ГЕКТА́Р (ад гекта... + ар),

адзінка плошчы ў метрычнай сістэме мер. Пазначаецца га. 1 га = 100 ар = 10 000 м².

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЦО́ВАЯ ПЛО́ШЧА ў Санкт-Пецярбургу,

галоўная плошча горада, асн. звяно ў сістэме арх. ансамбляў яго цэнтра. Пачаткам фарміравання Д.п. стаў будынак Зімняга палаца (1754—62, арх. В.​В.​Растрэлі). У канцы 18 ст. паўд. бок плошчы рэканструяваны паводле праекта Ю.​М.​Фельтэна. Была намечана дугападобная форма плошчы, канчаткова замацаваная буд-вам грандыёзнага будынка Гал. штаба (1819—29, арх. К.​І.​Росі) з двайной праезнай аркай, у завяршэнні якой манум. калясніца. Зімні палац, арка Гал. штаба, Аляксандраўская калона надалі плошчы ўрачысты манум. характар. У 1837—43 з усх. боку Д.п. пастаўлены будынак Штаба гвардз. корпуса (арх. А.​П.​Брулоў). З 3 плошча раскрыта ў бок былой Адміралцейскай пл. і ўключаецца ў адзіны комплекс плошчаў цэнтра горада.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Дворцовая площадь: (Архитектура). Л., 1973.

Дварцовая плошча ў Санкт-Пецярбургу.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ ПЛО́ШЧА ў Мінску,

адм.-грамадскі цэнтр сталіцы. Размешчана ў пач. гал. дыяметра і асн. магістралі горада — Скарыны праспекта. Да 1991 наз. пл. Леніна. Прамавугольная ў плане (45 × 150 м), пл. 7 га. Ва ўсх. частцы — сквер партэрнага тыпу. Раён плошчы забудоўваўся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (захаваліся Мінскі касцёл Сымона і Алены, даходныя дамы канца 19 — пач. 20 ст.). Сучаснае арх. аблічча плошчы фарміруюць будынкі Дома ўрада Рэспублікі Беларусь, пед. ун-та (1953, у 1989 побач узведзены новы), трохпавярховых (1928—31) і галоўнага (1962) карпусоў БДУ, мінскага гарсавета (1964), інж. корпуса і станцыі Мінскага метрапалітэна (1984). З усх. боку на плошчу выходзяць бакавыя фасады гасцініцы «Мінск» (1957) і будынка Мінскага галоўнага паштамта. На плошчы (побач з касцёлам) устаноўлены мемар. знак на месцы гібелі Героя Сав. Саюза У.С.Амельянюка.

Незалежнасці плошча ў Мінску.

т. 11, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГУ́ТНАСЦЬ ГУ́КУ,

энергія, што пераносіцца гукавой хваляй праз дадзеную паверхню за адзінку часу. Сярэдняе па часе значэнне М.г., аднесенае да адзінкі плошчы, наз. інтэнсіўнасцю гуку.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАЎША́Р’Е,

паўшар’е Зямлі, у межах якога суша развіта найб. шырока (займае 47% плошчы М.п). Цэнтр яго размешчаны на ПдЗ Францыі. Гл. таксама Акіянскае паўшар’е.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКР (англ. acre),

адзінка зямельнай плошчы ў краінах, якія карыстаюцца англ. сістэмай мер (Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Аўстралія і інш.). 1 акр = 4840 кв. ярдам = 4046,86 м².

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РА МНО́СТВА,

абагульненне паняцця даўжыні адрэзка, плошчы плоскай фігуры і аб’ёму цела на мноствы любой прыроды. Мае важнае значэнне ў функцыянальным аналізе, тэорыі імавернасцей, тэорыі гульняў і інш.

Найб. важнай з М.м. з’яўляецца мера Лебега, уведзеная А.Л.Лебегам пры абагульненні паняцця інтэграла (1902). Напр., на плоскасці меру Лебега квадрата лічаць роўнай яго плошчы. Асн. ўласцівасці: мера любога мноства неадмоўная; мера сумы канечнай або злічонай сістэмы папарна неперасякальных мностваў (не маюць агульных элементаў) роўная суме іх мер; пры перамяшчэнні мноства як цвёрдага цела яго мера не змяняецца.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПО́КРЫЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

вырошчванне дадатковай падсяўной культуры на адной плошчы з асноўнай. Падпокрыўная культура застаецца расці на полі пасля ўборкі асн. культуры (убіраюць на павышаным зрэзе), якая мае больш кароткі перыяд вегетацыі і менш зацяняе падпокрыўныя расліны. П.п. даюць магчымасць атрымліваць 2 ураджаі з адной плошчы за вегетацыйны перыяд. На Беларусі ў якасці падпокрыўных культур выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя травы (сырадэля, райграс аднагадовы, канюшына чырвоная, люцэрна пасяўная, цімафееўка і аўсяніца лугавыя), якія добра пераносяць зацяненне ў першай палове вегетацыі і не прыгнечваюць асн. культуру.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.​І.​Жураўская.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТАЛАНД, Ёталанд (Götaland),

гістарычная назва паўд. часткі Швецыі (назва ад паўн.-герм. племя гаўтаў, ці гётаў, ётаў, якія ў старажытнасці насялялі в-аў Готланд). Займае 22% плошчы краіны, дзе жыве амаль 50% яе насельніцтва.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)