ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае аптычныя з’явы ў тонкіх слаях празрыстых матэрыялаў, распрацоўвае прынцыпы і метады стварэння яе элементарнай базы. Узнікла ў 1960-я г. на стыку электронікі, лазернай тэхнікі і класічнай оптыкі. Элементы І.о. выкарыстоўваюцца для стварэння аптычных ліній сувязі (гл Аптычная сувязь), аптычных сістэм апрацоўкі і перадачы інфармацыі, у аптычных камп’ютэрах і інш.

Да І.о. адносяць прылады і прыстасаванні, дзе традыцыйныя правады і кабелі заменены на аптычныя хваляводы, звычайныя электронныя схемы — на аптычныя інтэгральныя схемы, розныя элементы якіх размешчаны на агульнай падложцы і злучаны паміж сабой танкаплёначнымі аптычнымі хваляводамі. Хваляводы ўяўляюць сабой празрыстыя плоскапаралельныя пласцінкі (ці слаі) з паказчыкам пераламлення большым, чым у падложцы і навакольным асяроддзі. Іх атрымліваюць высокачастотным распыленнем дыэлектрыкаў, дыфузіяй, іонным абпрамяненнем (імплантацыяй) і інш.

На Беларусі даследаванні па І.о. вядуцца з 1972 у Ін-це прыкладной оптыкі (пад кіраўніцтвам А.М.Ганчарэнкі), у Ін-це электронікі Нац. АН і інш.

Літ.:

Гончаренко А.М., Редько В.П. Введение в интегральную оптику. Мн., 1975;

Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;

Хансперджер Р. Интегральная оптика. Теория и технология: Пер. с англ. М., 1985.

А.​М.​Ганчарэнка.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (19.1.1900, в. Глотаўка Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.7.1973),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Друкаваўся з 1914. Зб-кі вершаў «Па ступенях часу» (1921), «Правады ў саломе» (1927), «Правінцыя» (1930), «Майстры зямлі» (1931), «Наказ сыну» (1943), «Вершы і песні» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., паэмы «Чатырыста мільёнаў» (1921), «Чатыры жаданні» (1936). За вершы папулярных песень «Кацюша», «І хто яго знае...» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943. Яго паэзіі, прасякнутай мудрай і трапяткой любоўю да роднага краю і яго людзей, уласцівы напеўнасць і меладычнасць. Аўтар кніг «Пра паэтычнае майстэрства» (1952), «Пра паэтаў, пра вершы, пра песні» (1968), аўтабіягр. кнігі «На Ельнінскай зямлі» (1971—72). На рус. мову пераклаў зб-кі «Выбраныя вершы» (1937) і «Хлопчык і лётчык» (1951) Я.​Купалы, «Тры паэмы» (1946), «Вершы» (1947), «Выбранае» (1948), «Граніца: Беларуская хроніка» (1955) А.​Куляшова, паэму «Шчаслівая дарога» (1935) А.​Александровіча, паэму «Тарас на Парнасе» і інш. Шэраг вершаў прысвяціў Беларусі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1981—82;

Бел. пер. — Выбраныя творы Мн., 1952.

Літ.:

Твардовский А.Т. Поэзия Михаила Исаковского. М., 1978.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.В.Ісакоўскі.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ФАРТА ШКАЛА́,

служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.​Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл. табл.).

Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта Скорасць ветру, м/с Характарыстыка ветру
0 0—0,2 Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1 0,3—1,5 Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2 1,6—3,3 Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3 3,4—5,4 Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4 5,5—7,9 Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5 8—10,7 Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6 10,8—13,8 Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7 13,9—17,1 Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8 17,2—20,7 Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9 20,8—24,4 Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10 24,5—28,4 Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11 28,5—32,6 Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12 больш за 32,7 Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)