ІНДУЛЬГЕ́НЦЫЯ (ад лац. indulgentia паблажлівасць, літасць),
папская грамата, пасведчанне пра поўнае або частковае адпушчэнне грахоў, якая выдавалася за грошы або за асаблівыя заслугі перад каталіцкай царквой. Абгрунтоўвалася багасловамі тым, што каталіцкая царква мае запас добрых спраў, якія здзейснілі Ісус Хрыстос, Дзева Марыя і святыя, і імі можна пакрываць грахі людзей. Продаж І. пачаўся з 12—13 ст., што выклікала пратэст гуманістаў. Адмена І. была ў ліку асн. патрабаванняў Рэфармацыі. У пераносным сэнсе — даць дазвол на якія-н. дзеянні, учынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІЯ ПРЭ́МІІ,
у 1925—91 у СССР вышэйшыя ўзнагароды за дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, публіцыстыкі, журналістыкі, мастацтва і архітэктуры. Засн. ў 1925 як прэміі імя У.І.Леніна (у 1935—57 не прысуджаліся). Прысуджаліся к-тамі па Ленінскіх і Дзярж. прэміях СССР пры Савеце Міністраў СССР 1 раз у 2 гады. Асобам, якія атрымлівалі Л.п., прысвойвалася званне «Лаўрэат Ленінскай прэміі», уручаліся дыплом, ганаровы знак і пасведчанне.
Лаўрэаты Л.п. ў Беларусі. У галіне навукі і тэхнікі: 1957. А.К.Красін; 1962. М.Я.Мацапура; 1965. В.С.Нямчынаў, Р.І.Салаухін; 1966. М.А.Ельяшэвіч; 1978. У.П.Платонаў. У галіне літаратуры: 1962. П.У. Броўка; 1972. І.П.Мележ; 1978. М.Танк (Я.І.Скурко); 1986. В.У.Быкаў. У галіне мастацтва і архітэктуры: 1970. Ю.М.Градаў, В.П.Занковіч, Л.М.Левін, С.І.Селіханаў.
Засн. ў 1889 Мінскім упраўленнем Расійскага т-ваЧырв. Крыжа. У абшчыну ўваходзілі 15 членаў. Пасведчанне сястры міласэрнасці атрымлівалі пасля гадавога выпрабавання і 2 гадоў працы ў абшчыне (праца не аплачвалася, абшчына давала інтэрнат, харчаванне, вопратку, абутак і невялікую грашовую дапамогу). У 1903 пры абшчыне адчынены гадавыя курсы, на якіх выкладалі фізіялогію, хірургію і дэсмургію, гігіену, анатомію, унутр. хваробы, псіхіятрыю, фармакалогію, догляд і пач. дапамогу і інш. Да 1915 падрыхтаваны 143 сястры міласэрнасці. Сёстры абшчыны ўдзельнічалі ў дапамозе параненым у рус.-яп. вайне 1904—05, у барацьбе з тыфам, шкарлятынай, воспай у Мінскай губ. (1900), з халерай у Мазырскім пав. (1908), дапамагалі галадаючым Акмолінскай, Табольскай, Закаспійскай губ. (1911). У 1910 абшчына адчыніла лячэбніцу на 14 ложкаў, у 1914 — на 40. З пач. 1-й сусв. вайны накіравала на фронт шпіталь на 200 ложкаў (пазней пашыраны да 800). З 1921 у складзе Т-ваЧырв. Крыжа Беларусі.
Літ.:
Хоров Г. К истории подготовки медицинских сестер в Белоруссии // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,
сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.
Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.
Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВКБССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).
Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССРгл. ў арт.Ордэн, Медаль.
Г.А.Маслыка.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».