МУ́ФЕЛЬ (ням. Muffel),

замкнёная камера (каўпак, пасудзіна), у якую для засцярогі ад уздзеяння пячных газаў змяшчаюць вырабы або сыравіну пры іх награванні ці абпале ў муфельных печах. Пры безакісляльным награванні М. запаўняюць ахоўным газам. Вырабляюць з вогнетрывалых матэрыялаў або гарачатрывалай сталі.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МПУЛА (лац. ampulla),

1) герметычна запаяная шкляная пасудзіна невял. памераў, у якой захоўваецца ў стэрыльным выглядзе пэўная доза лякарстваў, крыві, хім. рэчыва і інш. 2) У анатоміі — пухірападобнае расшырэнне розных органаў, якія маюць форму трубкі, напр. слёзнага канала, прамой кішкі і інш.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БАК,

невялікая пасудзіна для піцця; найчасцей цыліндрычнай, радзей збана- ці бочкападобнай формы з выразным донцам, з адной ці дзвюма ручкамі (трапляюцца без ручак), звычайна без накрыўкі. К. выраблялі з гліны, металу, каменнай масы, дрэва, шкла. Вядомы ў розных народаў з часоў старажытнасці.

Кубак.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́РТА (ад лац. quarta чвэрць),

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 1/4 гарца = 0,7057 л. Адзінка, у 4 разы меншая за К., называлася кватэрка. К. наз. таксама пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці). Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬ-АБА́,

курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).

Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НАЎКА (ад польск. konew збан, кубак),

у беларусаў і інш. еўрап. народаў невялікая драўляная, радзей метал. або ганчарная пасудзіна (звычайна конусападобнай формы з ручкай), якая служыла для зачэрпвання і пералівання вадкасцей. Выкарыстоўвалася таксама як кубак для пітва, у такім выпадку мела больш падоўжаную, звычайна цыліндрычную форму.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕ́Я,

бандарны выраб у беларусаў; авальная або круглая пасудзіна для мыцця бялізны і купання. Рабілася з кароткіх клёпак, што расстаўляліся вакол шырокага днішча; з вушкамі і без іх. Бытавалі пераважна ў зах. частцы Беларусі, на У у хатнім ужытку балею часцей замянялі ночвы. У наш час сустракаюцца рэдка.

Балея.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЁНКА,

у беларусаў бандарная пасудзіна на 6—10 л, крыху расшыраная ў верхняй частцы. Выкарыстоўвалася для даення кароў. Рабілі Д. з хваёвых, радзей з дубовых ці кляновых клёпак. Адна падоўжаная клёпка ўтварала ручку, у клёпцы насупраць рабілі літок (рыльца). Для даення кароў у полі выкарыстоўвалі Д. з почапкай.

Даёнка.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫК, кубельчык,

бандарны выраб у беларусаў, пасудзіна на 3—4 л для дастаўкі стравы ў «рабочы вугал» — на жніво, сенажаць і інш. Меў форму невял. кадачкі з накрыўкай, што заціскалася паміж вушак папярэчынай і прыстасаванай да яе гнутай ручкай.

Бельчык. Вёска Валькі Талачынскага раёна Віцебскай вобл. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Ц,

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = ¼ бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л. З 1766 стала наз. чвэрцю. К. наз. таксама пасудзіна, вял. конаўка з ручкай. Назва паходзіць ад кары́, з якой першапачаткова выраблялі кубкі для піцця Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)