БАЛТУ́ШЫС (Baltušis) Юозас (сапр.Альбертас Юазенас; 27.4.1909, г. Рыга — 4.2.1991),
літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1969). Аўтар кніг апавяданняў і нарысаў «Тыдзень пачынаецца добра» (1940), «Дзяцеліна» (1943), «Пра што ў песні не пяецца» (1959), «Валюсе патрэбны Алексас» (1965), «Па сцяжынах бацькоў і братоў» (1967), «Вялікая луста хлеба» (1974), п’ес «Спяваюць пеўні» (1947), «Раннім ранкам» (1953), раманаў «Прададзеныя гады» (т. 1, 1957; Дзярж. прэмія Літвы 1957; бел.пер. А.Астрэйкі і О.Главацкене 1961; т. 2, 1969), «Сказанне пра Юзаса» (1979; Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш.Гал. тэматыка яго твораў — гіст. лёс, жыццё літоўскага сялянства, яго духоўнае багацце. Па творах Балтушыса створаны фільмы «Жывыя героі», «Вянок з дубовых лістоў» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬРАФ (Wallraff) Гюнтэр (н. 1.10.1942, г. Буршайд, Германія),
нямецкі пісьменнік, публіцыст. Стаў шырока вядомы дзякуючы сваім палітычна завостраным рэпартажам, у аснове якіх — уласныя назіранні за жыццём рабочых (у т. л. замежных у ФРГ, а таксама за метадамі работы «бульварнай» прэсы («Ты нам патрэбны», 1966; «Трынаццаць непажаданых рэпартажаў», 1969; «Новыя рэпартажы», 1972; «Вы там, уверсе, мы тут, унізе», 1973, сумесна з Б.Энгельманам; «Нараджэнне сенсацыі. Чалавек, які ў Більдзе быў Гансам Эсэрам», 1977; «На самым дне», 1985; «Позірк у паперы», 1987, і інш.). Аўтар шэрагу тэле- і радыёп’ес.
Тв.:
Ganz unten. 3. Aufl. Berlin;
Weimar, 1987;
Рус.пер. — Нежелательные репортажи. М., 1982;
Репортер обвиняет: Худож. публицистика. М., 1988.
Літ.:
История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1983. Т. 3. С. 247, 149—250, 271.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРО́ТНІК»,
бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРУБА́,
устаноўка, у якой ствараецца паток паветра або іншага газу для эксперым. вывучэння з’яў, што ўзнікаюць пры абцяканні газам цвёрдых целаў (лятальных апаратаў, іх частак і інш.). Адну з першых аэрадынамічных труб сканструяваў К.Э.Цыялкоўскі (1897).
Аэрадынамічная труба мае: сапло, праз якое праходзіць паветра; кіравальныя лапаткі, што надаюць паветр. патоку патрэбны напрамак; рабочую частку, дзе знаходзяцца доследны аб’ект і датчыкі фіз. велічыняў для вымярэння; вентылятар або кампрэсар, якія ўтвараюць паток газу; дыфузар для выдалення газу. У аэрадынамічнай трубе вывучаюць мадэлі або рэальныя аб’екты, вымяраюць сілы, што дзейнічаюць пры палёце самалётаў, ракет, пры руху цягнікоў і інш.трансп. сродкаў; праводзяць даследаванні і вызначаюць аптымальную форму гэтых аб’ектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),
гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі
(каля 520—460 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбныпсіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ЛІ МО́ВЫ, стылі функцыянальныя,
разнавіднасць мовы з пэўнымі асаблівасцямі фанет., лексічных, марфал., сінтакс. сродкаў, адбор якіх залежыць ад задач камунікацыі. Іх існаванне абумоўлена патэнцыяльнымі рэсурсамі мовы, яе сінанімікай. Для фарміравання функцыян. С.м. патрэбны і знешнія, экстралінгвістычныя фактары, што вызначаюць умовы адбору моўных адзінак: форма зносін (вусная і пісьмовая, дыялагічная і маналагічная), сац. сфера зносін (быт., вытв., дзярж.і г.д.), змест інфармацыі (тэма і прадмет выказвання), мэта і ўмовы зносін (характар узаемаадносін удзельнікаў акта камунікацыі: паведамленне, просьба, загад і г.д. Вылучаюць размоўны стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, навуковы стыль, публіцыстычны стыль, мастацкі стыль. Усе С.м., акрамя размоўнага, — кніжныя стылі. Межы паміж С.м. адносныя, умоўныя. Ім аднолькава ўласціва тэндэнцыя да раздзялення, дыферэнцыяцыі і тэндэнцыя да ўзаемапранікнення, узаемаўплыву і нейтралізацыі стылявых моўных сродкаў. С.м. вывучае стылістыка.
Літ.:
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАСІ́НТЭЗ (ад электра... + сінтэз),
метад атрымання складаных неарганічных або арганічных злучэнняў з дапамогай электролізу. Характэрная асаблівасць Э. — шматстадыйнасць далучэння ці аддачы электронаў, звязаная з узнікненнем прамежкавых стабільных ці нестабільных прадуктаў. Кожнай стадыі Э. адпавядае пэўнае значэнне электроднага патэнцыялу.
Рэакцыі, што адбываюцца на катодзе, наз.рэакцыямі электрааднаўлення або электрахім. аднаўлення; адпаведна, рэакцыі на анодзе — рэакцыі электраакіслення або электрахім. акіслення. Прамежкавыя і канчатковыя прадукты могуць удзельнічаць у электрахім. рэакцыях на паверхні электродаў. Калі патрэбны прадукт узнікае на прамежкавай стадыі, то яго хутка выводзяць са сферы рэакцыі шляхам адгонкі, экстракцыі або звязвання ў злучэнне, якое не ўдзельнічае ў далейшых электрахім. пераўтварэннях. У прамысловасці Э. выкарыстоўваюць для атрымання надсернай (пероксадысернай) кіслаты і яе солей — персульфатаў, перманганату калію, двухвокісу марганцу, тэтраэтылсвінцу, розных арган. злучэнняў і інш.
Літ.:
Прикладная электрохимия. 3 изд. Л., 1974;
Фиошин М.Я., Павлов В.Н. Электролиз в неорганической химии. М., 1976;
Электрохимия органических соединений: Пер. с англ.М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,
установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.
Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж.цэнтры занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАЎ Юліян Сямёнавіч (8.10.1931, Масква — 5.9.1993),
рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Расіі (1982). Скончыў Ін-т усходазнаўства (1953). Друкаваўся з 1958. Раманы «Пароль не патрэбны» (1965), «Маёр Віхар» (1966—67), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1969; аднайм. тэлефільм, 12 сер., 1973; Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту» (1971), «Гарэнне» (1977—78), «Прэс-цэнтр» (1984), «Экспансія» (кн. 1—3, 1985—87), аповесці «Пры выкананні службовых абавязкаў» (1962), «Пятроўка, 38» (1963), «Агарова, 6» (1972), «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (1979), «Загадана выжыць» (1983), хроніка «Альтэрнатыва» (1974) і інш. — вострасюжэтныя паліт. дэтэктывы. Аўтар п’ес «Ідзі і не бойся» (1963), «Шаша на Вялікую Мядзведзіцу» (1964), «Шыфроўка для Блюхера» (1966), кінасцэнарыяў (пераважна па сваіх творах), навел, нарысаў, публіцыст. артыкулаў. Большасць твораў С. экранізавана. У т-рах Беларусі ставіліся п’есы С.: «Семнаццаць імгненняў вясны» (у сааўт. з У.Токаравым) — у Бел. т-ры імя Я.Коласа, Гомельскім і Брэсцкім абл.драм. т-рах (усе 1970); «Пятроўка, 38» — у Гродзенскім абл.драм. (1964); «Правакацыя» — у Гомельскім (1969) т-рах.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1983—84;
Альтернатива: Политич хроники. Кн 1—4. М., 1975—78.