змена паказчыка пераламлення святла ў крышталях, змешчаных у эл. поле, прапарцыянальная напружанасці прыкладзенага поля. Вядзе да ўзнікнення падвойнага праменепераламлення і яго змены. Выкарыстоўваецца ў сістэмах кіравання светлавымі патокамі з дапамогай эл. палёў (напр., мадуляцыя святла). Выяўлена ням. фізікам Ф.Покельсам (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́,
сукупнасць маляўнічых светлавых з’яў у атмасферы перад усходам Сонца (ранішняя) або пры яго захадзе (вячэрняя). Інтэнсіўнасць афарбоўкі залежыць ад наяўнасці ў паветры пылу, вільгаці. З. абумоўлена складаным спалучэннем працэсаў паглынання, рассеяння, дыфракцыі і пераламлення сонечных прамянёў у атмасферы. Колер З. з’яўляецца мясц. прыкметай надвор’я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАРЫЯ́НТНЫЯ МЕ́ТАДЫў оптыцы,
прамыя бескаардынатныя метады апісання розных фіз. з’яў, заснаваныя на выкарыстанні вектарна-тэнзарнага злічэння і лінейнай алгебры. К.м. прынцыпова не патрабуюць выбару канкрэтнай сістэмы каардынат, што значна спрашчае форму запісу матэм. суадносін і надае ім агульны характар. Распрацаваны ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава.
На аснове К.м. прапанаваны арыгінальны падыход да апісання палярызацыі святла, каварыянтная фармулёўка законаў адбіцця і пераламлення святла; вывучаны аптычныя ўласцівасці паглынальных і магнітных крышталёў; выяўлены асн. заканамернасці ў оптыцы гіратропных асяроддзяў. З дапамогай К.м. дадзена малекулярнае абгрунтаванне адбіцця і пераламлення святла (Б.А.Соцкі), пабудавана тэорыя неаднародных хваль, прадказаны Фёдарава зрух.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Яго ж. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,
цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.
Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл.Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл.Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл.Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.
В.В.Валяўка.
Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРТУ́РА (ад лац. apertura адтуліна),
дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ СІ́ЛА,
фізічная велічыня, якая характарызуе пераламляльную здольнасць аптычнай сістэмы. Абазначаецца D. Аптычная сіла лінзы D = n/F, дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца лінза, F — фокусная адлегласць. Аптычная сіла збіральных аптычных сістэм дадатная, рассейвальных — адмоўная. Для сістэмы з дзвюх лінзаў D = D1 + D2 — dD1D2, дзе d — адлегласць паміж заднім гал. фокусам першай лінзы і пярэднім гал. фокусам другой. Адзінка аптычнай сістэмы дыяптрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НІЮ ДЫАКСІ́Д,
злучэнне германію з кіслародам, GeO2. Белыя крышталі, tпл 1115 °C, шчыльн. 6277 кг/м³. Існуе ў шклопадобным стане, шчыльн. 3667 кг/м³. Узаемадзейнічае з фторыставадароднай і салянай к-тамі, растворамі шчолачаў (утварае солі метагерманіевай H2GeO3, ортагерманіевай H4GeO4 і інш.к-т). Атрымліваюць гідролізам тэтрахларыду германію. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (высокія каэф.пераламлення і празрыстасць для інфрачырвоных прамянёў), эмалей, паліваў. Перспектыўны матэрыял для шкловалаконнай оптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).
Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл.Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;
Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯМЕ́Р,
прылада для вызначэння вільготнасці газаў, вадкасцей, цвёрдых і сыпкіх матэрыялаў. Найб. пашыраны вільгацямеры, дзеянне якіх заснавана на змяненні фіз. уласцівасцей рэчываў (электраправоднасці, дыэлектрычнай пранікальнасці, паказчыка пераламлення і інш.) у залежнасці ад вільготнасці (напр., ёмістасныя вільгацямеры). Ёсць вільгацямеры, дзеянне якіх засн. на раздзяленні (экстракцыяй, сушкай і інш.) рэчыва на ваду і сухую рэшту; радыеізатопныя (для цвёрдых рэчываў), дзе выкарыстоўваюцца з’явы паглынання гама-прамянёў і запавольвання нейтронаў, а таксама вільгацямеры, заснаваныя на з’яве ядзернага магнітнага рэзанансу. Вільготнасць газаў (у т. л. паветра) вызначаюць гігрометрамі і псіхрометрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ АКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, які вывучае законы распаўсюджвання гуку на аснове ўяўленняў пра гукавыя прамяні (лініі, уздоўж якіх распаўсюджваецца гукавая энергія). Найб. просты выгляд (прамыя лініі) прамяні маюць у аднародным ізатропным асяроддзі. Геаметрычная акустыка — гранічны выпадак хвалевай акустыкі пры пераходзе да бясконца малой даўжыні хвалі; законы геаметрычнай акустыкі выконваюцца ў тых выпадках, калі можна не ўлічваць дыфракцыю хваль. Для гукавых прамянёў справядлівы тыя ж законы адбіцця і пераламлення, што і для светлавых. Ураўненні геаметрычнай акустыкі падобныя да ўраўненняў геаметрычнай оптыкі. Выкарыстоўваецца ў арх. акустыцы, гідралакацыі і інш.