ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіцы,
1) навядзенне эл. зарадаў у правадніках і дыэлектрыках, змешчаных у пастаяннае эл. поле (электрастатычная індукцыя).
2) Узнікненне электрарухальнай сілы ў правадніку, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі (электрамагнітная індукцыя).
3) Узнікненне электрарухальнай сілы ў намагнічаным целе, якое рухаецца непаралельна восі намагнічвання (уніпалярная І.).
4) Характарыстыка электрычнага (эл. І.; гл. Электрычнае зрушэнне) або магнітнага (магнітная індукцыя) палёў.
т. 7, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,
дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш. дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.І.Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВК БССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦК КП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш. сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл. Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).
У.Е.Снапкоўскі.
т. 12, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́Д (ваен.),
1) ва ўзбр. сілах пастаяннае ці часовае вайсковае фарміраванне, якое ствараецца для выканання баявых або спец. задач. Бываюць разведвальныя, перадавыя, спецыяльныя, ваенна-будаўнічыя і інш. У час Вял. Айч. вайны — асн. арганізац. адзінка партыз. фарміраванняў (гл. Партызанскі атрад).
2) У ВМФ адрозніваюць атрад караблёў рознага прызначэння (дэсантныя, прыкрыцця і інш.); у ВПС — штатнае падраздзяленне, якое ўваходзіць у склад эскадрыллі.
3) У пагранічных войсках — асобная вайсковая часць.
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТО́К РАКІ́,
месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́Т (ад грэч. prōktos задні праход, прамая кішка),
запаленне слізістай абалонкі прамой кішкі. Часцей бывае ў спалучэнні з запаленчымі зменамі інш. аддзелаў кішэчніка (напр., неспецыфічны язвавы каліт). Бывае П. банальнага характару (пастаяннае траўміраванне ў педэрастаў). Трэшчыны і кровазліцці ў слізістай абалонцы кішкі з’яўляюцца варотамі ВІЧ-інфекцыі і развіцця СНІДу. Прыкметы П.: адчуванне пякоты ў вобласці задняга праходу, частыя пазывы позывы* на стул, выдзяленні слізі, крыві. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Гл. таксама Практалогія.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБО́Р,
1) перыядычнае або пастаяннае забіранне вады з вадаёма, вадацёку ці падземнай крыніцы ў бытавых або прамысл. мэтах. Характарызуецца аб’ёмам і прызначэннем вады, якая забіраецца, працягласцю яе адбору. Вада высокай якасці прызначаецца пераважна на пітное водазабеспячэнне.
2) Комплекс гідратэхн. збудаванняў і абсталявання для забору вады з паверхневых ці падземных крыніц. Вакол водазаборных збудаванняў, прызначаных для цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, акрэсліваюцца зоны санітарнай аховы. Забор вады з рэк і вадаёмаў патрабуе таксама выканання правіл аховы моладзі рыб.
т. 4, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ЛЕНЫ ПУНКТ, населенае месца, паселішча,
пастаяннае або часовае месца, дзе пражывае насельніцтва: звычайна мае геагр. назву (тапонім). Падзяляецца па нар.-гасп. функцыях, колькасці жыхароў, адм. статусе і інш. Вядучае месца сярод населеных пунктаў належыць гарадам. Вял. сельскія Н.п. ў Расіі і на Украіне называюць сёламі (часам і на Беларусі), на поўдні Расіі — станіцамі, у горных раёнах Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана — ауламі. На Беларусі акрамя гарадоў пашыраны вёскі, гарадскія пасёлкі, рабочыя пасёлкі, трапляюцца хутары, курортныя пасёлкі. Да 1930—40-х г. існавалі мястэчкі.
т. 11, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́ДА,
маладыя расліны, якія вырошчваюць у ахоўным грунце для перасадкі на пастаяннае месца. Выкарыстоўваюць у агародніцтве, кветкаводстве, пладаводстве, лесаводстве і інш.
Дае магчымасць скараціць перыяд вегетацыі раслін у адкрытым грунце, атрымліваць раннія і высокія ўраджаі агародніны (на 2—3 месяцы раней, чым пры сяўбе насеннем), культываваць познаспелыя агароднінныя расліны ў раёнах з кароткім летам, эканоміць пасяўны матэрыял (у 3—5 разоў). Дадатковае м. асвятленне Р. паскарае плоданашэнне і павышае ўрадлівасць. На Беларусі расадным метадам вырошчваюць памідоры, капусту, баклажаны, перац струкавы і інш.
т. 13, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́КЛІЙ II (18.11.1720, г. Тэлаві, Грузія — 22.1.1798),
грузінскі цар, дзярж. дзеяч, палкаводзец. З дынастыі кахецкіх Багратыёнаў.З 1744 цар Кахеты, з 1762 — Картлі-Кахецінскага царства (Усх. Грузія). Імкнуўся да аб’яднання разрозненых груз. уладанняў у адзіную дзяржаву, пашырэння ўплыву Грузіі ў Закаўказзі. У час рус.-тур. вайны 1768—74 ваяваў на баку Расіі. Заключыў Георгіеўскі трактат 1783 аб пратэктараце Расіі над Усх. Грузіяй. Садзейнічаў груз.-арм. збліжэнню. Пры ім абмежавана ўлада буйных землеўладальнікаў, забаронены гандаль прыгоннымі без зямлі. У 1773 увёў пастаяннае войска. Заснаваў дзярж. школы і семінарыі ў Тбілісі, Тэлаві.
т. 7, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗА (Франц. visa ад лац. visus прагледжаны),
1) зроблены службовай асобай на дакуменце надпіс, які надае яму юрыд. сілу і засведчвае яго аўтэнтычнасць.
2) Афіцыйная адзнака ў пашпарце пра дазвол на ўезд у іншую дзяржаву, праезд ці выезд з гэтай дзяржавы. Выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы на пэўны тэрмін. Бязвізавы ўезд, выезд ці транзіт можа быць устаноўлены спец. пагадненнямі паміж дзяржавамі. Выезд з Рэспублікі Беларусь бел. грамадзян (службовы, прыватны, на пэўны тэрмін, на пастаяннае жыхарства) рэгулюецца адпаведным заканадаўствам. Уязныя візы выдаюць дыпламат. прадстаўніцтвы або консульствы за мяжой, выязныя — МЗС, органы МУС рэспублікі.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)