МІПО́РА,

пенапласт на аснове мачавіна-фармальдэгіднай смалы. Вогнеўстойлівая, недастаткова ўстойлівая да ўздзеяння мінер. кіслот і раствораў шчолачаў, гіграскапічная. Вырабляюць у выглядзе блокаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў буд-ве як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял. Гл. таксама Газанапоўненыя пластыкі.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРАЎТВАРА́ЛЬНІКІ,

асобныя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для атрымання порыстых (газанапоўненых) матэрыялаў. П. з’яўляюцца арган. (т.зв. парафоры) і неарган. злучэнні (напр., гідракарбанат натрыю), што вылучаюць газы пры тэрмічным раскладанні. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў (гл. Газанапоўненыя пластыкі), сітаватай гумы, пенабетону і інш.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЯ́НАВА (Алена Іванаўна) (13.7.1819 — 26.10.1857),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1837). Да 1854 у Пецярбургскай балетнай трупе. Прадстаўніца рамант. балета. Выкананне Андраянавай вызначалася віртуознасцю класічнага і характарнага танцаў, пантамімнай выразнасцю, тэмпераментам, дасканаласцю пластыкі. Першая рус. выканальніца партый Жызэлі («Жызэль» А.​Адана), Пахіты («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза) і інш.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКВІ́Т (франц. biscuit ад лац. bis coctus двойчы спечаны),

1) непакрыты палівай фарфор, які найчасцей выкарыстоўваюць для стварэння фарфоравай мяккай пластыкі. З сярэдзіны 18 ст. ў Германіі, пазней у Расіі, Францыі, Даніі з бісквіту выраблялі настольныя скульпт. фігуры і групы.

2) Кандытарскі выраб; печыва з мукі, узбітых яек, цукру і інш.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМ’Я́НАЎ (Анатоль Дзямідавіч) (25.11.1925, в. Усцінаўка Смаленскай вобл., Расія — 6.11.1972),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1963—72). Працаваў у станковай скульптуры. Сярод твораў: «Маладая калгасніца» (1962), «Маці» (1963), «Кубінец» (1964), «Паўночніца» (1965), партрэты Ф.​Кастра Рус, Я.​Коласа, У.​І.​Леніна і інш. Работам уласцівы абагульненасць пластыкі, манументальнасць вобразнага ладу.

А.Дзям’янаў. Маладая калгасніца. 1962.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Ірына Валер’еўна) (н. 5.4.1966, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел. АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.

І.Грыгарышына. Рэтра. 1996.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДНА»,

гасцініца ў Гродне. Пабудавана ў 1985 (арх. Ю.​Патапаў, У.​Папоў, У.​Еўдакімаў, Ю.​Раманаў). Разлічана на 500 месцаў. Сілуэт ступеньчатага 16-павярховага будынка актыўна ўспрымаецца з розных пунктаў горада. Жылы корпус складанай канфігурацыі і злучаны з ім будынак кінатэатра «Кастрычнік» утвараюць адзіны комплекс, кампазіцыя якога засн. на кантрасце вышыннай жылой часткі і гарызантальнай пластыкі вынесенага 2-павярховага аб’ёму і будынка кінатэатра. Жылыя нумары размешчаны вакол цэнтр. восі будынка — лесвічна-ліфтавага ядра.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВІ́НСКІ (Міхаіл Аўрамавіч) (22.1.1913, г. Гомель — люты 1980),

бел. самадзейны разьбяр па дрэве. З 1954 жыў у Жлобіне. Працаваў у станковай скульптуры. Творы адметныя выразнасцю пластыкі і вобразнай характарыстыкай персанажаў («Разведка», 1936; «У дазоры», 1937; «У абарону міру», 1939; «Марскі дэсант», 1947; «Партызан», 1948; «Рэйкавая вайна», 1955; «Праца», 1959; «Нарачанскі рыбак», 1960; «Салігорцы», 1965; «Хірург», 1967; «Ля партызанскага кастра», 1970). Вырабляў разны хатні посуд (дэкар. ваза «Багацце», 1965, і інш.).

М.Івінскі. Ля партызанскага кастра. 1970.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХЕ́ЕНКА (Анатоль Міхайлавіч) (н. 4.2. 1930, б.в. Сітнікі, Полацкі р-н Віцебскай вобл.),

бел. самадзейны разьбяр па дрэве. Працуе пераважна ў галіне дробнай пластыкі. Аўтар кампазіцый на фальклорныя, літ., гіст. тэмы. Творы вызначаюцца смелымі выразнымі ракурсамі, абагульненай плоскаснай манерай разьбы: «Хадакі да У.​І.​Леніна», «Гусляр», «Пойдзем у партызаны» (усе 1970), сувенірныя шахматы (1975), «Несцерка» (1976), «Дзед Талаш» (1977), «Партызаны» (1978), «Першае каханне» (1979), «Лявоніха» (1980) і інш.

А.​Міхеенка. Партызаны. 1978.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАПЛА́СТЫ,

пластмасы на аснове амінаальдэгідных смол. Вырабляюцца ў выглядзе прэс-парашкоў, слаістых пластыкаў ці сітаватых матэрыялаў. Прэс-парашкі маюць у якасці напаўняльнікаў драўнінную і кварцавую муку, каалін; слаістыя пластыкі — ніткі, жгуты, тканыя і нятканыя палотны, азбест, паперу. Не маюць паху, стойкія да дзеяння слабых кіслот і шчолачаў, ацэтону, спірту, цепла-, святло- і водаўстойлівыя, дыэлектрыкі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці электратэхн. вырабаў (карпусы прылад, ізаляцыйныя матэрыялы), пластыкаў для мэблі і інтэр’ераў, драўнінна-стружкавых пліт, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)