ВІЛАНЕ́ЛА, віланель (італьян. villanella ад лац. villanus сялянскі, вясковы),

лірычны верш цвёрдай страфічнай будовы. Бярэ вытокі ў сярэдневяковай італьян. і франц. песеннай паэзіі. Складаецца з шасці 3-радковых строф, сярэднія радкі якіх рыфмуюцца паміж сабою. Пачатковы і заключны радкі 1-й страфы, звязаныя кальцавой рыфмай, папераменна паўтараюцца ва ўсіх астатніх тэрцэтах. Завяршае віланелу радок 1-й страфы. У бел. паэзіі гэту страфічную форму выкарыстаў С.Панізнік у вершы «Дзень развітання».

А.А.Майсейчык.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Джавані Батыста (10.12.1538, г. Ферара, Італія — 7.10.1612), італьянскі паэт, тэарэтык л-ры і мастацтва. Праф. рыторыкі ў Падуі. Праславіўся трагікамедыяй «Верны пастух» (1590). Аўтар лірычных вершаў, мадрыгалаў, трактата-падручніка «Кампендыум трагікамічнай паэзіі» (1601), у якім сцвярджаў, што мэта паэзіі — не павучаць, а даваць асалоду, што залішні рацыяналізм супярэчыць правілам ант. аўтарытэтаў. Вытанчанасць стылю, пачуццёвасць у спалучэнні з метафарычнасцю робяць яго творчасць прадвесцем мастацтва барока.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РА (лац. mora прамежак часу, паўза),

у антычнай паэзіі адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада. Гл. ў арт. Антычнае вершаскладанне, Метрычнае вершаскладанне.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬПЯРО́ВІЧ (Навум Якаўлевіч) (н. 14.1.1948, г. Полацк),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1967—70). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працаваў у Наваполацку на радыёвяшчанні (1977—80). З 1981 — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё Беларусі па Віцебскай вобл. Друкуецца з 1967. Адзін з аўтараў калектыўнага зб. «Сцяжына» (1983). Выдаў кн. паэзіі «Брама» (1990) і «Востраў душы» (1995), у якіх боль і трывога за людзей свайго пакалення, спроба сродкамі лір. паэзіі адгукнуцца на клопаты нашага часу.

І.Д.Сіпакоў.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАВЕ́РШ (ад акра... + верш),

верш, у якім рытмічная выразнасць дапаўняецца зрокавай: першыя літары радкоў (радзей склады або словы) утвараюць слова ці нават фразу (звычайна імя аўтара або адрасата). Развіўся з магічных тэкстаў і стаў папулярны ў эпоху сярэднявечча і барока. Першыя ва ўсх.-слав. паэзіі акваверш стварыў Ф.Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы» (1522). У сучаснай паэзіі сустракаецца таксама акваверш з апошніх літар радкоў (тэлеверш) і сярэдніх (мезаверш), якія могуць утвараць больш складаныя фігуры.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

паэзія эпохі элінізму, названая па найбуйнейшым яе цэнтры Александрыі Егіпецкай. Бытавала ў 4—1 ст. да н.э. на тэр. б. імперыі Аляксандра Македонскага. Характэрныя рысы: адмаўленне ад грамадз. тэматыкі, паглыблены псіхалагізм і ўвага да асабістых перажыванняў асобы, павышаная цікавасць да асобных дэталяў побыту, аслабленне веры ў багоў (міф ператвараецца ў займальную казку). У александрыйскай паэзіі пераважала любоўная тэма, сярод жанраў — гімн, элегія, ямб, эпіграма, ідылія. Прадстаўнікі александрыйскай паэзіі: Калімах, Апалоній Радоскі, Лікафрон, Феакрыт.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХРАДКО́ЎЕ,

найбольш просты від страфы, які складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). З’яўляецца асновай монастрафічнага верша-двухрадковіка. У ант. паэзіі Д. пэўнага памеру ўтваралі асобую страфу — элегічны двуверш. У паэзіі народаў Б. і Сярэдняга Усходу Д. мае назву бейт. Нярэдка ўваходзіць састаўной ч. у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўі — аабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некат. класічных відах строф (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе).

В.П.Рагойша.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,

у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛУНАН ((Alunāns) Юрыс Андрэевіч) (13.5.1832, маёнтак Яўнкалснава, Латвія — 18.4.1864),

латышскі паэт і грамадскі дзеяч; заснавальнік нац. пісьмовай паэзіі. Скончыў Тартускі ун-т (1861). З 1862 рэдактар першай лат. газеты «Peterburgas avïzes» («Пецярбургская газета»). Аўтар зб. «Песенькі» (1856, пераклады класікаў сусв. паэзіі), эпіграм. Складальнік зб-ка навук.-папулярных артыкулаў «Двор, прырода і сусвет» (т. 1—3, 1859—61), у якім змешчаны матэрыялы па геаграфіі, гісторыі Расіі, мовазнаўстве. У вершах выступаў супраць самадзяржаўя, клерыкалізму, абуджаў нац. самасвядомасць лат. народа, удасканальваў нац. лат. мову.

М.Абала.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАНСВА́ЛЬДАЎ ((Hofmannswaldau) Крысціян Гофман фон) (25.12.1616, г. Брэслаў, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 18.4.1679),

нямецкі паэт, адзін з буйных прадстаўнікоў барока; стваральнік т.зв. другой сілезскай школы паэтаў, блізкай да марынізму. Скончыў Лейдэнскі ун-т (Нідэрланды). Дэбютаваў перакладамі з італьян. паэзіі. Дыяпазон лірыкі Гофмансвальдаў (надрукавана пасмяротна) вельмі шырокі: ад галантнай любоўнай паэзіі (эратычныя оды, мадрыгалы, рандо) да трагічнай філас. лірыкі, эпітафій і эпіграм, дзе геданістычныя матывы спалучаюцца з адчуваннем марнасці, тленнасці быцця. Вядомасць Гофмансвальдаў прынеслі «Гераічныя лісты» (1679), узорам для якіх паслужылі «Гераіды» Авідзія.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)