ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Арыбатыды, гл.Панцырныя кляшчы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,
гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛАЗА́ЎРЫ,
(Ankylosauria), панцырныя дыназаўры, падатрад выкапнёвых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. Рэшткі вядомы з адкладаў сярэдняй і верхняй юры Зах. Еўропы і мелу Паўн. Амерыкі, Зах. Еўропы і Аўстраліі. 2 сям., каля 25 родаў, 40 відаў.
Даўж. да 9 м. Мелі шырокае, сплюшчанае цела, зверху ўкрытае касцянымі шыпамі і панцырнымі пласцінкамі, злітымі ў суцэльны панцыр (адсюль другая назва). На канцы хваста, які служыў актыўным сродкам абароны ад драпежных дыназаўраў, былі вострыя шыпы. Карміліся расліннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКАНЕРВО́ВЫЯ (Amphineura),
падтып найб. прымітыўных марскіх малюскаў. 2 класы: панцырныя малюскі і баразнаватабрухія (бяспанцырныя), па інш. сістэме і 3-і клас. — каўдафавеаты. Вядомыя з ранняга кембрыю. Каля 100 вымерлых і 1300 сучасных відаў. Жывуць ва ўсіх краявых морах і акіянах.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 35 см) двухбаковасіметрычнае. Кутыкула мантыі ўкрыта вапняковымі лускавінкамі (спікуламі). У большасці на спінным баку цела рухома сучлененая ракавіна. Галава без вачэй і шчупальцаў. Нерв. сістэма з дзвюх пар падоўжаных ствалоў. Крывяносная сістэма незамкнёная. Апладненне вонкавае, развіццё праз стадыю плаваючай лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭЯЗА́ЎРЫ (Pareiasauria),
падатрад вымерлых паўзуноў падкл. катылазаўраў. 2 сям., каля 15 родаў. Найб. тыповыя прадстаўнікі — скутазаўры. Вядомы з верхняпермскіх адкладаў (каля 240 млн.г. назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўд. Афрыцы. Жылі, верагодна, пераважна ў вадзе, трымаліся статкамі ў неглыбокіх вадаёмах.
Даўж. да 4 м. Цела масіўнае, укрытае мяккай слізістай скурай з касцявымі бляшкамі; хвост кароткі. На спіне панцырныя пласцінкі. Галава шырокая, кароткая, з бакавымі вырастамі на скулавых костках (адсюль лац. назва, якая абазначае шчакатыя яшчары). Расліннаедныя. Па рэштках П. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.