ГІСТАРЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

рэальны рух і змяненне пэўнага аб’екта ў часе і прасторы, што ахопліваюць усе стадыі яго развіцця: узнікненне, станаўленне, сцвярджэнне, распад і гібель. Як працэс развіцця чалавечага грамадства гістарычны працэс характарызуецца ўласцівай яму ўнутр. неабходнасцю, г.зн. наяўнасцю пэўнай заканамернасці этапаў, фаз, перыядаў і г.д., а таксама аб’ектыўнай накіраванасцю, пад якой разумеецца асн. тэндэнцыя змяненняў у грамадстве на ўсім працягу яго існавання. Такая накіраванасць адкрывае магчымасць падвядзення на кожнай ступені гістарычнага працэсу некаторых вынікаў яго ўздзеяння на ўмовы жыцця людзей у матэрыяльным, духоўным, паліт. і інш. аспектах. Існуюць розныя падыходы да разумення крыніцы гістарычнага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму звязваюць яго з асобай творцы або ўяўляюць гісторыю як самаразвіццё духу. Пашыраны канцэпцыі, паводле якіх гістарычны працэс азначае аб’ектыўны рух і змену розных формаў грамадскага жыцця пад уплывам прычын, якія знаходзяцца не за яго межамі, а ў ім самім. Напр., дыялектычны матэрыялізм бачыць крыніцу гістарычнага працэсу ў супярэчнасцях спосабу вытв-сці матэрыяльных даброт, якія вырашаюцца праз барацьбу грамадскіх класаў з антаганістычнымі (непрымірымымі) інтарэсамі; аднак ход гісторыі не спыняецца ні са змяненнем сац.-класавай структуры грамадства, ні з дасягненнем ім розных мэт (рэалізацыяй ідэалаў сац. справядлівасці, сац. роўнасці, стварэннем іншых умоў для гарманічнага развіцця асобы). Існуюць і такія інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу, у якіх ён уяўляецца як вынік складанага ўзаемадзеяння шматлікіх па сваёй прыродзе фактараў, найперш сучаснай навукі, тэхналогіі, інфарм. сістэм і г.д.

Літ.:

Кареев Н.И. Основные вопросы философии истории. Ч. 2. 3 изд. СПб., 1897;

Ракитов А.И. Историческое познание: Систем.-гносеол. подход. М., 1982;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;

Barraclough G. Main trends in history. New York, 1979.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДЫ,

вынік пазнання прадметаў і з’яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Як ідэальнае выражэнне ў знакавай форме аб’ектыўных уласцівасцей і сувязей свету, прыроды і грамадства, веды з’яўляюцца перадумовай і непасрэднай мэтай працэсу пазнання, авалодання вопытам і разуменнем, неабходнымі для спасціжэння аб’ектыўнай ісціны і стваральна-творчай дзейнасці людзей. У ходзе гэтага працэсу ажыццяўляецца пераход ад няведання да ведаў, ад аднаго ўзроўню пазнання да другога, больш высокага і дасканалага. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей — ідэй або форм ад невыразнага і няўстойлівага свету з’яў. Арыстоцель і Платон лічылі, што веды можна мець толькі аб сапраўдным існым («свеце па ісціне»), а зменлівы пачуццёвы вопыт («свет па меркаванні») з’яўляецца крыніцай ілюзій, меркавання і веры. І.Кант на аснове аналізу структуры і межаў навук. пазнання аддзяляў веды ад веры, меркавання, спекулятыўнага мыслення і такіх форм свядомасці, як міф, мова, мастацтва. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання безасобаснага (сусветнага, аб’ектыўнага) духу, пачынаючы з акта вызначэння пачуццёва дадзеных «рэчаў» і канчаючы «абсалютным веданнем», якое абумоўлівае ўнутр. развіццё ўсіх частак духоўнай культуры чалавецтва — навукі, маралі, рэлігіі, мастацтва і інш. Рацыянальныя элементы гэтага падыходу ўвайшлі ў марксісцкую канцэпцыю ведаў, паводле якой яны — прадукт гіст. развіцця і адлюстравання, характэрнага для ўсіх форм практычнага і духоўнага засваення свету. Прадстаўнікі крытычнага рацыяналізму падкрэслівалі цэласнасць навук. ведаў, разглядалі іх як непарыўны крытычны дыялог паміж рознымі тыпамі навук. тэорый, паміж навукай і ненавукай. Паводле М.Шэлера, веды — гэта акт узыходжання і саўдзелу (любові), які суправаджаецца імгненным спасціжэннем вышэйшай каштоўнасці аб’екта; адваротны шлях ад вышэйшай да ніжэйшай каштоўнасці — нянавісць. А.Конт сфармуляваў «закон трох стадый» гіст. развіцця, паводле якога ўсе думкі людзей праходзяць 3 станы: тэалагічны (рэлігія), метафізічны (філасофія) і «пазітыўнага сінтэзу» (навука). Аб’ектыўную неабходнасць і выключную ролю ведаў у духоўным узвышэнні асобы, удасканаленні сац.-паліт. і нац.-культ. форм жыцця грамадства сцвярджалі бел. філосафы і мысліцелі Ф.​Скарына, С.​Будны, А.​Волан, А.​Доўгірд, М.​Пачобут-Адляніцкі, К.​Семяновіч, А.​Скарульскі, К.​Нарбут, М.​Сматрыцкі, В.​Цяпінскі, С.​Шадурскі і інш.

Працяглая эвалюцыя чалавечых уяўленняў аб свеце вызначыла шматузроўневы характар ведаў. Як элементы іх структура ўключае паняцці, катэгорыі, тэорыі і інш. формы. Назапашванню навук. ведаў спрыяе пастаяннае ўдасканаленне метадаў навук. даследаванняў, якія падзяляюцца на агульналагічныя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя і г.д.), тэарэтычныя (фармалізацыя, ідэалізацыя, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага і г.д.) і эмпірычныя (назіранне, вымярэнне, эксперымент, фіз. мадэліраванне і інш.). Адрозніваюць веды данавуковыя (звычайныя), што канстатуюць факты і вызначаюць штодзённыя паводзіны чалавека, і навуковыя, якія даюць тлумачэнне фактаў, асэнсаванне іх у сістэме паняццяў дадзенай навукі, навук. тэорыі. Акрамя таго ў грамадстве існуюць веды міфалагічныя, мастацкія, рэліг. і інш. (гл. Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Пазнавальная роля ведаў узрастае з камп’ютэрызацыяй усіх сфер вытв. і духоўна-культ. дзейнасці, што дазваляе перадаваць, захоўваць, кадзіраваць і пераўтвараць разнастайную і багатую інфармацыю, ствараць спец. банкі даных, экспертныя сістэмы і інш. Працэсы атрымання, абгрунтавання і практычнай рэалізацыі ведаў вывучаюцца логікай, метадалогіяй, гнасеалогіяй, псіхалогіяй, а таксама спец. навук. дысцыплінамі (навуказнаўства, сацыялогія ведаў, інфарматыка, кагнітыўная інжынерыя; гл. таксама Свядомасць, Ідэальнае, Пазнанне, Тэорыя пазнання). Пэўныя прац. веды, умельствы і навыкі, правілы і нормы грамадскіх паводзін перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная нар. творчасць, сямейнае выхаванне і інш.).

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафес. ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі ў сферы асноў Навук. практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Пры гэтым ставіцца задача сумяшчэння нац., культ. і рэгіянальнай асноў адукацыі з арыентацыяй на засваенне вышэйшых дасягненняў нац. і сусв. культуры, забеспячэння цеснага адзінства адукацыйных і выхаваўчых задач.

Літ.:

Лекторский В.Л. Субъект, объект, познание. М., 1980;

Ведин Ю.П. Познание и знание. Рига, 1983;

Полани М. Личностное знание: Пер. с англ. М., 1985;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Героименко В.А., Лазаревич А.А., Титаренко Л.Г. Знание. Компьютер. Общество. Мн., 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТАД (ад грэч. methodos шлях даследавання або пазнання, тэорыя, вучэнне),

спосаб пазнання, сукупнасць прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэт. асваення рэчаіснасці. М. могуць быць прыёмы навук. даследавання і маст. творчасці, сістэмы аперацый у тэхніцы, прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. У філасофіі пад М. разумеюць пэўны спосаб пабудовы і абгрунтавання сістэмы філас. і навук. ведаў. Зыходныя ўяўленні аб М. сфарміраваны ў антычнасці, але сістэмнае вывучэнне і распрацоўка М. адносіцца да Новага часу і звязана з узнікненнем і развіццём эксперым. навукі. Пачынальнік метадалогіі доследнай навукі Ф.​Бэкан параўноўваў М. з паходняй, якая асвятляе шлях у цемры. Выключная рознатыповасць аб’ектаў навукі і чалавечай практыкі абумоўліваюць разнастайнасць М., таму спробы выпрацаваць універсальны, прыдатны да пазнання ўсіх з’яў і аб’ектаў М. не прывялі да поспеху. Адрозніваюць агульныя М., якія выкарыстоўваюцца ў працэсе як навук., так і звычайнага пазнання, а таксама ў практычнай дзейнасці, і навук. М., уласцівыя толькі навук. пазнанню. Навук. М., у сваю чаргу, падзяляюцца на агульнанавуковыя, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, і канкрэтна-навук., або спецыяльныя, якія ўжываюцца ў рамках асобных навук. дысцыплін. Тэндэнцыя інтэграцыі навук. ведаў вядзе да пашыранага выкарыстання М. адных навук у інш. навуках, што актуалізуе пытанне пра М. міждысцыпліннага даследавання. У залежнасці ад суаднясення з вопытам вылучаюць М. эмпірычныя і тэарэтычныя; адрозніваюць таксама лагічныя М., звязаныя з абстрактным, разумовым узроўнем пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, аналогія і інш.), і практычныя М., непасрэдна звязаныя з матэрыяльнай, практычна-прадметнай дзейнасцю (назіранне, рэальны эксперымент і інш.). Павялічваецца роля М. навук.-тэхн. творчасці, дзе навук. пошук спалучаецца з вынаходствам і дзе творца спалучае ў сабе якасці даследчыка і інжынера. У залежнасці ад мэты М. падзяляюць на эўрыстычныя (скіраваныя на адкрыццё новага) і алгарытмічныя. Паводле характару дэтэрмінацыі адрозніваюць адназначна дэтэрмінаваныя і імавернасныя М. Ужываецца таксама класіфікацыя М. на колькасныя і якасныя. У залежнасці ад сферы выкарыстання бываюць М. хім., фіз., біял., лінгвістычныя, сацыялагічныя і інш. Развіццё М., іх ускладненне і дыферэнцыяцыя абумовілі стварэнне вучэння аб М. — метадалогіі.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Степин В.С., Елсуков А.Н. Методы научного познания. Мн., 1974;

Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)