БАР (франц. barre),

пясчаны падводны вал у прыбярэжнай паласе марскога дна перад вусцем ракі (прывусцевы бар) або вузкая, выцягнутая ўздоўж берага наносная паласа сушы, што аддзяляе лагуну ад мора (берагавы бар). Утвараецца ад сукупнага дзеяння цячэння ракі, марскіх хваляў, прыліваў і адліваў.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙДА,

паласа ўвільготненых нізінных раўнін уздоўж узбярэжжаў мораў на Пн Расіі, што заліваецца вадой пры высокіх прылівах і высыхае пры адлівах. Шырыня да некалькіх кіламетраў. Часта ўкрыта лугавой і балотнай галафітнай расліннасцю. У шырокім разуменні Л. — плоскі забалочаны ўчастак тундры і лесатундры са шматлікімі дробнымі азёрамі.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́К, Пялік,

возера ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Бярэзіна (цячэ праз возера), за 30 км на Пн ад г. Барысаў. Пл. 7,68 км², даўж. 6,2 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 2,1 м. Пл. вадазбору 2760 км². У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Схілы катлавіны выш. 7—8 м, спадзістыя, пясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, месцамі пясчаныя, пад хмызняком. На Пд вузкі доўгі заліў. Дно плоскае, сапрапелістае, месцамі ўздоўж берагоў вузкая пясчаная паласа. Мінералізацыя вады 115—120 мг/л, празрыстасць каля 2 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае, паласа расліннасці 500 м. Упадаюць рэкі Лютка, Смольніца, Бурчак. У Вял. Айч. вайну ў ваколіцах П. базіраваліся партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», імя Кірава, імя Панамарэнкі, дзейнічаў Барысаўскі падп. міжраённы к-т КП(б)Б.

Возера Палік.

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІШАПУ́РСКІЯ ГО́РЫ.

На ПнУ Ірана, паўд. паласа Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 350 км, выш. да 3314 м (г. Кенгзошк). Складаюцца з асобных хрыбтоў, падзеленых шырокімі далінамі. Складзены з вапнякоў і пясчанікаў з выхадамі інтрузій з парфіраў і гранітаў. Участкі бедленду. Тэрмальныя крыніцы, радовішча бірузы. Перадгорныя пустыні змяняюцца з вышынёй паўпустынямі і горнымі стэпамі.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ ў геамарфалогіі,

нізкая і вузкая намыўная паласа сушы ў берагавой зоне ракі, возера або мора, у якой адзін канец злучаны з берагам, а другі заканчваецца ў межах акваторыі. Складзена з пяску, галькі, ракушачніку. Утвараецца ў выніку перамяшчэння наносаў хвалямі і хвалевымі цячэннямі ўздоўж берага і акумуляцыі на ўчастку зніжэння энергіі хвалі пры абгінанні выступу берага.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАПАЛО́СНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

працэс атрымання мадуляваных ваганняў, частотны спектр якіх мае адну бакавую паласу частот (нясучая частата і другая бакавая паласа значна прыглушаны). У параўнанні з амплітуднай мадуляцыяй пры аднапалоснай мадуляцыі перадавальны спектр частот скарачаецца ў 2 разы, што дазваляе падвоіць колькасць каналаў сувязі. Агульны выйгрыш па магутнасці перадатчыка ў 8—16 разоў. Выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, прафес. і аматарскай радыёсувязі, правадной сувязі.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАВЯ́ШКІ,

у беларусаў абутак з дрэва, які насілі вясной і восенню. Бытавалі ў 19 — пач. 20 ст. пераважна на Гродзеншчыне і на З Віцебшчыны (спарадычна трапляліся ў інш. рэгіёнах Беларусі). Былі 2 тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском і камбінаваныя туфлі на нізкім ці высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.

Дзеравяшкі.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСЕНА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Larsen Shelf Ice),

адзін з найбуйнейшых шэльфавых ледавікоў у Зах. Антарктыдзе. Утварае ўсх. ледзяны бераг Антарктычнага п-ва (прыморская паласа ўсх. берага Зямлі Грэяма) даўж. больш за 800 км, шыр. каля 200 км. Пл. каля 86 тыс. км². Таўшчыня лёду 150—500 м. Круглы год блакіраваны дрэйфуючымі крыгамі Уэдэла мора. Адкрыты ў 1893 нарвежскай экспедыцыяй К.Ларсена, названы ў яго гонар.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАГРАФІ́ЗМ (ад дэрма + грэч. graphō пішу),

змена афарбоўкі скуры пры мех. яе раздражненні. Адрозніваюць Д. белы (палосы пры раздражненні белага колеру), узвышаны (палосы чырв. колеру, узвышаныя над скурай і доўга не знікаюць), чырвоны (палосы чырв. ці ружовага колеру), разліты (палосы выходзяць за межы ўчастка, які раздражнялі), рэфлектарны (шырокая паласа з чырв. і белых плям), уртыкальны (на месцы раздражнення пухіры), мясцовы (толькі месца штрыхавога раздражнення). Мае дыягнастычнае значэнне.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)