ЗАПАЛЕ́ННЕ,
мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.
т. 6, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСГАРМО́НІЯ (ад дыс... + гармонія) у музыцы, парушэнне або адсутнасць гармоніі (гл. Гармонія ў музыцы), гукавы разлад (у адрозненне ад гарманічна арганізаванага дысанансу).
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),
1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.
2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНО́ЗІЯ (ад а... + грэч. gnōsis пазнанне, распазнаванне),
парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.
т. 1, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫС..., перад галоснымі дыз... (лац. dis..., грэч. dys...), прыстаўка, якая абазначае парушэнне, разлад, страту чаго-н.; адпавядае па значэнні прыстаўкам раз..., не..., напр., дысгармонія, дыспрапорцыя, дызурыя.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́КТ (ад лац. delictum парушэнне, віна),
правапарушэнне, незаконнае дзеянне, правіннасць, злачынства. У больш вузкім сэнсе — супярэчнае нормам цывільнага заканадаўства дзеянне, за якое прадугледжана пакаранне ў форме матэрыяльнай адказнасці.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,
механічнае драбленне (парушэнне) і біяхім. змяненне мінералаў і горных парод у выніку жыццядзейнасці раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Пры біялагічным выветрыванні адбываецца таксама ўтварэнне раствораў, новых мінералаў, горных парод і некаторых карысных выкапняў.
т. 3, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВА-КРЭДЫ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,
парушэнне збалансаванасці грашова-крэдытнай сістэмы. Адрозніваюць цыклічныя грашова-крэдытныя крызісы, якія параджаюцца перыядычнымі дыспрапорцыямі ў працэсе вытв-сці, і спецыяльныя, выкліканыя надзвычайнымі эканам. і паліт. падзеямі, стыхійнымі бедствамі і інш. прычынамі.
т. 5, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАХРАНІ́ЗМ (ад ана... + грэч. chronos час),
1) парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-н. эпохі рыс, характэрных для інш. часу.
2) З’явы, погляды, думкі, устарэлыя для пэўнай эпохі.
3) Перажытак мінулага.
т. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗКО́ВЫЯ РЭЗЕ́РВЫ банкаў,
норма захоўвання грашовых сродкаў камерцыйных банкаў і інш. крэдытных устаноў на спец. рэзервовых рахунках у цэнтр. банку. Прызначаюцца для забеспячэння ліквіднасці, дэпазітнай запазычанасці і інш. Норма абавязковых рэзерваў устанаўліваецца цэнтр. банкам, і яе парушэнне караецца штрафнымі санкцыямі.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)