А́КТЫ ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І «Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею» (АЗР), збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—17 ст., (т. 1—5. Спб., 1846—53). Складальнік і рэдактар І.І.Грыгаровіч (т. 1—4). Змешчана каля 2 тыс. дакументаў на бел. і ўкр. мовах, згрупаваных паводле храналагічна-тэматычнага прынцыпу, пераважаюць матэрыялы па паліт. і царк. гісторыі: судзебнік Казіміра IV 1468, велікакняжацкія прывілеі Полацкай і Віцебскай землям, прывілеі бел. гарадам на магдэбургскае права, даравальныя граматы (фундушы) царк. установам, «Устава на валокі» 1557, матэрыялы пра Лівонскую (Інфлянцкую) вайну 1558—83, Брэсцкую унію 1596, інтэрвенцыю Рэчы Паспалітай у Расію ў пач. 17 ст., казацкія войны ў 17 ст. і інш.

П.​А.​Лойка.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў КНЯЗЁЎ ЛЮБАРТО́ВІЧАЎ-САНГУ́ШКАЎ У СЛАВУ́ЦЕ»

(«Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie»),

зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 13—16 ст. Выдадзены ў 1887—1910 у Львове ў 7 тамах. Дакументы ўзяты з архіва Сангушкаў у мяст. Славута (цяпер Хмяльніцкая вобл. Украіны), а таксама з кніг Метрыкі ВКЛ, архіваў Львова, Пецярбурга, Нясвіжа. У зборніку змешчаны дакументы вярх. улады Польшчы і ВКЛ (каралеўскія і велікакняжацкія лісты, інструкцыі, прывілеі, у т. л. на бел. маёнткі, мястэчкі, гарады, замкі, на падатковыя льготы, заснаванне таргоў і кірмашоў, магдэбургскія прывілеі), дакументы пра асобныя соймавыя справы, пасольствы, прыватнаправавыя акты пра сац.-эканам. і сямейна-бытавыя адносіны Сангушкаў, Хадкевічаў, Заслаўскіх, Радзівілаў і інш. Большасць дакументаў на бел. і ўкр. мовах.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,

пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.​Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн. італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,

сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеі вял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш. абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.

І.​А.​Юхо.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,

від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́М у міжнародным праве,

адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУХАВЕ́ЦКІ (Іван Мартынавіч) (? — 27.6.1668),

гетман Левабярэжнай Украіны ў 1663—68. Абраны на Чорнай радзе 1663 у Нежыне. У 1665 падпісаў т.зв. «Маскоўскія артыкулы», якія пацвярджалі правы і прывілеі казацкай старшыны і ўмацоўвалі пазіцыі рус. ўрада на Украіне. Незадаволенасць палітыкай Брухавецкага асабліва ўзмацнілася пасля Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Правабярэжная Украіна заставалася за Польшчай. Намагаўся перадаць Украіну пад уладу Турцыі. Забіты паўстаўшымі супраць яго казакамі.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРХАДО́Н (асір. Ашурахіддзін),

цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г. Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1812.

Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 28.5.1812 у г. Бухарэст (Румынія). Завяршыў рус.-тур. вайну 1806—12. Паводле яго да Расіі адыходзілі Бесарабія і шэраг абласцей Закаўказзя. Турцыі былі вернуты ўсе заваяваныя Расіяй на Каўказе населеныя пункты (Анапа, Поці, Ахалкалакі). Дагавор забяспечыў прывілеі Дунайскім княствам, аўтаномію Сербіі. Умацаваў міжнар. становішча Расіі напярэдадні вайны 1812 і бяспеку яе паўд. межаў. Асн. палажэнні дагавора пацверджаны Акерманскай канвенцыяй 1826.

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСУЛЬСКАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прынцыпаў і норм, якія рэгулююць прававое становішча консульскага прадстаўніцтва, а таксама вызначаюць парадак назначэння (адклікання), функцыі, прывілеі і імунітэты консульскіх службовых асоб. Крыніцамі К.п. з’яўляюцца міжнар. дагавор, звычай і нац. заканадаўства дзяржаў. На станаўленне норм К.п. ўплываюць пастановы міжнар. органаў і нац. прававыя дактрыны. У 1963 на канферэнцыі ААН у Вене была распрацавана і прынята вял. колькасцю дзяржаў Канвенцыя аб консульскіх зносінах. Беларусь ратыфікавала Канвенцыю 27.2.1989.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)