АТА́ВА,

трава, якая вырасла ў той жа год на кармавых сенажацях пасля скошвання ці страўлення. На пашы пасля страўлення атава адрастае некалькі разоў у залежнасці ад атаўнасці (біял. здольнасці раслін адрастаць за кошт утварэння бакавых парасткаў), надвор’я і прыёмаў догляду пашы. Высокую атаўнасць на пашы маюць райграс пашавы, мятліца лугавая, аўсяніца чырвоная, канюшына белая. Ураджайнасць атавы вышэйшая ў раёнах з вільготным кліматам і на ўрадлівых глебах. Яе можна павялічыць у 2—3 разы ўнясеннем пасля скошвання (страўлення) азотных угнаенняў, асабліва разам з паліваннем.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́ЎЗУЛА (ад лац. clausula заключэнне, канцоўка),

у вершаскладанні — заключныя склады вершаванага радка пасля апошняга націскнога склада, у прозе — рытмічнае заканчэнне фразы. Адзін з асн. рытмастваральных кампанентаў сілабічнага вершаскладання, сілабатанічнага вершаскладання і танічнага вершаскладання. Па колькасці складоў пасля націску адрозніваюцца К. мужчынскія (пасля націску складоў няма), жаночыя (адзін склад), дактылічныя (2 склады) і гіпердактылічныя (3 і больш складоў). Сугучныя К. ўтвараюць рыфму. У белым вершы чаргаванне К. памагае спалучэнню вершаваных радкоў у строфы. У рыторыцы — заключная ч. выступлення прамоўцы, дакладна апрацаваная ў стылістычных адносінах.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ БЕКР КЕЛЕВІ́ (?—1366),

рамеснік, адзін з кіраўнікоў руху сербедараў у Самаркандзе ў 1365—66. У 1365 пасля ўцёкаў эміра з Самарканда арганізаваў абарону горада ад хана Магалістана Ільяс-Хаджы і прымусіў яго адступіць. Пасля вяртання эміра быў хітрасцю захоплены і пакараны смерцю.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАКО́ЎСКІ (Шыман Марцін) (1741, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 25.4.1794),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ю.Касакоўскага. У 1767 як сакратар дэлегацыі ад Радамскай канфедэрацыі выязджаў у Маскву для пошуку падтрымкі ў барацьбе супраць рэформ у Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі. Пасля разгрому яе змяніў паліт. арыентацыю на карысць Расіі. Ў 1792 пасля абвяшчэння Таргавіцкай канфедэрацыі прымаў удзел у ваенных дзеяннях Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Пасля захопу Вільні прызначыў сябе польным гетманам ВКЛ. Адстойваў аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 прылюдна павешаны паўстаўшымі ў Вільні.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУРЫ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава ў Італіі ў 1797—1805. Створана на тэр. Генуэзскай рэспублікі пасля акупацыі яе франц. войскамі. Мела канстытуцыю (1797), складзеную на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Тэр. Л.р. была арэнай барацьбы паміж Аўстрыяй і Францыяй. Пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 Аўстрыя заняла Паўн. Італію, у т. л. на кароткі час у 1800 і Л.р. Пасля разгрому аўстр. войск у бітве каля Марэнга Л.р. фактычна кіраваў (да ліп. 1802) напалеонаўскі ген. Дзежан. У 1805 далучана да франц. імперыі, паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 — да Сардзінскага каралеўства.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́САС ((Rosas) Хуан Мануэль дэ) (30.3.1793, Буэнас-Айрэс — 14.3.1877),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Генерал (1828). З 1820 нач. міліцыі, у 1828—32 і 1835—1852 губернатар прав. Буэнас-Айрэс, фактычна вярх. правіцель Аргенціны. Лідэр Федэралісцкай партыі. Пры Р. адбылася стабілізацыя ўнутр. становішча Аргенціны пасля грамадз. войнаў, якія краіна перажыла пасля заваявання незалежнасці. Адначасова ўсталяваў асабістую дыктатуру, жорстка душыў усялякую апазіцыю. Ініцыіраваў працяглы ўзбр. канфлікт з Уругваем. У лют. 1852 армія Р. разбіта аб’яднанымі войскамі Уругвая, Бразіліі і арг. паўстанцаў, пасля чаго ён уцёк у Вялікабрытанію.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАТУ́ЙСКАЯ ТУРМА́,

катаржная турма ў Рас. імперыі; адзін з цэнтраў паліт. катаргі, дзе трымалі рэвалюцыянераў-народнікаў, а пасля рэв. 1905—07 паліт. вязняў з рабочых, сялян, салдат. Пабудавана ў 1888 у Нерчынскай горнай акрузе Забайкалля (цяпер тэр. Чыцінскай вобл.). Ліквідавана пасля Лют. рэв. 1917.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕРВЕ́ЕР»

(«Surveyor»),

серыя амерыканскіх аўтам. касм. апаратаў для даследавання Месяца; праграма іх распрацоўкі. Пасля мяккай пасадкі на паверхню Месяца праводзіліся панарамныя здымкі, даследаванне грунту, таксама адпрацоўваліся некаторыя элементы праграмы «Апалон». Маса «С.» на Зямлі ≈ 1 т, пасля пасадкі на Месяц ≈ 285 кг. У 1966—68 запушчаны 7 «С.».

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ННЕ СУДА́,

пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ЗЯМЕ́ЛЬНЫХ УЛА́СНІКАЎ,

палітычная арганізацыя памешчыкаў Расіі ў 1905—08 і 1916—20. Засн. ў ліст. 1905 у С.-Пецярбургу для абароны буйнога прыватнага землеўладання і самадзярж. ладу ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07. Пасля яе задушэння часова спыніў існаванне (1908). Адноўлены ў ліст. 1916 з мэтай дапамогі арміі с.-г. прадуктамі і абароны прыватнай уласнасці на зямлю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 С.з. у. — падп. манархічная арг-цыя, звязаная з белым рухам. Адзін з яго кіраўнікоў А.​В.​Крывашэін у 1920 узначальваў белагвардзейскі «Урад Поўдня Расіі». Пасля разгрому Чырв. Арміяй асн. сіл белагвардзейцаў саюз распаўся.

т. 14, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)