БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),

язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец. муз. навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў.

Літ.:

Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.

Баян.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМЕ́КІ (Olmec),

індзейскі народ, які ў 14—3 ст. да н.э. насяляў тэр. сучасных штатаў Веракрус, Табаска і Герэра (Мексіка). Назва ад плямёнаў, што жылі тут у 11—14 ст. Займаліся лядным земляробствам і рыбалоўствам, былі выдатнымі разьбярамі па камені. Узвялі буйныя цырыманіяльныя цэнтры Ла-Вента, Трэс-Сапотэс і інш. Захавалася шмат помнікаў манум. скульптуры. Вядомы каменныя статуэткі істотаў, у якіх зліваюцца рысы чалавека і ягуара, — папярэднікі бога дажджу ў майя і інш. народаў. Іерогліфы альмекаў не прачытаны; верагодна, на іх падставе з’явіліся іерогліфы майя. Росквіт культуры альмекаў прыпадае на пачатак 1-га тыс. да н.э. Паміж 600 і 400 да н.э. асн. цэнтры альмекаў былі разбураны ці пакінуты. Знікненне альмекаў верагодна, звязана з этнічнымі міграцыямі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАФАГІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА манацытарна-фагацытарная сістэма, рэтыкула-эндатэліяльная сістэма,

сукупнасць клетак-фагацытаў тканак і органаў, якія маюць агульнае паходжанне ад манацытаў крыві. Мае 3 звяны: клеткі-папярэднікі (манабласты і праманацыты) чырв. касцявога мозгу; транспартная форма — манацыты крыві (6—8% у лейкацытарнай формуле); клеткі-эфектары — мікрафагі ў тканках і органах, нашчадкі манацытаў, што пакінулі крывяное рэчышча. Клеткі М.с. выконваюць функцыі: выпрацоўкі біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць утварэнне імунакампетэнтных лімфоідных клетак; аховы арганізма ад чужародных мікраарганізмаў, таксінаў, інш. часцінак; удзелу ў рэакцыях запалення, рэарганізацыі тканак, загойванні ран, рэгуляцыі кроваўтварэння і інш. Рэгуляцыя функцыянавання М.с. ажыццяўляецца пры дапамозе пасрэднікаў, якія ўтвараюцца макрафагамі, лімфоіднымі і інш. імунакампетэнтнымі клеткамі. Макрафагі ўзбуджаюцца антыгеннымі сігналамі праз комплекс антыген-антыцела, кааперацыя з лімфацытамі ажыццяўляецца пры дапамозе розных рэцэптараў і антыгенаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎЦКІ ((Kautsky) Карл) (16.10.1854, Прага — 17.10.1938),

дзеяч аўстр., герм. і міжнар. с.-д. руху, адзін з тэарэтыкаў і лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. Скончыў Венскі ун-т (1879). З 1875 у аўстр. с.-д. руху. У 1881 у Лондане пазнаёміўся з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. У 1883 заснаваў і да 1917 рэдагаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Германіі (СДПГ) час. «Die Neue Zeit» («Новы час»). Выступаў супраць рэвізіянізму Э.Бернштэйна і рэв. радыкалізму Р.Люксембург, пазней супраць інтэрпрэтацыі марксізму У.​І.​Леніным («бальшавізм»). У 1910—12 ідэолаг цэнтрызму. У 1-ю сусв. вайну (1914) выступаў пераважна з пазіцый пацыфізму. У 1917—22 чл. Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. У 1938 эмігрыраваў у Амстэрдам. Аўтар фундаментальных прац «Эканамічнае вучэнне Карла Маркса» (1887), «Папярэднікі сацыялізму» (1909—21), «Матэрыялістычнае разуменне гісторыі» (1927), брашуры «Дыктатура пралетарыяту» (1918) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Происхождение христианства. М., 1990.

Літ.:

Брайович С.М. Карл Каутский — эволюция его воззрений. М., 1982.

К.Каўцкі.

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ́НЕЦ,

калекцыя дзікіх жывёл, размешчаных у клетках або вальерах для палявання, паказу наведвальнікам і інш. мэт. Папярэднікі заалагічных паркаў.

Першыя З. вядомы ў стараж. Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Персіі; у Еўропе — пры старажытнарымскіх цырках. Адыгралі пэўную ролю ў назапашванні вопыту работы з дзікімі звярамі (распрацоўка метадаў адлову, транспарціроўкі, кармлення жывёл пры вальерным утрыманні), садзейнічалі захаванню каштоўных відаў (напр., лясныя тарпаны да 1870-х г. захаваліся ў паляўнічым З. ў Польшчы, зубры да 1920-х г. — толькі ў паляўнічым З. ў Швецыі). У канцы 18 і пач. 19 ст. у краінах Еўропы і Расіі існавалі перасоўныя прыватныя З., у якіх з камерцыйнымі мэтамі дэманстраваліся «цуды» жывёльнага свету (сланы, ільвы, малпы, кракадзілы, папугаі і інш.). У 2-й пал. 19 ст. большасць З. заняпалі або ператвораны ў заал. паркі.

На Беларусі З., прызначаныя для палявання, вядомы з 16 — пач. 17 ст. у Белавежскай пушчы (1578), Нясвіжскім парку «Альба» (1607), дзе на вял. абгароджаных участках лесу (напр., у Нясвіжскім парку плошчай каля 90 га) з палянамі, прыроднымі ці штучнымі вадаёмамі ў загонах жылі адлоўленыя дзікія звяры мясц. фауны (зубры, мядзведзі, алені, ваўкі і інш.). Паступова З. страцілі паляўнічае значэнне і ператварыліся ў функцыянальную ч. паркаў, дзе з дэкар. мэтамі ўтрымлівалі разнастайных звяроў і птушак (асабліва фазанаў). Вял. «фазаннікі» былі ў парку «Альба» і Каранёўскай лясной дачы (каля Гомеля).

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́ЎКА,

від літаратуры і сродак масавай інфармацыі, актуальны паводле зместу і аператыўны ў распаўсюджванні. Выдаецца эпізадычна з мэтай агітацыйна-паліт., ідэалаг.-выхаваўчага і інфарм.-арыентацыйнага ўплыву на шырокія слаі грамадства, адлюстравання актуальных падзей і з’яў свайго часу. Выконваецца ў выглядзе друкаванага або рукапіснага тэксту на аркушах паперы пераважна малых памераў. Тэкст можа быць арыгінальны (адозвы, аб’явы) ці запазычаны з інш. крыніц (афіц. дакументы, маст. творы).

Л. — адна з форм масавай рэв. прапаганды. Папярэднікі рэв. Л. — рукапісныя пісьмы і граматы з заклікамі да паўстанняў. Л. выпускалі Вольная рус. друкарня ў Лондане, народніцкія арг-цыі, першыя рабочыя гурткі, Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». На Беларусі рукапісныя Л. вядомы з 17 ст. У форме зваротаў выдаваліся ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у вайну 1812, у час паўстання 1863—64; у выглядзе Л. друкавалася газ. «Мужыцкая праўда». Шырока выкарыстоўваліся Л. ў час рэв. 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, герм. і польск. акупацыі ў 1918—20. У Вял. Айч. вайну Л. на тэр. Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, парт.-дзярж структуры з-за лініі фронту. Герм. акупац. ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысав. Л. на бел., рус., польск. і ням. мовах.

Л. — важны сродак масавай інфармацыі і цяпер. Яны выкарыстоўваюцца паліт. партыямі і рухамі Беларусі ў час выбарчых кампаній і падрыхтоўкі рэферэндумаў, у рэкламных мэтах.

В.​І.​Ермаловіч.

Лістоўка мінскіх падпольшчыкаў, надрукаваная 18.10.1942.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧ,

від ударнай, сякучай або сякуча-колючай зброі блізкага бою ў старажытнасці і сярэднявеччы ў пяхоце і кавалерыі. Складаецца з клінка (звычайна прамога і двухбаковавострага) і дзяржання (з навершам), адасобленага ад клінка крыжавінай.

Папярэднікі М. — клінкі на касцяной аснове, у якую ўстаўляліся крамянёвыя ўкладышы (вядомы па знаходках эпохі неаліту ў раёне воз. Байкал). Бронзавы М. з’явіўся ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. ў краінах Б.​Усходу, пазней пашыраны ў Егіпце, Закаўказзі і Зах. Еўропе; жалезны — у пач. 1-га тыс. да н.э. У Еўропе М. спачатку выкарыстоўвалі ў Стараж. Грэцыі ў 16—12 ст. да н.э. (кароткія колючыя і выгнутыя, цяжкія сякучыя). Стараж. рымляне ўзбройвалі кароткімі М. (гладыусамі) пяхоту, доўгімі (спатамі) — конніцу. Найб. тыповымі ўзорамі еўрап. М. былі: гальштацкі, латэнскі, саўрамата-сармацкі, франка-аламанскі, каралінгскі, раманскі. З 13 ст. побач з адназахопнымі ўжываліся паўтарачныя, пазней двухзахопныя дзяржанні. Найб. ранняя прыкмета выкарыстання М. на тэр. Беларусі — касцяная імітацыя крыжавіны гэтай зброі з гарадзішча Пруднікі (9 ст.). У Полацку, Гродне, Навагрудку, Друцку і інш. знойдзены цэлыя або фрагменты М. каралінгскага ўзору, у Друцку, Мінску, Ваўкавыску — раманскага ўзору, каля Старых Дарог і ў Мінску — гатычнага ўзору (знаходкі датуюцца 10—14 ст.). Клеймы на клінках М. 10 ст. сведчаць, што яны маюць зах.-еўрап. паходжанне (полацкі) і, верагодна, паўночнага (гродзенскі). Але даныя даследаванняў па гісторыі металургіі і металаапрацоўкі паказваюць, што на Беларусі ўжо ў той час існавалі сыравіна і тэхнал. магчымасці для вытв-сці ўласных клінкоў. Пісьмовыя крыніцы згадваюць палоннага беларуса Ілью, якога прымусілі працаваць у канцы 14 — пач. 15 ст. ў зброевых майстэрнях тэўтонскіх рыцараў. Мечнікі сустракаюцца ў пераліку цэхавых спецыяльнасцей Беларусі ў 16 ст. і больш познія часы. У 16 ст. ў сувязі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі М. выйшаў з ужытку ў пяхоце, а ў кавалерыі заменены на палаш, шаблю або шпагу. Як асн. від клінковай зброі М. выкарыстоўваўся ў Польшчы і ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. і быў заменены шабляй. Пазней М. захаваўся як цырыманіяльная зброя.

Літ.:

Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;

Макушнікаў А. Зброя нашчадкаў радзімічаў // Спадчына. 1991. № 2;

Ласкавый Г.В. К истории оружия Белорусского Подвинья в VI—XIII вв. // Полоцкий летописец. 1993. № 1(2);

Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII ст. з-пад Гродна // 3 глыбі вякоў Наш край. Мн., 1992;

Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа. Орша, 1993.

Г.​В.​Ласкавы.

Да арт. Меч: 1 — драўляная паліца з зубамі акулы і 2 — крамянёвы нож (папярэднікі мяча); 3 — бронзавы меч сярэдзіны 2 ст. да н.э.; 4 — скіфскі меч акінак; 5 — рымскі меч гладыус; 6 — доўгі рымскі меч спата; 7 — двухлязовы жалезны меч са Скандынавіі; 8 — найстаражытнейшы тып еўрапейскіх жалезных мячоў (гальштацкая культура); 9 — меч латэнскай культуры (5—1 ст. да н.э.); 10 — рускі меч 12—13 ст.; 11 — двухлязовы меч з Эфіопіі; 12 — паўднёванямецкі паўтараручны меч 16 ст.; 13 — шатландскі двухручны меч сярэдзіны 16 ст.; 14 — полацкі меч 10 ст. (Полацкі краязнаўчы музей).

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],

двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).

Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.​М.​Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.​Драйз і Ф.​М.​Фішэр, шатландзец Г.​Далзел, англічанін Трэфу, французы П.​Лалеман і М.​Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.​Б.​Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл. вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл. Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.

Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫ САД,

навукова-даследчая, навуч.-дапаможная і культ.-асветная ўстанова, у якой культывуюцца і вывучаюцца расліны мясц. і іншаземнай флоры, прапагандуюцца бат. веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лек., харч., дэкар. і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геагр. і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш. Асн. даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру. Адначасова батанічныя сады з’яўляюцца аб’ектамі рэкрэацыі.

Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Зах. Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала, 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лек. раслін. У эпоху вял. геагр. адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз батанічны сад ў К’ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз батанічны сад Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. батанічны сад ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя раёны. У Расіі папярэднікамі батанічных садоў былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер філіял батанічнага саду Маскоўскага ун-та), Пецярбургу (1714, цяпер батанічны сад Бат. ін-та Рас. АН). У 19 ст. батанічныя сады існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш.), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) батанічныя сады сталі цэнтрамі інтрадукцыі субтрапічных раслін.

На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (засн. садаводам С.​Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: гл. Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Літ.:

Антипов В.Г. Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии // Ботаника. 1964. Вып. 6;

Цицин Н.В. Ботанические сады СССР. М., 1974;

Федорук А.Т. Древесные растения садов и парков Белоруссии. Мн., 1980;

Головкин Б.Н. История интродукции растений в ботанических садах. М., 1981;

Лапин П.И. Ботанические сады СССР: [Фотаальбом]. М., 1984.

т. 2, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАМАСТА́ЦТВА кіно,

від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш. тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл. Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл. Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт. Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.

Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.​Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.​Портэр, Т.​Х.​Інс, Д.​У.​Грыфіт, Ч.​Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.​Гардзіна, Я.​Баўэра, Я.​Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.​Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл. Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.​Ланг, Ф.​Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.​Дэлюк), кінаавангард (Р.​Клер, Л.​Буньюэль, Ф.​Лежэ), сав. рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав. рэж. Дз.​Вертава, амер. рэж. Р.​Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав. рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.​Эйзенштэйна, У.​Пудоўкіна, А.​Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.​Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.​Рэнуара, Ж.​Фейдэра, Ж.​Дзювіўе, М.​Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.​Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ. дакумент. школа Дж.​Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.​Ром, С.​Юткевіч, А.​Зархі, І.​Хейфіц, Ю.​Райзман, Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.​Тарыч і У.​Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.​Форд, Ф.​Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ. рэж. Х.​Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.​Дзаваціні, Р.​Раселіні, В.​Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.​Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.​Феліні, Л.​Вісконці, М.​Антаніёні, П.​П.​Пазаліні), Швецыі (І.​Бергман), Японіі (А.​Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.​Рэнэ, Ф.​Труфо, Ж.​Л.​Гадар), «польская школа» (А.​Вайда, А.​Мунк), «чэшская школа» (М.​Форман, І.​Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.​Кубрык, Дж.​Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.​Чухрай, С.​Бандарчук, Л.​Куліджанаў, С.​Растоцкі, А.​Таркоўскі, В.​Шукшын, Э.​Клімаў, І.​Таланкін, на Беларусі — В.​Тураў, І.​Дабралюбаў, Б.​Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв. дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав. дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.​Лісаковіч, Г.​Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.​Архангельскі, Б.​Загражскі, У.​Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.​Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.​Ф.​Копалы, С.​Спілберга, Дж.​Лукаса, М.​Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.​Шапіцька, М.​Міхалкова, С.​Параджанава, В.​Абдрашытава, С.​Салаўёва, А.​Германа, Г.​Панфілава, у бел. кіно В.​Нікіфарава, М.​Пташука, В.​Рубінчыка, В.​Рыбарава, В.​Чацверыкова і інш.).

З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.​Джармена, П.​Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав. дакумент. К., кінематаграфісты Г.​Рэджыо (ЗША), А.​Сакураў, А.​Касакоўскі (Расія), В.​Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.

Літ.:

Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;

Актуальные проблемы киноискусства. М., 1977;

Жанры кино. М., 1979;

Смаль В.И. Сквозь призму десятилетий. Мн., 1980.

Л.​М.​Зайцава, Г.​У.​Шур (неігравое кіно).

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)