ЛУК’Я́НАЎ Мікола (Мікалай Піліпавіч; н. 20.7.1924, в. Лешчанка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік сац. забеспячэння Беларусі (1981). У 1944 на фронце быў паранены і страціў зрок. У 1948—68 настаўнік у Бабруйску, у 1969—89 старшыня Магілёўскага абл. праўлення т-ва сляпых. Друкуецца з 1963. У аповесцях «І цемра адступіла» (1987), «Яго боль» (1992), «Цяжкія дарогі» (1993) пранікненне ў свет чалавечых пачуццяў.
Тв.:
Спакуса. Магілёў, 1998;
І цемра адступіла... Мн., 1999.
т. 9, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФАРА́ЦЫЯ (ад лац. perforatio пранікненне, прасвідроўванне),
1) у батаніцы — скразныя адтуліны ў клетачных абалонках сасудаў і сітападобных трубак раслін (на бакавых і папярочных клетачных сценках). Праз П. па сасудах свабодна праходзяць пажыўныя растворы. Бывае простай (у многіх кветкавых раслін), эфедроіднай (у гнетавых), множнай (у папарацей).
2) У медыцыне — скразное парушэнне цэласнасці сценкі полага ці трубчастага органа (напр., сценкі страўніка на месцы язвы); стварэнне адтуліны ў тканцы або органе, часцей у косці, хірург. шляхам.
т. 12, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАГУЛЬНЕ́ННЕ,
пераход на больш высокую ступень абстракцыі праз выяўленне агульных прыкмет (уласцівасцей, адносін, тэндэнцый развіцця і г.д.). Робіцца на ўзроўнях: эмпірычнага матэрыялу (выпрацоўка паняццяў, якія выяўляюць тоеснасць ці падабенства двух і больш прадметаў); ужо выпрацаваных паняццяў і суджэнняў (пераход да больш шырокіх паняццяў); «сістэм паняццяў» — тэорый (напр., пераход ад геаметрыі Эўкліда да геаметрыі Лабачэўскага). Абагульненне звязана таксама з працэсам аналізу, сінтэзу, параўнання з рознымі індукцыйнымі працэдурамі. Атрыманне абагульненых ведаў азначае больш глыбокае пранікненне ў сутнасць рэчаіснасці. Процілегласць абагульненню — абмежаванне.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕ́Ж,
у крымінальным праве адкрытае выкраданне маёмасці, учыненае без насілля або з насіллем, няшкодным для жыцця і здароўя. Належыць да групы злачынстваў супраць уласнасці. Акалічнасцямі, якія абцяжарваюць грабеж, з’яўляюцца насілле над пацярпелым, выкраданне паводле папярэдняй змовы групай асоб, пранікненне ў жыллё, памяшканне або інш. сховішча, буйныя памеры выкрадзенага або ўчыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь караецца пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін (максімальная мера пакарання — 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),
атрад (па інш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАГРЭ́СІЯ (ад англ. introgression), інтрагрэсіўная гібрыдызацыя,
пранікненне генет. матэрыялу аднаго віду ў другі пры аддаленай гібрыдызацыі. У прыродных умовах можа адбывацца ў той частцы геагр. арэала віду, якая перакрываецца ч. арэала другога блізкароднаснага віду (няпоўная генет. ізаляцыя). Вядзе да канвергенцыі раней генетычна аддаленых відаў, не выклікаючы ўтварэння новых марфал. і фізіял. прыкмет. Ва ўмовах эксперыменту ажыццяўляецца шляхам серыі бекросаў гібрыда аддаленага скрыжавання з адным з бацькоўскіх відаў. Напр., у селекцыі пшанічна-пырнікавых гібрыдаў зваротныя (насычаныя) скрыжаванні прыводзяць да перадачы асобных генаў ад віду-донара да паўторнай бацькоўскай формы без парушэння яе таксанамічнай прыналежнасці.
т. 7, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРЭ́ДЗІ (Macready) Уільям Чарлз (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),
англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.Байрана, «Страфард» Р.Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.Дж.Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).
т. 9, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСПЕРМІ́Я (ад полі... + сперма),
у раслін — апладненне яйцаклеткі і другаснага ядра зародкавага мяшка некалькімі (звычайна двума) сперміямі; у жывёл — пранікненне ў яйцо пры апладненні да некалькіх дзесяткаў сперматазоідаў. Пры фізіялагічнай П. (вядома ў членістаногіх — насякомыя, павукападобныя, і хордавых — акулавыя рыбы, хвастатыя земнаводныя, паўзуны, птушкі) у цытаплазме яйца галоўкі сперматазоідаў ператвараюцца ў мужчынскія прануклеусы. Адзін з іх злучаецца з жаночым прануклеусам і ўтварае ядро зіготы, а астатнія дэгенерыруюць. Пры паталагічнай П. (у фізіялагічна манаспермных жывёл, у т. л. млекакормячых) механізмы, што абараняюць яйцо ад пранікнення звышколькасных сперматазоідаў, аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. У выніку парушэнняў апладнення зародак звычайна гіне.
т. 12, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМІШЭ́ЎСКІ Ігар Канстанцінавіч (5.5.1932, г. Клайпеда, Літва — 13.11.1999),
бел. кінааператар. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1957). Працаваў на Свярдлоўскай кінастудыі, з 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1992 выкладаў у Бел. АМ. Кінааператар-пастаноўшчык маст. фільмаў «Іду шукаць» (1966), «Саша-Сашачка» (1967), «Бацька» (1971), тэлевізійных «Вашынгтонскі карэспандэнт» (3 серыі, 1973), «Корцік» (3 серыі, 1974), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1975), «Дзяржаўная граніца» (1984—89). Творчай манеры ўласцівы рэаліст. трактоўка выяўл. вырашэння фільма, глыбокае пранікненне ў стылістыку эпохі, якая адлюстроўваецца («Крушэнне імперыі», 1970; «Ятрынская вядзьмарка», 1991), мяккі лірызм характарыстык герояў («Чорны бусел», 1993), свядомае абмежаванне выкарыстання выразных сродкаў.
К.І.Рамішэўскі.
т. 13, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМА́ЧНЕЎ Віктар Андрэевіч (2.5.1939, с. Азёркі Нікіфараўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 15.11.1996),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў тэатр. студыю пры Мічурынскім драм. т-ры (1959) і працаваў у ім у 1960—66. З 1967 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Яго творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў вобраз, тыпізацыя характараў. Сярод роляў: Канягін («Мілы чалавек» К.Крапівы), Ксяндзоў («Апошні шанц» В.Быкава), Салавейчык («Амністыя» М.Матукоўскага), Харытон, Іаахім [«Адкуль грэх?», «Францыск Скарына» («Напісанае застаецца») А.Петрашкевіча], Карандышаў, Флор Фядулыч («Беспасажніца», «Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Фарацьеў («Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай) і інш.
А.А.Савіцкая.
т. 15, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)