ГАРАДО́ЦКА-ЗДО́ЎБІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія каля 2250—1750 да н.э. жылі на тэр. Зах. Валыні і ў паўд. частцы Зах. Палесся; адна з шнуравой керамікі культур. Падзяляецца на 2 этапы: гарадоцкі (ранні) і здоўбіцкі (позні). Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. На раннім этапе жыло ў наземных, на познім — у заглыбленых у зямлю жытлах; пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы ў курганных і грунтавых могільніках. Вырабляла керамічны посуд з шарападобным і пукатым тулавам, крамянёвыя долатападобныя прылады, каменныя зерняцёркі, касцяныя і бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Даследчыкі адзначаюць яе ўплыў на ўсх.-палескія помнікі сярэднедняпроўскай культуры, была асн. кампанентам тшцінецкай культуры.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ (Кім Сен) Нічыпар Сцяпанавіч

(н. 28.11.1936, с. Цінкан Прыморскага краю, Расія),

расійскі тэатр. дзеяч, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1997). Скончыў Ташкенцкі ін-т мастацтваў (1960). У 1960—63 рэжысёр і акцёр Карэйскага т-ра ў г. Кзыл-Арда (Казахстан). У 1970—89 выкладаў у Ташкенцкім ін-це культуры. Даследуе вытокі і формы нар. тэатр. мастацтва сярэднеазіяцкага рэгіёна, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Наладжвае творчыя сувязі дзеячаў культуры краін СНД. З 1991 прэзідэнт Саюза міжнар. кар. асацыяцый дружбы і супрацоўніцтва (Масква).

Тв.:

Народное художественное творчество Советского Востока. М., 1985.

Літ.:

Пашкоў Г.П. Дарога да акіяна // Пашкоў Г.П. Палескія вандроўнікі. Мн., 1998.

А.В.Сабалеўскі.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАЎ (Майсей Залманавіч) (н. 23.12.1909, г. Веліж Смаленскай вобл., Расія),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1934). У 1934—78 на кінастудыі «Беларусьфільм», здымаў дакумент. і навук.-папулярныя фільмы. У 1941—45 франтавы аператар; яго сюжэты і асобныя рэпартажы ўвайшлі ў дакумент. фільмы «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой», «Бой за Віцебск», «Мінск — наш!», «Вызваленне Савецкай Беларусі» і інш., выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З лепшых фільмаў: «Белавежская пушча» (1948), «Архітэктурныя помнікі мінулага» (1959), «Жыццё на сцэне» (1966), «Генерал Пушча» (1967), «Хлопчык і чапля» і «Сапраўднае імя — Мікалай Судзілоўскі» (абодва 1969), «Палескія калядкі» (з У.Цеслюком) і «У час цішыні» (абодва 1972) і інш.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ,

гідралагічны заказнік у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане асн. ч. Выганашчанскага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны і інш. рэк, азёр Выганаўскае і Бабровіцкае. Пл. 43 тыс. га (1996). Уключае тэр. Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў. Знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. Большая ч. тэр. — нізінныя і пераходныя палескія балоты. На ўчастках лесу пераважаюць хвоя, бяроза, астраўкамі растуць вольха, асіна, таполя, вярба, дуб, клён і вяз. У флоры каля 250 відаў раслін, у т. л. рэдкія віды: бяроза нізкая, маруна веснавая, цэфалазіела чырванаватая і інш., занесеныя ў Чырв. Кнігу Беларусі каўлінія малая і мякатніца адналістая.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (1.10.1911, в. Скрыпіцына Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 17.2.1976),

бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Пензенскі маст.-пед. тэхнікум (1931). У 1937—71 мастак-педагог і кіраўнік маст. студыі пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1956—68), Рэсп. маст. школы-інтэрната (1963—65). Працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта. Творы вызначаюцца эмацыянальнасцю, дэкаратыўнасцю колеру: «Восеньскі пейзаж» (1947), «На рацэ» (1959), «Лепельскія азёры» (1961), «Гарадскі пейзаж» (1967), «Сказ аб Бярэзіне» (1970), «Лета. Нацюрморт» (1971), «Хутар Альбуць» (1972), «На Прыпяці» (1973), «Палескія волаты» і «На Бярэзіне» (абодва 1975). Асобнае месца займаюць графічныя малюнкі з франтавога жыцця (1943—44).

С.Каткоў. На Бярэзіне. 1975.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДА́РСКІ (Роберт Яфімавіч) (н. 1.4.1936, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1966). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творчасць вызначаецца дэкаратыўнасцю каларыту, лірыка-эпічным ладам кампазіцый. Сярод твораў: «Ластаўкі» (1974), «Вясновыя турботы» (1975), «Жаўрук спявае» (1978), «Раніца ў Тарасаўцы», «На Белым возеры», «Кветкі лугавыя» (усе 1980), «Пейзаж з сарокамі», «Палескія дубравы» (абодва 1981), «Балада пра маці» (1982), «На Прыпяці» (1983), «Вёска Радуга» («Дзень Перамогі», 1984), «Расчыненае акно» (1987), «Юнацтва», «Веснавы сеў» (абодва 1992), «У забароненай зоне» (1994), «Вёска Барталамееўка» (1996), «Раніца» (1997), «На Бесядзі», «Лета майго дзяцінства», «Закат на Прыпяці» (усе 1998); акварэлі «Зімой» (1972), «Вясна на Сажы» (1974), «Раніца на Сажы» (1981) і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАРА́ЦКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 2.9.1946, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1971) і кампазіцыі (1979, клас Дз.Смольскага). У 1979—82 дырыжор Сімфанічнага аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1984 выкладчык Мінскай дзіцячай муз. школы № 9. Найб. значныя творчыя дасягненні ў сімф. і канцэртным жанрах. Яго музыцы ўласцівы тэмбравая маляўнічасць, нестандартнасць драматург. вырашэнняў. Сярод твораў: кантаты «Мая Беларусь» на словы Я.Коласа (1982) і «Каб ведалі» на словы М.Танка (1984); сімфоніі (1981, 1990); канцэрты — для трубы (1980, 1992), для валторны з арк. (1985), для аркестра (1987), «Палескія песні» для аркестра бел. нар. інструментаў (1988), канцэрціна для кларнета і фп. (1989); санаты для кларнета (1984) і «Мазаіка» для фп. (1986), «Партыта» для брас квінтэта (1988); інстр. п’есы; музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Р.М.Аладава.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФО́ ((Defoe) Даніэль) (1660?, Лондан — 24.4.1731),

англійскі пісьменнік, публіцыст; адзін з заснавальнікаў еўрап. рэаліст. рамана. Скончыў дысентэрскую (пурытанскую) акадэмію. Пісаў паліт. памфлеты, вершаваныя сатыры («Чыстакроўны англічанін», 1701; «Найкарацейшы шлях расправы з дысентэрамі», 1702), за якія быў прыгавораны да турэмнага зняволення. Аўтар дакумент. прозы («Запіскі кавалера», 1720; «Дзённік чумнага горада», 1722), авантурна-прыгодніцкіх раманаў («Капітан Сінгльтан», 1720, «Гісторыя палкоўніка Жака» і «Моль Флендэрс», абодва 1722). Сусв. вядомасць яму прынёс раман «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (ч. 1—2, 1719). Тэма «рабінзанады» як спроба стварэння асноў матэрыяльнай і духоўнай культуры ў адрыве ад цывілізацыі стала вельмі папулярная і выклікала ў далейшым шмат наследаванняў (у бел. л-ры «Палескія рабінзоны» Я.Маўра). На бел. мову раман пераклала А.Васілевіч (1976).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1971.

Г.Я.Адамовіч.

Д.Дэфо.

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІН (Яўген Ільіч) (н. 20.3.1939, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971), выкладаў там у 1972—75. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісе. Творчасці ўласцівы настальгічная рамантычнасць, багацце колеравай гамы (цыклы «Настальгія», «Мужчына і жанчына», карціны «Сон каралевы», «Красавіцкія мары», усе 1994). Аўтар акварэлей «Лета на Віліі» (1977), «Палескія краявіды» (1980), «Півоні» (1994), «Кветкі ў трох збанах» (1995), літаграфій «Лета» і «Цішыня» (абедзве 1972), «Восеньскі пейзаж» і «Успаміны пра лета» (абедзве 1981), «Поле» (1982), жывапісных твораў «Адыходзячыя ў аблокі» (1993), трыпціха «Дзецям Чарнобыля прысвячаецца» (1993—94), «Выкраданне Еўропы» (1994) і інш. Праілюстраваў каля 70 кніг, многія з якіх адзначаны дыпломамі («Дарункі лесу» К.Цвіркі, 1969, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, 1971, «Дзівы» І.Васілеўскага, 1972, і інш.).

Я.Жылін. Амазонка. З цыкла «Настальгія». 1994.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.

Адкрыты ў 1995 у в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Засн. ў 1993 на базе створанага ў 1982 аматарам П.Пташыцам калгаснага музея. Пл. экспазіцыі каля 1000 м², 17,1 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: гісторыі сял. побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, нар. адзення, вуснай нар. творчасці. Экспазіцыя прысвечана культуры Зах. Палесся. Сярод экспанатаў: археал., прылады працы, вырабы майстроў па дрэве, ганчароў, ткачых, калекцыі вышыўкі, бездзежскіх выкладаў і фартушкоў, маляваных, тканых, вышываных дываноў, адзення мотальскага і драгічынскага строяў, творы мастакоў У.Капшая, А.Марачкіна, У.Тоўсціка. Ёсць дыярама старадаўняга Моталя і яго ваколіц, інтэр’ер хаты пач. 20 ст., фотатэка і інш. Паводле матэрыялаў музея створаны кінастужкі «Палескія вяселлі» (1986, рэж. З.Мажэйка), «Пераблытанка» (1989, рэж. А.Мезенцаў), «Мотальскія анекдоты, жарты, байкі» (1990, рэж А.Пестаў). На базе фондаў музея праводзяцца выстаўкі.

В.Р.Мацукевіч.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)