ПАТРАНА́Ж,

форма папячыцельства, што ўстанаўліваецца над паўналетнім дзеяздольным грамадзянінам, які па стане здароўя не можа самастойна ажыццяўляць і абараняць свае правы і выконваць абавязкі. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, папячыцель (памочнік) паўналетняга дзеяздольнага грамадзяніна можа быць прызначаны органам апекі і папячыцельства толькі са згоды такога грамадзяніна, Распараджэнне папячыцелем маёмасцю падапечнага ажыццяўляецца на аснове дагавора-даручэння або даверанага кіравання, заключанага з падапечным; ажыццяўленне здзелак па ўтрыманні і задавальненні быт. патрэб падапечнага, робіцца папячыцелем са згоды падапечнага. П. спыняецца па патрабаванні падапечнага.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЁЙТАНА ЗАКО́Н,

антытрэстаўскі закон, прыняты кангрэсам ЗША і падпісаны прэзідэнтам Т.​В.​Вільсанам 15.10.1914. Назва ад імя аўтара законапраекта Г.​Клейтана. Прадугледжваў абмежаванне дзейнасці трэстаў і стварэнне Федэральнай гандл. камісіі па кантролі над імі. Фармальна вызваляў рабочыя і фермерскія арг-цыі ад праследаванняў, якім яны падвяргаліся паводле антытрэстаўскага закона Шэрмана 1890.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕПРАВО́Д,

мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз. эстакадай.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.​А.​Траццякова.

Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. ін-та.

Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЕЛ (Іван Васілевіч) (21.5.1928, в. Какчаны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 30.1.1970),

бел. драматург. Скончыў БДУ (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). Настаўнічаў, у 1963—68 працаваў у НДІ педагогікі Мін-ва асветы БССР, Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў, Камітэце СМ БССР па друку. Друкаваўся з 1957. У драме «Папараць-кветка» (паст. 1957), прысвечанай барацьбе працоўных Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне, арганічна спалучаецца жыццёвая праўдзівасць характараў герояў і падзей з алегарычнай вобразнасцю фалькл. матываў. П’еса «Канчане — суседзі мае» (паст. 1961 пад назвай «Над хвалямі Серабранкі») пра жыццё бел. вёскі.

Тв.:

Над хвалямі Серабранкі. Мн., 1963;

Папараць-кветка. Мн., 1970.

Літ.:

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 2. Мн., 1972.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЦІНАМІДАДЭНІНДЫНУКЛЕАТЫ́Д (НАД),

кафермент, які прысутнічае ў жывых клетках і ўваходзіць у склад некат. дэгідрагеназ. Адкрыты А.Гардэнам і англ. біяхімікам У.​Іонгам (1904). Мае адэнін, амід нікацінавай к-ты, па 2 астаткі рыбозы і фосфарнай к-ты. Функцыянуе на пач. этапах біял. акіслення тлушчу, бялкоў і вугляводаў. У каталізуемых дэгідрагеназамі рэакцыях Н. і яго фасфарыліраванае вытворнае НАД-фасфат з’яўляюцца прамежкавымі акцэптарамі і пераносчыкамі электронаў і вадароду. У большасці тканак біясінтэз Н. ажыццяўляецца шматферментнай сістэмай з нікацінаміду, нікацінавай к-ты, у печані і нырках — з трыптафану.

Літ.:

Фридрих П. Ферменты: четвертичная структура и надмолекулярные комплексы: Пер. с англ. М., 1986;

Браунштейн А.Е. Процессы и ферменты клеточного метаболизма М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),

мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́САЎ (Аляксей Васілевіч) (1718—20.2.1772),

расійскі архітэктар. Узначальваў арх. частку Камісіі па мураваным буд-ве С.-Пецярбурга і Масквы. Кіраваў стварэннем ген. плана Пецярбурга (1763—69), склаў праект рэканструкцыі адміралцейскай ч. горада і праекты перадмаставых плошчаў у месцы перакрыжавання р. Фантанка з гар. магістралямі. Працаваў над праектамі планіроўкі Казані (1766), Цвяры (1767), Астрахані (1768), Харкава (1768) і інш.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЁТАЧКА»,

бел. нар. гульня. Гульцы (ад 6 і болей) выбіраюць «першага» і «расплятальніка». «Расплятальнік» адыходзіць убок і адварочваецца. Гульцы становяцца ў кола тварам да цэнтра, пачынаючы з «першага», па чарзе заплятаюцца (пераступаюць праз рукі, пераносяць іх над галавой і інш.), не расчапляючы рук, у адзін клубок, пасля завуць «расплятальніка», які павінен іх расплесці.

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)