мера адм. спагнання. Прадугледжана кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адм. правапарушэннях. Выносіцца ў пісьмовай форме органам (службовай асобай), правамоцным разглядаць справы аб адм. правапарушэннях. Пастановы пра накладанне адм. спагнання ў выглядзе П. прыводзіцца ў выкананне органам (службовай асобай), які вынес пастанову, шляхам абвяшчэння яе парушальніку і ў неабходных выпадках даводзяць яе да ведама адміністрацыі або грамадскай арг-цыі па месцы работы, жыхарства або вучобы парушальніка. П. таксама — форма афіц. рэагавання, прадугледжаная Законам аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на парушэнні законаў, выяўленыя ў выніку ажыццяўлення агульнага нагляду. У залежнасці ад характару парушэння пракурор папярэджвае адпаведных службовых асоб або грамадзян аб недапушчальнасці парушэння імі патрабаванняў закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЛЬНАЯ МАШНА,
машына для мех. мыцця, паласкання і адціскання бялізны. Бываюць без адціскання (малагабарытныя пераносныя), з ручным валковым адцісканнем, паўаўтам. двухба́кавыя з дыскавым актыватарам раствору і цэнтрыфугай для адціскання або аднаба́кавыя барабаннага тыпу, аўтаматычныя з праграмным кіраваннем (звычайна аднаба́кавыя барабаннага тыпу).
Перамешванне бялізны і актывацыя раствору, неабходная для яго інтэнсіўнай цыркуляцыі, ажыццяўляецца звычайна вярчальным лопасцевым дыскам (актыватарам) ці барабанам. Актыватар манціруецца ў дно ці ў сценку бака, прыводзіцца ў рух электрарухавіком, што ўключаецца таймерам. У машынах барабаннага тыпу бялізна мыецца ў перфарыраваным барабане, які рэверсіўна круціцца ў пральным баку, запоўненым мыйным растворам. Загрузка бытавых П м. да 5 кг, камунальных — да 200 кг сухой бялізны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),
1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.
2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой электрычны генератарпрыводзіцца ў дзеянне дызелем. Бываюць перасоўныя і стацыянарныя.
Перасоўныя Д.э. манціруюць на аўтамаб. прычэпах, чыг. платформах, абсталёўваюць быстраходнымі дызельнымі рухавікамі. Выкарыстоўваюць на буд-ве чыгунак, у лясной прам-сці, геолагаразведачных экспедыцыях і інш. На стацыянарных Д.э. устанаўліваюць 4- або (радзей) 2-тактавыя дызелі. Такія электрастанцыі будуюць у месцах, аддаленых ад ліній электраперадач, у раёнах з абмежаванымі крыніцамі водазабеспячэння. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, на прамысл., буд. і трансп. прадпрыемствах у якасці асноўнай, рэзервовай і аварыйнай крыніцы электраэнергіі. Дызельэлектрычныя агрэгаты шырока ўжываюцца таксама для энергазабеспячэння войск, вайск. аб’ектаў і комплексаў ваен. тэхнікі. Д.э. высокаэканамічныя, надзейныя ў эксплуатацыі, аднак маюць адносна невял. мотарэсурс (працягласць эксплуатацыі да капітальнага рамонту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ХВАРО́БЫ,
асноўны мед. дакумент, што складаюць на кожнага хворага, які звяртаецца ў лячэбна-прафілакт. ўстанову. Уключае пашпартную частку (прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, сямейнае становішча, прафесію і інш.), звесткі пра хваробы (раней перанесеныя і на гэты момант), вынікі абследавання і лячэння хворага. Змены ў стане хворага і цячэнні захворвання заносяцца ў гісторыю хваробы пры кожным наведванні хворым паліклінікі, а ў стацыянары — штодзень; у выпадку смерці прыводзіцца пратакол паталаг. ўскрыцця. Пры выпісцы ці пераводзе хворага ў інш. лячэбную ўстанову, а таксама ў выпадку смерці даецца заключэнне ўрача — эпікрыз. Гісторыя хваробы забяспечвае пераемнасць для ўрачоў у ажыццяўленні лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў. У неабходных выпадках з’яўляецца матэрыялам для суд.-мед. следства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАХО́Д, паравое судна,
марское або рачное самаходнае судна, якое прыводзіцца ў рух паравой машынай ці паравой турбінай.
П. з паравой машынай Дж.Уата пабудаваны ў 1802 у Вялікабрытаніі. У 1807 у ЗША Р.Фултан пабудаваў колавы рачны П. У Расіі першае судна з паравой машынай (землечарпалка) створана ў 1810; марскі П. («Елізавета», для зносін паміж Пецярбургам і Кранштатам) — у 1815. Напачатку П. былі колавыя, з 1840-х г. — з грабным вінтом. З сярэдзіны 20 ст. П. выцясняюцца больш эканамічнымі цеплаходамі (з рухавіком унутр. згарання). У СССР з 1958 буд-ва П. спынена. Сучасныя П. з паравой (або газавай) турбінай наз. турбаходамі, турбаэлектраходамі (гл.Электраход).
Параходы: 1 — буксір з грабным колам (1801; Шатландыя); 2 — рачны пасажырскі (19 ст., ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КАТАЛО́ГІ,
спісы зорак з указаннем іх экватарыяльных каардынат, уласных скарасцей, зорных велічынь і інш. характарыстык, аднесеных да пачатку якога-небудзь года; аснова для вывучэння будовы і руху ў зорных сістэмах, устанаўлення сістэмы нябесных каардынат. Першы З.к. складзены ў Кітаі каля 355 да н.э. (800 зорак). Найб. распаўсюджаны «Агульны каталог» Боса (1937, 33 342 зоркі).
Адрозніваюць З.к. абсалютныя (атрыманы з абс. вымярэнняў, незалежна ад ранейшых З.к.) і адносныя (атрыманы дыферэнцыяльным метадам: месцазнаходжанне зоркі вызначаюць адносна становішчаў інш. зорак з вызначанымі каардынатамі). Абавязкова прыводзіцца дата назіранняў. На падставе абс. і адносных З.к. складаюцца фундаментальныя каталогі месцазнаходжанняў зорак. Акрамя дакладных каталогаў складаюцца т.зв. агляды неба з прыбліжанымі значэннямі каардынат зорак і іх зорных велічынь. Найб. распаўсюджаныя «Бонскі агляд» (1859—87, 324 188 зорак, 64 карты зорнага неба); Кордаўскі і Кейпскі агляды. Нумарацыяй зорак у З.к. карыстаюцца для іх абазначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́З,
лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.
Створаны ў Вялікабрытаніі Р.Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.
Паравозы: а — Дж.Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Амерыкана» (The Encyclopedia Americana),
універсальная энцыклапедыя ў ЗША. 1-е выд. выйшла ў Філадэльфіі ў 1829—33 (т. 1—13; скл. Ф.Лібер). З 1903 выдаецца ў Нью-Йорку (т. 1—16, 1903—04; з 1918 перавыдаецца ў 30 т.). Змяшчае каля 70 тыс. артыкулаў па гуманітарных, прыродазнаўчых і дакладных навуках, тэхніцы, эканоміцы, палітыцы. Асабліва падрабязны матэрыял прыводзіцца пра ЗША і інш. краіны Амерыкі. Большасць артыкулаў — сціслыя даведкі-дэфініцыі; грунтоўныя агляды даюцца пра асобныя краіны, усе стагоддзі новай эры (ад 1-га да 20-га), выдатныя творы сусв. л-ры, музыкі, філасофіі і эканомікі, амер.паліт. дзеячаў і інш.Найб. складаныя артыкулы маюць невял. слоўнікі тэрмінаў. Т. 30 змяшчае ілюстраваную храналогію сусв. падзей за апошнія 5 гадоў і алфавітны індэкс — больш за 350 тыс. тэрмінаў і слоў, што выкарыстаны ў артыкулах Амерыканскай энцыклапедыі. З 1923 у дадатак да Амерыканскай энцыклапедыі выдаецца 1-томны штогоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗЕ́ННЕ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, з дапамогай якіх валакністы матэрыял перапрацоўваюць у пражу.
Асн. працэсы П.: разрыхленне, змешванне, трапанне, корда- і грэбенечасанне, выцягванне, скручванне і намотванне. Валакністы матэрыял расскубаюць на шматкі, каб зменшыць яго шчыльнасць, зрабіць масу аднароднай, ачысціць ад дамешкаў. Змешванне ідзе амаль на ўсіх стадыях П. Найб. важныя працэсы П. — корда- і грэбенечасанне (гл.Часанне). У выніку грэбенечасання на грэбенечасальных машынах і дадатковай апрацоўкі стужка ператвараецца ў роўніцу. Складанне (злучэнне прадуктаў П. аднаго віду для сумеснай апрацоўкі) суправаджаецца выцягваннем — падаўжэннем валокнаў на выцяжных прыладах. Кручэнне і намотванне пражы выконваюцца на верацёнах прадзільных машын. Існуе таксама ручное П.: рукамі (вядома з неаліту ў большасці народаў), на верацяне, калаўротам. Да 19 ст.найб. пашырана П. на верацяне. На Беларусі з 19 ст. верацяно выцеснена калаўротам, у якім нітка намотваецца на шпулю, што прыводзіцца ў рух колам. Ручная пража выкарыстоўваецца пры вырабе тканін мастацкіх. Адрозніваюць бавоўна-, ільно- і воўнапрадзенне (гл.Баваўняная прамысловасць, Ільняная прамысловасць, Шарсцяная прамысловасць).