ПАНЗАО́ТЫЯ (ад пан... + греч. zōon жывёла),
надзвычайнае пашырэнне інфекц. хвароб жывёл у краіне, групе краін, на кантыненце; найвышэйшая ступень эпізаотыі. Узбуджальнікі хвароб (напр., яшчур, чума жывёл, птушак) вельмі заразныя, захворванне да 100%. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты.
т. 12, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),
тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНБІЯСФЕ́РА (ад пан... + біясфера),
1) сума слаёў атмасферы, усёй гідрасферы і часткі літасферы, у якіх пастаянна ці часова (выпадкова) прысутнічаюць жывыя арганізмы.
2) Гіст. рад эвалюц. фаз развіцця біясферы ад зараджэння жыцця, утварэння першаснай біясферы і яе развіцця да сучаснага перыяду.
т. 12, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНО́ (франц. і італьян. domino ад лац. dominus пан),
1) маскарадны касцюм у выглядзе плашча з рукавамі і капюшонам, а таксама чалавек у такім касцюме.
2) Плашч з капюшонам у каталіцкіх манахаў.
3) Настольная гульня ў пластмасавыя або касцяныя пласцінкі, на якіх нанесены кропкі (ачкі), а таксама набор пласцінак для гэтай гульні (28 шт.).
т. 6, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНПСІХІ́ЗМ (ад пан... + psychē душа),
вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды. Гіст. формы П. ад недыферэнцыраванага анімізму першабытных вераванняў і гілазаізму стараж.грэч. натурфіласофіі да развітых вучэнняў пра душу і псіхічную рэчаіснасць як сапраўдную і адзіную сутнасць свету (канцэпцыя манады Лейбніца, філас. ідэі ням. псіхафізіка 19 ст. Г.Т.Фехнера, вучэнне псіхолага К.Г.Юнга і інш.).
т. 12, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНУШКЕ́ВІЧ ((Hanuszkiewicz) Адам) (н. 16.6.1924, г. Львоў, Украіна),
польскі акцёр і рэжысёр. Скончыў драм. школу ў г. Жэшаў (1945). Працаваў у т-рах Кракава, Познані і інш. У 1955 у Варшаве: дырэктар т-раў Паўшэхнага (1963—68), Нарадовага (1968—82), Новага (з 1989). Сярод пастановак: «Вяселле» (1963; 1974 і роля Паэта) і «Вызваленне» (1966, і роля Конрада) С.Выспянскага, «Пан Вакульскі» паводле Б.Пруса (1967), «Нябоская камедыя» З.Красінскага (1969), «Кардыян» Ю.Славацкага і «Гамлет» У.Шэкспіра (1970), «Сід» П.Карнеля (1984), «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага (1964, і роля Раскольнікава); паэт. кампазіцыі «Хатні спеўнік» з муз. С.Манюшкі (1982) і інш. Здымаўся ў кіно. Адзін са стваральнікаў тэлевізійнага т-ра ў Польшчы, аўтар шэрагу яго пастановак («Пан Тадэвуш» паводле А.Міцкевіча і інш.). Ставіў спектаклі на сцэнах тэатраў ФРГ і Фінляндыі. Дзярж. прэмія Польшчы 1964, 1968.
Літ.:
Filler W. Teatr Hanuszkiewicza. Warszawa, 1974.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЛЬСКАЯ ((Brylska) Барбара) (н. 5.6.1941, Варшава),
польская кінаактрыса. Скончыла Вышэйшую школу тэатра, кіно і тэлебачання ў Лодзі. Вобразы, створаныя актрысай, вызначаюцца вытанчанасцю выразных сродкаў і псіхал. праўдзівасцю. Сярод фільмаў: «Фараон», «Пан Валадыеўскі», «Польскі альбом», «Анатомія кахання». Здымалася ў Германіі («След Сокала», «Белыя ваўкі», «Пігмаліён XII»), Чэхаславакіі («Канцэрт для тых, хто застаецца», «Ціхі амерыканец у Празе»), Расіі [«Вызваленне», «Гарады і гады», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, Дзярж. прэмія СССР 1977)].
т. 3, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́С (Хаджа Ахмад) (7.6.1914, г. Паніпат, Індыя — 1987),
індыйскі кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік. Скончыў Алігархскі мусульманскі ун-т. Удзельнік стварэння Асацыяцыі нар. т-раў Індыі (1943). Пастаноўшчык маст. фільмаў «Незвычайнае здарэнне», «Іншаземец» (з рэж. В.Проніным, у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), «Дзве кроплі вады» і інш. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Бессмяротная гісторыя доктара Котніса», «Бадзяга», «Пан 420» (абодва ў сааўт.), сац. раманаў «Заўтра належыць нам» (1945), «Крывавы шлях» (1980) і інш.
т. 1, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у сярэдзіне 18 ст. пры базыльянскай семінарыі ў мяст. Жыровічы (цяпер вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл.). Пастаўленыя ў ім драмы на лац. і польск. мовах з бел. інтэрмедыямі карысталіся папулярнасцю ў гледачоў. Вядома пра пастаноўкі ў тэатры лац. трагедыі «Цыцэрон» С.Навіцкага з музыкай мясц. кампазітара Б.Згіроўскага (1752), польска-бел. уніяцкай інтэрмедыі «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЫКО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (20.11.1896, г. Крэменец, Украіна — 14.6.1962),
украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1944). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1923), выкладаў у ёй (з 1946 праф.). У 1926—35 працаваў дырыжорам у т-рах Кіева, Харкава і інш. Аўтар опер «Сотнік» (1939), «Наймічка» (1943, паводле Т.Шаўчэнкі), першага ўкр. балета «Пан Канёўскі» (1931), першых укр. араторый («Дума пра дзяўчыну-паланянку Марусю Багуслаўку», 1923), кантат, сімф. сюіт, а таксама песень, хароў, апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў.
т. 4, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)