Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛАЧКО́ВЫ МЕХАНІ́ЗМ,
механізм з вядучым звяном (кулачком), якое перамяшчае вядзёнае звяно (штурхач). Дае магчымасць перадаць практычна любы рух (зададзены закон руху) пры бесперапынным вярчальным руху аднаго або некалькіх вядучых звёнаў. Найб. пашыраны 3-звёнавыя К.м. з дадатковым — злучальным — звяном. Выкарыстоўваюцца ў сістэме газаразмеркавання рухавікоў унутр. згарання, у металарэзных станках, машынах-аўтаматах і інш.
Схемы кулачковых механізмаў: а — з ролікавым штурхачом; б — з талерчатым штурхачом; в — знешні выгляд закрытага кулачковага механізма; 1 — кулачок; 2 — штурхач; 3 — злучальнае звяно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,
даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,
від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАКТА́ЦЫЯ,
заключэнне кантракта—дагавора паміж прадпрыемствамі, якія выпускаюць прадукцыю, і арг-цыямі, што ажыццяўляюць нарыхтоўку і збыт гэтай прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь па дагаворы вытворца с.-г. прадукцыі абавязваецца перадаць нарыхтоўшчыку гэтай прадукцыі (кантрактанту) ва ўласнасць вырабленую ім прадукцыю ў тэрміны, колькасці і асартыменце, прадугледжаных дагаворам, а кантрактант абавязваецца аказаць вытворцу садзейнічанне ў вытв-сці с.-г. прадукцыі, прыняць яе і выплаціць за яе пэўную цану. На кантрактанта ўскладваецца таксама абавязак вывазу прадукцыі, калі інш. не прадугледжана дагаворам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯфатаграфічная,
увядзенне ў фатаграфічную эмульсіюспец. дамешак (сенсібілізатараў) для павелічэння агульнай святлоадчувальнасці і пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці фотаматэрыялу. Бывае аптычная і хімічная.
Аптычная С. ажыццяўляецца дамешваннем у фотаэмульсію рэчыва, здольнага перадаць галагенідам серабра паглынутую энергію святла (непасрэдна не ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыі). Павышае святлоадчувальнасць матэрыялаў у вобласці паглынання сенсібілізатара. Хімічная С. грунтуецца на адсарбцыйных працэсах у месцах парушэння крышталічнай рашоткі галагеніду серабра і хім. узаемадзеянняў святлоадчувальнага рэчыва з уведзенымі дамешкамі. Павышае агульную святлоадчувальнасць фатагр. эмульсій без пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРСО́ЦКІ (Вячаслаў Віктаравіч) (н. 9.6.1955, Мінск),
бел. жывапісец. Сын В.І.Вярсоцкага. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1976). Працуе ў жанры пейзажа, піша нацюрморты, партрэты. Творы вызначаюцца каларытам, выразнай жывапісна-экспрэсіўнай пластыкай, уменнем перадаць непаўторныя адценні розных станаў прыроды. Сярод работ: «Мінск. Сімфонія восені», «Вясна. Вулачка верхняга горада», «Мінск салютуе», «Спрадвечнае», «Мокрыя дрэвы», «Кветкі», «На Мацея зіма пацее», «Кастрычнік», «Ясны дзень», серыя «Краскі беларускіх пушчаў», «Нацюрморт з чырвонай рэдзькай», «Памяць»; партрэты «Маці», «Студэнткі» (усе 1980—90-я Г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРУЧЭ́ННЕ,
цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧА́Н (Кастусь Іванавіч) (н. 4.3.1950,8. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў БДУ (1975). Працуе ў жанры пейзажа. У творах, якія вызначаюцца мяккім стрыманым каларытам, імкненне перадаць любоў да роднай зямлі, хрысц. духоўнасць бел. народа: «Стрыгалі», «Зімовы вечар», «Зіма ў Раўбічах», «Удавец», «Апошні шлях хрысціяніна», «Зямля мая, зямля маіх продкаў» (усе 1980-я г.); «Пад абразом», «Хрэсны ход ва Уселюбе», «Зіма ў Навагрудку», «Вада, зямля і неба», «Гара Міндоўга», «Вясна ў Лаўрышаве» (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],
уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.