ТЫНФ (польск. tymf, ням. timpf, рус. тинф, ад імя ням. арандатара манетных двароў у Каралеўстве Польскім А.Тынфа, ініцыялы якога стаялі на рэверсе манеты),
1) назва (спачатку народная, у 18 ст. афіцыйная) сярэбранай манеты Рэчы Паспалітай 1663—66. Тыпалагічна Т. наследаваў рэверс орта і меў яго рыначны курс.
2) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты Прусіі 1679—1750.
3) Сярэбраная манета Рас. імперыі 1707—09 для замежных плацяжоў у час Паўн. вайны 1700—21. Пастанова Брэсцкага сейміка 1714 называла яе «Т. маскоўскі».
4) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай 1752—56; у 1752—53, 1755 меў пазначэнне наміналу «Т.».
5) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбраных прускіх перайманняў Т. Рэчы Паспалітай у 1751—58 са зніжанай на 1/3 колькасцю серабра.
6) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты 1759—61 Рас. імперыі для замежных плацяжоў у час Сямігадовай вайны 1759—63.
7) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай манетных двароў Гданьска 1758—63 і Эльбланга 1763. Назва Т. ў канцы 17—18 ст. сінанімічна орту надавалася манетам, большым за 6-грашовік і меншым за чвэрцьталяровік, незалежна ад тыпу выявы. Усе Т. зняты з абарачэння ў Рэчы Паспалітай універсалам 1766.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́САЎСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1667.
Падпісана паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 9 лют. ў в. Андросава (Андрусава; на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяв.) тэрмінам на 13,5 года; закончыла вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле дагавора да Расіі перайшлі Смаленскае ваяв. з гарадамі Дарагабуж, Белая, Красны, Невель, Веліж і Себеж і Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам. Рэч Паспалітая прызнала далучэнне Левабярэжнай Украіны да Расіі і згадзілася на перадачу Расіі Кіева да 1669 (не быў вернуты Рэчы Паспалітай). Запарожская Сеч апынулася пад агульным кіраўніцтвам абедзвюх дзяржаў. Беларусь і Правабярэжная Украіна засталіся ў межах Рэчы Паспалітай, іх насельніцтву гарантавалася свабода правасл. веравызнання і недатыкальнасць праваслаўных епархій. Андросаўскае перамір’е стала пачаткам саюзу Расіі і Рэчы Паспалітай супраць Турцыі і Крымскага ханства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ЧНЫ МІР» 1686,
дагавор, падпісаны Расіяй і Рэччу Паспалітай у Маскве 6 мая аб сумесных дзеяннях супраць Турцыі і Крыма. Мір пацвердзіў правы Расіі на землі Левабярэжнай Украіны, Смаленскага і Чарнігаўскага ваяв., якія засталіся за ёй пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 паводле ўмоў Андросаўскага перамір’я 1667. Уласнасцю Расіі прызнаны ўсе вывезеныя ў час вайны каштоўнасці і палонныя, пацверджана яе права апекаваць праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Заключэнне «Вечнага міру» для Рэчы Паспалітай было абумоўлена неабходнасцю абараніць свае паўд. межы ад турэцка-татарскай агрэсіі. Дагавор замацаваў Расію ў ролі наймагутнейшай дзяржавы Цэнтр. і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1768.
Заключаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 6 сак. ў Варшаве па патрабаванні рас. боку ва ўмовах заняпаду Рэчы Паспалітай. Урад Кацярыны II выкарыстаў пытанне аб раўнапраўі дысідэнтаў-некатолікаў — праваслаўных і пратэстантаў — для ўмяшання ва ўнутр. справы Польшчы. Паводле дагавору дысідэнты атрымлівалі роўныя з каталікамі правы, аднак захоўваліся асн. законы Рэчы Паспалітай (выбарнасць караля, ліберум вета і інш.). Варшаўскі дагавор садзейнічаў далейшаму аслабленню краіны і забяспечваў паліт. панаванне царызму ў Польшчы.
Вынікам Варшаўскага дагавора было стварэнне Барскай канфедэрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАКО́ЎСКІ Шыман Марцін (1741, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 25.4.1794),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ю.Касакоўскага. У 1767 як сакратар дэлегацыі ад Радамскай канфедэрацыі выязджаў у Маскву для пошуку падтрымкі ў барацьбе супраць рэформ у Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі. Пасля разгрому яе змяніў паліт. арыентацыю на карысць Расіі. Ў 1792 пасля абвяшчэння Таргавіцкай канфедэрацыі прымаў удзел у ваенных дзеяннях Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Пасля захопу Вільні прызначыў сябе польным гетманам ВКЛ. Адстойваў аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 прылюдна павешаны паўстаўшымі ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1673.
Адбылася 11 ліст. каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскам Рэчы Паспалітай пад камандаваннем вял. кароннага гетмана Я.Сабескага (каля 40 тыс.чал.) і войскам Турцыі на чале з Гусейнам-пашою (каля 35 тыс.чал.) у час вайны 1672—76 супраць Турцыі. У выніку бітвы тур. армія знішчана (яна атабарылася за ўмацаваннямі старога лагера войска Рэчы Паспалітай, што застаўся з часоў Хацінскай бітвы 1621). Перамога садзейнічала абранню ў 1674 на трон Рэчы Паспалітай Сабескага (гл.Ян III Сабескі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.
Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл.Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.Мурашка і гетман С.Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.