актыўная або рэактыўная турбіна, якая пераўтварае цеплавую энергію сціснутага і нагрэтага газу ў мех. энергію вярчальнага вала. Асн. часткі газавай турбіны — нерухомы сапловы апарат (вянец сапловых лапатак, замацаваных на корпусе турбіны) і рабочае кола (дыск з рабочымі лапаткамі), злучанае з валам турбіны. Сапловы апарат у спалучэнні з рабочым колам складаюць ступень турбіны (практычна ўсе газавыя турбіны шматступеньчатыя). Магутнасць газавых турбін да 150 МВт. Звычайна выкарыстоўваюцца ў газатурбінных рухавіках і ўстаноўках (на самалётах, газатурбінных электрастанцыях, як прывод газавых кампрэсараў, помпаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс абсталявання для бурэння свідравін. Асн. часткі: буравая вышка, сілавы прывод, вярчальнік (ротар), лябёдка, помпы, прыстасаванні для падрыхтоўкі і ачысткі прамывачных вадкасцей, пускарэгулявальная і кантрольна-вымяральная апаратура. У горнай справе буравыя ўстаноўкі наз.буравымі станкамі.
Бываюць: вярчальныя (найб. пашыраныя), ударныя, вібрацыйныя і інш.; электрычныя, дызельныя і гідраўлічныя; стацыянарныя (бурэнне нафтавых, газавых і глыбокіх геолагаразведачных свідравін), перасоўныя (у т. л. плывучыя для бурэння на вадзе, геолагаразведачныя і для буд. работ і інш.), самаходныя (гусенічныя або колавыя; бурэнне ўзрыўных свідравін) і пераносныя (пошукавае бурэнне ў цяжкадаступных раёнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙДЭР-ЭЛЕВА́ТАР,
землярыйна-транспартная машына для зразання грунту і перамяшчэння яго ў насып (дамбу), адвал або ў трансп. сродак. Выкарыстоўваецца пры буд-ве насыпаў з бакавых рэзерваў, малых каналаў, распрацоўцы выемак, раскрыўных кар’ерных, планіровачных работах і інш. Прадукцыйнасць да 1600 м³/гадз.
Бываюць прычапныя (да гусенічнага трактара), паўпрычапныя і самаходныя; з дыскавым плугам і перпендыкулярна размешчаным (адносна падоўжнай восі машыны) нахіленым транспарцёрам (элеватарам); з плоскім (прамым) нажом і дыяганальна размешчаным транспарцёрам. Кіраванне рабочым органам — мех. або гідраўлічнае, прывод транспарцёра — ад задніх хадавых колаў, вала адбору магутнасці трактара або асобнага рухавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАР,
двухпазіцыйны камутацыйны апарат з самазваротам для частых пераключэнняў у эл. ланцугах нізкага напружання; разнавіднасць выключальніка. Бываюць пастаяннага і пераменнага (прамысл. і высокай частаты) токаў.
Дапускаюць да 1500 уключэнняў-выключэнняў за гадзіну, камутуюць токі да 1 кА Маюць пераважна эл.прывод, часам пнеўматычны ці гідраўлічны. К. пастаяннага току (1- і 2-полюсныя) прызначаны пераважна для кіравання эл. рухавікамі пастаяннага току (у трамваях, тралейбусах, электравозах і інш), а К. пераменнага току (3- і шматполюсныя) — для кіравання асінхроннымі эл. машынамі (прыводы станкоў, ліфтаў, кранаў). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных вытв. устаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНІК,
грузападымальная машына цыклічнага або бесперапыннага дзеяння для падымання грузаў і людзей у спец. грузанясучых прыстасаваннях, якія рухаюцца па вертыкальных (часам нахіленых) накіравальных ці па рэйкавым пуці. Бываюць канатныя, ланцуговыя, рэечныя. вінтавыя, плунжэрныя.
У найб. пашыраных канатных П. грузанясучыя прыстасаванні падвешваюцца на стальных канатах, якія агінаюць канатавядучыя шківы або навіваюцца на барабаны падымальных лябёдак. Маюць эл., часам гідраўл.прывод. Да П. адносяцца ліфты, скіпавыя пад’ёмнікі, суднападымальнікі, фунікулёры, эскалатары, буд. П. (мачтавыя, канатныя, шахтавыя і інш.), П. на аўтамабілях-вышках і г.д.
Пад’ёмнікі: 1 — трактарны для работ на вышыні (з-д «Белспецкамунмаш»); 2 — «Рамонтнік» для разгрузкі транспартных сродкаў і падачы грузаў у аконныя праёмы (ВА «Белкамунмаш»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕССТУПЕ́НЬЧАТАЯ ПЕРАДА́ЧА,
механізм для плаўнай змены частаты вярчэння вядзёнага вала ў трансп. машынах, станках, прыладах; частка варыятара. Адрозніваюць бесступеньчатыя перадачы механічныя і электрычныя. У залежнасці ад віду перадавальных звёнаў мех. Бесступеньчатыя перадачы бываюць з вадкім рабочым звяном (гідраўлічныя), з гнуткім (раменныя і ланцуговыя) і жорсткім звёнамі. Паводле характару работы бесступеньчатыя перадачы з гнуткім і жорсткім звёнамі падзяляюцца на фрыкцыйныя (трэння) і зачэплівання, бесперапыннага дзеяння і імпульсныя. Электрычная бесступеньчатая перадача выконваецца па сістэме генератар—рухавік; выкарыстоўваецца ў трансп. машынах і інш. для перадачы вял. магутнасцяў (гл.Электрычны прывод). Выкарыстанне бесступеньчатай перадачы павышае прадукцыйнасць машын, паляпшае магчымасці кіравання.
Фрыкцыйная бесступеньчатая перадача: а — з гнуткім звяном і рассоўнымі шківамі; б, в — з жорсткімі звёнамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСАДЖА́ЛКА,
машына для механізаванай пасадкі бульбы з адначасовым унясеннем угнаенняў. Бываюць 2-, 4- і 6-радковыя, з лыжкава-дыскавым, элеватарным, стужачна-лыжкавым і раменным тыпамі высаджвальнага апарата. Высаджваюць бульбу ў грабяні, якія бульбасаджалкі ўтвараюць самі, або ў папярэдне нарэзаныя.
Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца бульбасаджалкі з лыжкава-дыскавымі высаджвальнымі апаратамі, рабочыя органы якіх прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асобныя іх тыпы маюць бункеры для загрузкі пасадачнага матэрыялу з самазвальных трансп. сродкаў, прыстасаваны для пасадкі прарослых клубняў. «Лідсельмаш» выпускае 2- і 4-радковыя бульбасаджалкі з элеватарным высаджвальным апаратам (Л-201, Л-202). Навясная бульбасаджалка Л-202 можа выкарыстоўвацца пры наяўнасці глебавых дамешкаў у пасадачным матэрыяле і без жорсткіх патрабаванняў да каліброўкі клубняў. Прывод рабочых органаў — ад хадавых колаў. Прадукцыйнасць 1,25—2.4 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙДЭР (англ. grader ад grade нівеліраваць),
землярыйная дарожна-буд. машына. Рабочы орган грэйдара — адвал з нажом, якім зразаюць і разраўноўваюць грунт ці сыпкі буд. матэрыял (пры стварэнні землянога палатна, планіроўцы адкосаў насыпаў і выемак, рамонце гравійных і грунтавых дарог і інш.). Прадукцыйнасць да 45 м³/гадз. Разнавіднасць грэйдара — грэйдэр-элеватар.
Падзяляюцца на прычапныя і самаходныя (аўтагрэйдэры). Прычапныя грэйдары бываюць лёгкія (з нажом даўж. 2,5—3 м) і цяжкія (3,5—4,5 м). Аўтагрэйдэры больш прадукцыйныя і манеўраныя, дадаткова могуць аснашчацца кіркоўшчыкам, плужным снегаачышчальнікам, бульдозерным адвалам, навясным скрэперам і інш. Бываюць лёгкія (нож 2,5—3 м, магутнасць рухавіка да 55—67 кВт), сярэднія (3—3,6 м, 74—110 кВт) і цяжкія (3,6—3,8 м, больш як 150 кВт). Кіраванне рабочым органам грэйдара мех. або гідраўл. прыводам.
І.І.Леановіч.
Грэйдэры: а — прычапны (1 — механізм пад’ёму і апускання адвалу; 2, 3 — асноўная і цягавая рамы; 4 — адвал з нажом); б — аўтагрэйдэр (1 — кіркоўшчык; 2 — рулявы прывод; 3 — цягавая рама з паваротным кругам і адвалам; 4 — рухавік з механізмамі кіравання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЛІ,
1) прылада для зграбання сена, саломы, выграбання каласкоў і цёртай саломы з зерневай кучы і інш. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Складаюцца з галоўкі з 8—14 зубамі і гладкай ручкі (грабільна). Зубы (даўж. 7—10 см) выразалі пераважна з дубу, ясеню, грабу і забівалі ў адтуліны галоўкі. У наш час выкарыстоўваюць граблі з метал. ці пластмасавымі галоўкамі.
2) Прычапныя або навясныя с.-г. машыны для зграбання скошанай травы ў валкі, варушэння травы ў пракосах і пераварочвання валкоў для паскарэння сушкі, а таксама для зграбання саломы.
Адрозніваюць граблі: папярочныя (утвараюць валок сена ўпоперак напрамку руху агрэгата), бакавыя колава-пальцавыя (складаюцца з 2 секцый, якія пры зграбанні сена ў валок устанаўліваюць вуглом назад, пры варушэнні — вуглом уперад, пры пераварочванні працуе адна секцыя); ратацыйныя (складаюцца з 2 ротараў са зменнымі граблінамі для зграбання і пераварочвання сена, варушэння і раскідвання валкоў). Шырыня захопу да 14 м, рабочая скорасць да 12 км/гадз. Агрэгатуюцца з любым трактарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПРЫВО́Д,
сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш. Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл. або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл.Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).
Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — як гал.прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш.Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.