СВЕ́ДКА ў юрыспрудэнцыі,
асоба, адносна якой ёсць падставы меркаваць, што ёй вядомы нейкія акалічнасці па крымін., адм. або цывільнай справе, выкліканая органам, што вядзе следства, справу аб адм. правапарушэнні, або судовы працэс, для дачы паказанняў. Асоба, выкліканая ў якасці С., абавязана з’явіцца па выкліку і даць праўдзівыя паказанні. За адмову або ўхіленне ад дачы паказанняў, за дачу заведама лжывага паказання па крымін. і цывільных справах С. нясе крымін. адказнасць у адпаведнасці з законам. Працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае кола асоб, якія не падлягаюць допыту ў якасці С.: падазроныя; асобы, што па ўзросце, фіз. або псіхічным стане здароўя не здольны правільна ўспрымаць акалічнасці, што належаць высвятленню па справе, і некат. інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 14, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПА СУ́ВЯЗЯХ З СУАЙЧЫ́ННІКАМІ ЗА РУБЯЖО́М, Беларускае таварыства «Радзіма»,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1964 (у 1960—64 дзейнічала Бел. секцыя к-та «За вяртанне на Радзіму і развіццё культ. сувязяў з суайчыннікамі»). У 1976 пераўтворана ў Бел. т-ва «Радзіма». Сярод заснавальнікаў Р.Шырма і М.Танк. Асн. кірункі дзейнасці: культ. і эканам. кантакты з аб’яднаннямі землякоў за мяжой і асобнымі суайчыннікамі, перасылка за мяжу л-ры, падручнікаў, кінафільмаў, фотавыставак і інш., арганізацыя курсаў па вывучэнні бел. гісторыі, культуры і мовы, гуманіт. дапамогі ад замежных суайчыннікаў жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 і інш. Т-ва заснавальнік газ. «Голас Радзімы».
т. 2, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАЗБО́Р, ношка,
збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н. перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.
т. 10, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЛЕР (англ. dealer),
пасрэднік, які выконвае гандл. аперацыі ад свайго імя і за свой кошт. У фін.-крэдытных адносінах дылерства азначае дзейнасць Д. па ажыццяўленні біржавых і пазабіржавых здзелак ад яго імя і за яго кошт.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНЫ ЎЛІ́К,
дэталізаваны бухгалтарскі ўлік гасп. аперацый і сродкаў прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў з дапамогай аналітычных рахункаў. Ажыццяўляецца ў натуральных і вартасных паказчыках, для аператыўнага кіравання і справаздачнасці. Дае магчымасць аператыўна сачыць за наяўнасцю кожнага віду таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, за разлікамі з пастаўшчыкамі, падрадчыкамі, дэбіторамі, крэдыторамі, падсправаздачнымі асобамі і інш. Па звестках аналітычнага ўліку можна рабіць справаздачныя калькуляцыі сабекошту прадукцыі, а па натуральных паказчыках выяўляць лішкі ці недахоп сродкаў.
т. 1, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎШЧЫНА, галаўшчызна,
адзін з відаў пакарання, прадугледжаны крымінальным правам ВКЛ за забойства чалавека. Спаганялася ў выглядзе грашовага штрафу з вінаватага на карысць сваякоў забітага. Памеры штрафу залежалі ад саслоўнага становішча або пасады, якую займала ахвяра, часам і ад прафесіі забітага. За забойства па неасцярожнасці адказнасць вінаватага абмяжоўвалася толькі галоўшчынай. Закон асобна рэгламентаваў памер галоўшчыны па справах асоб нехрысціянскага веравызнання. У некат. выпадках яна вызначалася ў двайным памеры («совито»).
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,
найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал. ч. сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.
С.М.Ходзін.
т. 5, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1963 аб цывільнай адказнасці за шкоду,
міжнародны акт, прыняты на міжнар. дыпламатычнай канферэнцыі па цывільнай адказнасці за ядзерную шкоду 29.4—19.5.1963. У сувязі з тым, што ядзерныя аб’екты з’яўляюцца крыніцамі павышанай небяспекі, канвенцыя прадугледжвае абсалютную адказнасць за ядзерную шкоду незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці віны. Заключаны акт канферэнцыі падпісаў СССР.
т. 4, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ў Маскве.
Створаны ў 1991 як Цэнтр захоўвання сучаснай дакументацыі на базе дакументаў бягучых архіваў структурных падраздзяленняў ЦК КПСС, з 1999 сучасная назва. 1 500 000 млн. адзінак захоўвання за 1952 — жн. 1991. Зберагае дакументы па гісторыі паліт. партый, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. Сярод іх матэрыялы з’ездаў КПСС, пленумаў ЦК КПСС, Палітбюро і Сакратарыята ЦК КПСС, усесаюзных канферэнцый і нарад пры ЦК КПСС, структурных падраздзяленняў апарата, інфарм.-паліт. цэнтра і рэгіянальных бюро ЦК КПСС, міжнар. нарад і перагавораў з камуніст. і рабочымі партыямі. Захоўвае дакументы вышэйшых і цэнтр. органаў Кампартыі РСФСР за 1990—91, рэдакцый перыяд. выданняў ЦК КПСС, матэрыялы, рассакрэчаныя для Канстытуцыйнага суда Рас. Федэрацыі па «справе КПСС» за 1922—91. Дакументы па гісторыі КПБ знаходзяцца ў фондах Палітбюро, Сакратарыята і апарата ЦК КПСС, у фондзе-калекцыі «па справе КПСС».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 205—208.
Н.Г.Таміліна.
т. 13, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),
бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.
Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.
т. 9, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)