БЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́, бярэзнікі,

драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (В. pubescentis); агульная плошча Б.л. больш за 1 млн. га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).

Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападзоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.

Д.С.Голад.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1821—29,

нацыянальна-вызваленчая вайна грэкаў супраць тур. панавання, у выніку якой утворана самаст. грэч. дзяржава. Падрыхтавана членамі тайнага нац.-вызв. т-ва «Філікі Этэрыя» пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці. На 1-м этапе рэвалюцыі (1821—22), якая пачалася з паўстання на Пелапанесе 25.3.1921 (з таго часу 25 сак. адзначаецца як Дзень незалежнасці Грэцыі), вызвалена значная ч. тэр. краіны. 13.1.1822 Нац. сход абвясціў незалежнасць Грэцыі, прыняў часовую канстытуцыю — Эпідаўрскі арганічны статут 1822, выбраў прэзідэнтам краіны К.Маўракардатаса. Летам 1822 грэч. атрады на чале з Т.Калакатронісам разбілі 30-тысячную тур. армію, якая ўварвалася на Пелапанес, а грэч. караблі атакавалі тур. ВМФ і прымусілі яго пакінуць Эгейскае м. На 2-м этапе вайны, у выніку абвастрэння сац. і паліт. супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстанцаў, адбыліся 2 грамадз. Вайны (1823—24 і 1824—25). На 3-м этапе (1825—27) тур.-егіп. войскі акупіравалі ўсе грэч. вобласці на Пн ад Карынфскага перашыйка. На 4-м, апошнім, этапе (1827—29) Нац. сход у Трэзене ў сак. 1827 прыняў новую канстытуцыю, прэзідэнтам выбраны І.Кападыстрыя, які зрабіў шэраг захадаў па паляпшэнні эканам. становішча краіны, павышэнні баяздольнасці ўзбр. сіл, цэнтралізацыі кіравання. Прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі падпісалі Лонданскую канвенцыю 1827 аб спыненні грэка-тур. вайны і наданні Грэцыі поўнай унутр. аўтаноміі. Гэта прывяло да Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 Турцыя прызнала аўтаномію Грэцыі. У 1830 Грэцыя атрымала незалежнасць. Рэвалюцыю падтрымала грамадскасць многіх краін свету, паўстанцам дапамагалі замежныя добраахвотнікі (сярод іх англ. паэт Дж.Байран).

Літ.:

Арш Г.Л. И.Каподистрия и греческое национально-освободительное движение, 1809—1822 гг. М., 1976.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧЫ

(Абрагамовічы),

шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:

Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІЦІРО́ЎКА,

якасная ацэнка асобных прыродных рэсурсаў (водаў, глебаў, лясоў, жывёльнага свету і інш.), іх тэрытарыяльных спалучэнняў або сукупнасцяў (біягеацэнозаў, ландшафтаў, угоддзяў, запаведных участкаў і інш.) ці асобных гасп. каштоўнасцяў. Найбольшае гасп. значэнне мае баніціроўка с.-г. жывёл, глебы і лесу (гл. Банітэт).

Баніціроўка сельскагаспадарчых жывёл — іх ацэнка паводле племянных і прадукцыйных вартасцяў для вызначэння парадку далейшага выкарыстання. Уключае комплексную ацэнку жывёл паводле паходжання, экстэр’еру, прадукцыйнасці, узнаўленчай здольнасці і якасці патомства. Адно з асн. масавых мерапрыемстваў па паляпшэнні статкаў. На Беларусі праводзіцца (з 1934) заатэхнікамі-селекцыянерамі ці спецыялістамі-баніцёрамі ва ўсіх племянных статках штогод у пэўныя тэрміны. Баніціруюць: кароў, быкоў, маладняк буйн. раг. жывёлы з 6 месяцаў; свінаматак, кныроў, рамонты маладняк з 2 месяцаў; аўцаматак, бараноў і маладняк авечак танкарунных і паўтанкарунных парод з аднагадовага ўзросту, грубашэрсных, мяса-сальных і неспецыялізаваных парод ва ўзросце каля 1,5 года, футравых — у 7—8 месяцаў, смушкавых — ва ўзросце 1—2 сут; маладняк козаў ва ўзросце 3,5—4 месяцаў і 1 года; дарослую птушку, маладняк курэй і індыкоў з 2 месяцаў, качак і гусей з 3 месяцаў. Паводле вынікаў баніціроўкі фарміруюць племянное ядро, племянны маладняк, групу жывёл, не прыдатных на племя, і інш. групы, распрацоўваюць мерапрыемствы для павышэння даходнасці фермаў. Баніціроўка глебы — параўнальная ацэнка якасці глебы па яе найважнейшых агранамічных уласцівасцях. Неабходна для эканам. ацэнкі зямлі, вядзення зямельнага кадастру, меліярацыі і інш. Пры баніціроўцы ўлічваюцца прыродныя якасці глебы (грануламетрычны склад, увільготненасць, завалуненасць і камяністасць, кіслотнасць), дабратворны і шкодны ўплыў на яе гасп. дзейнасці чалавека (намнажэнне гумусу, асн. пажыўных рэчываў для раслін, пашкоджанасць у выніку эрозіі і інш.). Баніціроўка вядзецца па 100-бальнай шкале. Ва ўмовах Беларусі найвышэй ацэнены дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы — 63—100 балаў. Бал банітэту глебаў дзярнова-падзолістых 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных 20—64, тарфяна-балотных З6—75, поймавых 31—88.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТСВА́НА

(Botswana),

Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс. км². Нас. 1,4 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).

Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на Ур. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц. традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.

Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.

Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.

Асн. паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл. ААН (з 1966), Садружнасці і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у тым ліку горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт·гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх. ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс. км, у тым ліку з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс. км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).

т. 2, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)