БЕСКАНЕ́ЧНА МАЛА́Я ў матэматыцы,
пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні меншай за любы папярэдне зададзены лік (мяжой з’яўляецца 0); адваротная да бесканечна вялікай. Калі x — бесканечна малая, то скарочана запісваюць lim x = 0 або x → 0. У матэм. аналізе важныя адносіны бесканечна малых адна да адной і іх сума пры неабмежаванай колькасці складаемых. Гл. таксама Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕЛІ́РАВАННЕ,
нанясенне на паверхню метал. (часам і неметал.) вырабаў слоя нікелю для аховы іх ад карозіі і ў дэкар. мэтах (наданне паверхні бліскуча-серабрыстага колеру). Таўшчыня нікелевага пакрыцця ад дзесятых долей мікраметра да 20—30 мкм і больш. Робіцца пераважна электралітычным спосабам (гл. Гальванатэхніка), а таксама хім. — аднаўленнем іонаў нікелю з яго солей. Каб паменшыць порыстасць пакрыцця, папярэдне робяць латуніраванне, мядненне або наносяць шматслойнае пакрыццё.
т. 11, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЫ́ ЗАДАЧА,
адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТАНА́ЙСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,
у Казахстане. Адкрыты ў 1930-я г. Уключае радовішчы магнетытавых, лептахларытавых і гідрагётытавых жал. руд. Прымеркаваны да ніжнекарбонавых вулканагенна-асадкавых парод (туфы, андэзітавыя парфіры, вапнякі і інш.). Разведаныя і папярэдне ацэненыя запасы жал. руд 14,7 млрд. т, у т. л. лёгкаабагачальных магнетытавых руд з колькасцю жалеза 45—47% — 5 млрд. т. Здабыча адкрытым (97%) і падземным спосабамі. Цэнтры здабычы — гарады Кустанай, Рудны, Лісакоўск, г.п. Качар.
т. 9, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,
працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПЕДЭ́ЎТЫКА (ад грэч. propaideuo папярэдне навучаю),
скарочанае выкладанне якой-н. навукі ў сістэматызаваным выглядзе; падрыхтоўчы ўводны курс, які папярэднічае больш глыбокаму і дэталёваму вывучэнню адпаведнай дысцыпліны. У Платона П. — заняткі, якія папярэднічалі вывучэнню дыялектыкі. У філас. традыцыі І.Канта П. часта называлі агульны курс арыстоцелеўскай логікі, які папярэднічаў вывучэнню канкрэтных навук. Кант, у якасці філас. П., прапанаваў разглядаць сваю трансцэндэнтальную філасофію (логіку). Г.Гегель значэнне П. прыпісаў дыялект. логіцы.
т. 13, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫНЁЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,
у Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Брынёў. Выяўлена ў 1973 у адкладах верхняга алігацэну і міяцэну. Мае адзін паклад. Сярэдняя магутнасць вугальнага пласта 5,8 м (макс. 19,9 м). Сярэдняя глыб. залягання 65 м (макс. 83 м). Вугалі гумусавыя, маркі I Б. Цеплыня згарання 7,1—21,5 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 26,6%. Разведана папярэдне. На пл. 7,1 км² запасы вугалю 38,6 млн. т. Радовішча не эксплуатуецца (1996).
т. 3, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́РНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі будынкаў і збудаванняў, якія збіраюць (манціруюць) на буд. пляцоўцы з элементаў, папярэдне зробленых на заводах і палігонах. Робяцца з жалезабетону, бетону, металу, драўніны і інш. Выкарыстанне З.к. зніжае працаёмкасць і кошт буд-ва, павышае якасць работ, спрыяе комплекснай механізацыі буд. вытв-сці. З.к. найб. эфектыўныя пры вял. паўторнасці аднатыпных элементаў у жыллёвым, прамысл., камунальным і трансп. буд-ве (гл. Буйнаблочныя канструкцыі, Буйнапанэльныя канструкцыі). На Беларусі пашырана буйнаблочнае, буйнапанэльнае і аб’ёмнаблочнае домабудаванне.
т. 7, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНЫЯ СІСТЭ́МЫ выдавецкія, спецыялізаваныя прыкладныя праграмы ЭВМ для падрыхтоўкі і афармлення паліграф. выданняў (кніг, газет, часопісаў і інш.). Асн. іх функцыя — вёрстка (размяшчэнне тэксту, ілюстрацый, розных выяўл. эфектаў і інш.) па старонках выдання. Дазваляюць паказваць падрыхтаваны дакумент (без раздрукоўкі, напр., на паперы) з дапамогай камп’ютэра (на маніторы вял. памераў ці спец. дэманстрацыйнай панэлі). Зыходныя матэрыялы (тэксты, малюнкі, формулы і інш.) папярэдне апрацоўваюцца з дапамогай адпаведных рэдактараў дакументаў (тэкставых, графічных, формульных і інш.).
т. 7, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНА ВЯЛІ́КАЯ ў матэматыцы,
пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні большай за любы папярэдне зададзены лік; адваротная да бесканечна малой. Калі x — бесканечна вялікая, то скарочана запісваюць lim x = ∞, або x → ∞. Функцыя будзе бесканечна вялікай у наваколлі пункта x0, калі для любога ліку N>0 знойдзецца такі лік δ>0, што для ўсіх x ≠ x0 і такіх, што |x-x0|<δ, выконваецца няроўнасць ||>0. Скарочана гэта запісваюць limx→x0 = ∞.
т. 3, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)