РО́ЎДА (Іван Сямёнавіч) (н. 13.6.1953, г. Мядзел Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1996), праф. (2000). Скончыў БДУ (1975), з 1975 працуе ў ім (з 1996 нам. дэкана філал. ф-та, з 1999 заг. кафедры). Даследаванні па супастаўляльным мовазнаўстве, лексікалогіі, словаўтварэнні. Аўтар кн. «Рознаўзроўневая намінатыўная адпаведнасць беларускай і рускай моў» (1999), сааўтар кн. «Сучасная руская мова: Практыкум па арфаэпіі, арфаграфіі, пунктуацыі» (1989), «Слоўніка беларускай мовы» (2001), падручнікаў па бел. мове для пачатковай школы, падручнікаў і дапаможнікаў па рус. мове для сярэдняй школы і ВНУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗО́ЛЬНЫЯ СМО́ЛЫ, рэзолы,
тэрмарэактыўныя фенола-фармальдэгідныя смолы. Утвараюцца на пачатковай стадыі сінтэзу фенола-фармальдэгідных смол пры малекулярным лішку фармальдэгіду.
Вязкія вадкасці (шчыльн. 1140—1220 кг/м³) ці шклопадобныя цвёрдыя рэчывы (шчыльн. 1250—1270 кг/м³) ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, мал. м. 400—1000. Раствараюцца ў спіртах, кетонах, фенолах, водных растворах шчолачаў; цвёрдыя набракаюць у вадзе. Ацвярдзенне Р.с. ажыццяўляюць звычайна пры награванні (80—180 °C). Пры перапрацоўцы ў адрозненне ад навалачных смол доўга застаюцца ў вязкацякучым стане, што аблягчае фармаванне таўстасценных вырабаў. Выкарыстоўваюць як сувязнае для фенапластаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, драўнінных пластыкаў, для вытв-сці кляёў, герметыкаў, лакаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́, протасінайскае пісьмо,
старажытная пісьмовая сістэма семіцкіх народаў. Адна з першых у гісторыі цывілізацыі спроб стварэння алфавітнай пісьменнасці на падставе акрафаніі (вымаўленне пачатковай фанемы слова, якое перадаецца малюнкам). С.п. лічаць прамежкавай ступенню паміж егіпецкім іерагліфічным пісьмом і семіцкімі кансанантна-гукавымі алфавітамі. Помнікі С.п. (надпісы на камянях, статуэтках багінь) знойдзены ў 1905 на Сінайскім п-ве англ. археолагам У.М.Пітры. Датаванне помнікаў да гэтага часу спрэчная (ад 18 да 15 ст. да н.э.). Найб. удалая спроба прачытання (дэшыфроўкі) помнікаў належыць У.Ф.Олбрайту ў сярэдзіне 20 ст. Некат. даследчыкі лічаць С.п. крыніцай арабскага пісьма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫТА́ННЕ,
метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРААХАЛАДЖЭ́ННЕ,
ахаладжэнне рэчыва ніжэй за т-ру яго раўнаважнага фазавага пераходу ў інш. агрэгатны стан ці крышталічную мадыфікацыю, што не прыводзіць да фазавага пераходу. Пераахалоджанае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане.
Фазавыя пераходы 1-га роду (напр., кандэнсацыя, крышталізацыя) на пачатковай стадыі патрабуюць пэўнага П. э мэтай утварэння зародкаў новай фазы (кропель, крышталікаў). Утварэнне зародкаў пры т-ры фазавага пераходу ўскладняецца тым, што яны знаходзяцца ў стане раўнавагі з зыходнай фазай. Калі ўзнікненне і рост зародкаў значна абцяжараны (напр., крышталізацыя вязкай вадкасці), магчыма глыбокае П. і атрыманне практычна ўстойлівай фазы са структурай, характэрнай для больш высокіх т-р. На гэтым заснаваны, напр., загартоўка сталі і атрыманне шкла. Ад ступені П. вадзяной пары ў атмасферы залежыць характар атм. ападкаў (дождж, снег, град).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЛЬЕВА (Таццяна Мітрафанаўна) (н. 15.3.1938, в. Бестрань Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне псіхалогіі. Д-рпсіхал.н. (1993), праф. (1998). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1962). Настаўнічала. З 1971 у Нац. Ін-це адукацыі. Даследуе праблемы навучання, выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту; пытанні мыслення, маўлення, разумення і свядомасці чалавека ў сістэме бесперапыннай адукацыі. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ і сярэдняй школы. Навук. кіраўнік распрацоўкі канцэпцыі «Нацыянальнай пачатковай школы» (1992).
Тв.:
Психологические вопросы овладения русским языком. Мн., 1983;
Дар слова: Говорим по-русски... Гаворым па-беларуску... Мн., 1986 (разам з М.Р.Яленскім);
Мышление и деятельность — основные факторы развития человека в системе непрерывного образования // Пачатковае навучанне: Сям’я. дзіцячы сад, школа. 1999. № 5. С. 85—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ТЧАНКА (Васіль Ульянавіч) (н. 7.4.1930, в. Зарэчча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Д-рпед.н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мазырскі пед.ін-т (1958). З 1971 у Нац. ін-це адукацыі, з 1995 адначасова гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Навук. працы па педагогіцы і філасофіі адукацыі. Аўтар падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.
Тв.:
Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ. Мн., 1984;
Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы. Мн., 1987;
Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ. Мн., 1989;
Адукацыя, школа і нацыянальная культура (разам з В.П.Протчанка) // Пачатковая школа. 1993. № 1;
Новая праграма па беларускай мове і навучальны працэс // Роднае слова. 1994. №1;
Пераказы ў пачатковай школе. Мн., 1999 (разам з Я.М.Лаўрэлем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),
сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭВІЯТУ́РА (італьян. abbreviatura ад лац. abbrevio скарачаю),
1) у мове — назоўнік, утвораны шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае часткамі. Абрэвіяцыя (утварэнне абрэвіятуры) як спосаб словаўтварэння пашырылася ў асн.еўрап. мовах на пач. 20 ст., у бел. мове — у 1920-я г. У сучаснай бел. мове паводле структуры вылучаюцца абрэвіятуры: ініцыяльныя (з пачатковых літар — ВНУ або гукаў — ААН), складовыя (з пачатковых частак слоў — сельмаг); змешанага (складова-ініцыяльнага) тыпу; утвораныя з часткі першага слова і канцавой — другога (мапед); з пачатковай часткі і цэлага слова (дзяржзаказ).
2) У музыцы — сімволіка муз. тэксту (спец. знакі, літары, лічбы), якая служыць для спрашчэння або скарачэння нотнага пісьма. Абрэвіятуры спрашчэння абазначаюць паўтарэнне раздзелаў формы твора, элементаў муз. мовы, выканальніцкіх адценняў, паўз, перанясенне гукаў на актаву і больш уверх ці ўніз. Абрэвіятуру скарачэння выкарыстоўваюць у назвах муз. інструментаў, для пазначэння дынамічных і выразных адценняў, выканальніцкіх прыёмаў, а таксама ў назвах муз. тэм і твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,
працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.
У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.
Літ.:
На переднем крае астрофизики: Пер. с англ.М., 1979;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.