ЛЕГЕ́НДА карты, сукупнасць умоўных знакаў на карце і тлумачэнне да іх. Служыць ключом для чытання карты і ў некаторай ступені раскрывае яе змест, значэнне і суадносіны асобных элементаў. Змяшчаецца на палях або на вольнай плошчы ўнутры рамак карты, радзей на адвароце. У атласах і шматліставых картах Л. можа займаць асобны ліст або дадавацца ў выглядзе тлумачальнай запіскі са звесткамі, якія нельга перадаць графічна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Аляксандр Карпавіч) (12.9.1904, г. Рэчыца — 23.4.1956),
поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1942. Камандзір сапёрнага аддзялення ст. сяржант Васільеў вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: з групай сапёраў размініраваў 2 мінныя палі, зняў 75 мін; пад агнём праціўніка пераправіў на лодцы цераз Одэр 250 пехацінцаў; у баях за расшырэнне плацдарма зрабіў 5 праходаў у мінных палях, зняў 65 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАСТА́ННІ, перыфітон,
сукупнасць водных арганізмаў, якія пасяляюцца на штучных (днішчы суднаў, буі, збудаванні на па́лях, трубаправоды, прычалы) і прыродных (камяні, карчы, вышэйшыя водныя расліны і інш.) цвёрдых субстратах. Складаюцца з бактэрый, грыбоў, прасцейшых, водарасцяў, чарвей, імшанак, малюскаў, губак. З’яўляюцца прыродным біяфільтрам, індыкатарам якасці вады, прадуцэнтам арган. рэчываў, кармавой базай і сховішчам для водных жывёл. Прыносяць вял. страты засмечваннем водазабіральных адтулін, трубаправодаў, памяншаюць скорасць руху суднаў і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НДЗЕЕ,
энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЭ́ННЕ,
паверхневае рыхленне глебы з частковым пераварочваннем і перамешваннем, падразаннем пустазелля і знішчэннем шкодных насякомых; агратэхнічны прыём апрацоўкі. Зніжае шчыльнасць глебы, павышае аэрацыю, спрыяе захаванню вільгаці. Праводзіцца адначасова або пасля жніва збожжавых і перад пераворваннем шматгадовых траў дыскавымі або лямешнымі лушчыльнікамі на глыб. 8—12 см. Можа замяняць узорванне з-пад прапашных культур на рыхлых глебах і чыстых ад пустазелля палях, а таксама на пераўвільготненых цяжкіх глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НКА (Arenaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 250 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 1 від — П. чабаралістая (A. serpyllifolia). Расце на сухіх пясчаных месцах, часта як пустазелле на палях, каля жылля.
Шмат- радзей адна- і двухгадовыя травы, часам паўкусцікі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, дробнае, на канцы завостранае. Кветкі дробныя, белыя ў нешматкветкавых суквеццях. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́ШЧАЎ (Віктар Іванавіч) (30.1.1931, хутар Брацкі, Валгаградская вобл., Расія — 9.3.1989),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1988). Скончыў Харкаўскае вышэйшае авіяц.-інж. ваеннае вучылішча (1954). З 1962 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні з’яў электроннага пераносу ў металах пры нізкіх т-рах і моцных магн.палях. Эксперыментальна адкрыў з’яву электроннага тармажэння дыслакацый у магн. полі, даказаў кагерэнтны характар электроннага тунэлявання пры магн. прабоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКІ, шчаўрыцы (Anthus),
род птушак сям. сітаўкавых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ўсюды. Каля 30 відаў. На Беларусі 4: К. лясны (A. trivialis), лугавы (A. pratensis), палявы (A. campestris) і чырвонаваллёвы (A. cervina). Жывуць у рэдкалессі, на балотах з дрэвастоем, сырых лугах і палях. Зімуюць у Міжземнамор’і, Афрыцы, Індыі.
Даўж. 15—20 см, маса 15,5—27 г. Кормяцца насякомымі, павукамі, дробнымі малюскамі, насеннем травяністых раслін. Гнёзды на зямлі. Двойчы за лета нясуць 4—5 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦВЕ́Т (Lycopsis),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй Еўропе, Міжземнамор’і і Сярэдняй Азіі. На Беларусі — К. палявы (L. arvensis, нар. назвы калючнік, пакравец, страснік, сушанік).
Трапляецца на палях, засмечаных мясцінах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 30—50 см. Сцябло прамое, укрытае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, па краі хвалістае, з рэдкімі шчацінкамі. Кветкі блакітныя, правільныя, сабраныя ў моцнааблісцелыя завіткі. Плод — чатырохарэшак. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ЕВА́НГЕЛЛІ,
тры рукапісныя помнікі 12—14 ст. з г. Полацк Віцебскай вобл. Напісаны на пергаміне царк.-слав. мовай. Першае належала Свята-Троіцкаму манастыру. Напісана ўставам, двума почыркамі ў 2 слупкі на 172 лістах. Аздоблена загалоўкамі, рознакаляровымі застаўкамі і кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы 14—17 ст., адзін з іх зроблены кн. Андрэем Полацкім (14 ст.). Другое П.е. належала манастыру Іаана Прадцечы. Напісана паўуставам у адзін слупок на 196 лістах. Аздоблена кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы, сярод якіх зробленыя кн. Ульянай (жонкай Альгерда), полацкім кн. Іванам Юр’евічам. Трэцяе належала таксама манастыру Іаана Прадцечы. Напісана ўставам у 2 слупкі на 144 лістах. Аздоблена застаўкай-пляцёнкай, ініцыяламі ў візант. і тэраталагічным стылях. Мае шмат датаваных прыпісак (1507—22), якія з’яўляюцца дадатковай крыніцай вывучэння тапанімікі і анамастыкі Полацкай зямлі 12—17 ст. Некат. даследчыкі да П.е. адносяць рукапіс 12 ст. з Рас.дзярж. б-кі ў Маскве, дзе захаваліся каляровыя мініяцюры.
Літ.:
Гранстрем Е.Э. Описание русских и славянских пергаментных рукописей. Л., 1953;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993.
М.В.Нікалаеў.
Да арт.Полацкія евангеллі. Старонка Евангелля са Свята-Троіцкага манастыра.