймагутнейшай дзяржавы Цэнтр. і Усх. Еўропы.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА,
форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекі ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.
т. 1, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВЫЯ ВЫДА́ТКІ,
сумы, патрачаныя ў сувязі з разглядам судовай справы. Па грамадз. і гасп. справах складаюцца з дзярж. пошліны па іскавых заявах і касацыйных скаргах, сум, што належаць аплаце сведкам і экспертам, на правядзенне агляду на месцы і выкананне рашэнняў суда, выдаткаў на пошукі адказчыка і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С.в. спаганяюцца з адказчыка або з істца, калі яго дамаганні прызнаны неабгрунтаванымі. С.в. па крымін. справах спаганяюцца з асуджаных або могуць быць аднесены на кошт дзяржавы ў выпадку прызнання апошніх неплацежаздольнымі. Па шэрагу катэгорый грамадзянскіх спраў (аліментныя, працоўныя і інш.) істцы ад аплаты С.в. вызваляюцца.
т. 15, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,
усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш. міжнар. спаборніцтвах.
А.Я.Вількін.
т. 1, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РМАН (Bormann) Марцін (17.6.1900, г. Гальберштат, Германія — 2.5.1945, паводле афіц. версіі),
палітычны дзеяч фаш. Германіі. У 1922—23 у добраахвотніцкім корпусе «Росбах». У сак. 1924 за ўдзел у забойстве ўдзельніка аднаго з мілітарысцкіх «саюзаў» асуджаны на 1 год зняволення. Чл. нацысцкай партыі (НСДАП) з 1927. Нач. штаба Р.Геса, рэйхсляйтэр НСДАП і дэпутат рэйхстага (з 1933). Найбліжэйшы саветнік рэйхсканцлера Германіі А.Гітлера і кіраўнік яго парт. канцылярыі з 1941. У маі 1945 знік. На Нюрнбергскім працэсе завочна прыгавораны да пакарання смерцю як адзін з гал. ваен. злачынцаў. У 1973 прызнаны судом ФРГ памерлым. Дакладных звестак пра лёс Бормана няма.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 279—331.
т. 3, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІ́НЧА СУД»,
у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал. ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.Бэрча і да т.п.
т. 9, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)