ДЖЭ́ЛАМ,
рака ў Індыі і Пакістане, правы прыток р. Чынаб (бас. Інда). Даўж. 810 км, пл. бас. 55,3 тыс. км².
Пачынаецца ў хр. Пір-Панджал (Цэнтр. Гімалаі), перасякае Кашмірскую даліну, Паўн. і Зах. Гімалаі, цячэ па раўнінах Пенджаба. Сярэдні расход вады каля 900 м³/с. Летняя паводка. Ад Дж. адыходзіць сетка арашальных каналаў. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Дж. — гарады Срынагар (Індыя), Джэлам (Пакістан).
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАГА ДАГАВО́РУ (The Central Treaty Organization; СЕНТО),
ваенна-палітычная арганізацыя на Б. і Сярэднім Усходзе ў 1955—79, да сак. 1959 наз. Арг-цыя Дагавору Блізкага Усходу. Дагавор аб яе стварэнні падпісаны ў 1955 у Багдадзе (Багдадскі пакт). Уваходзілі Ірак (выйшаў у 1958), Іран, Пакістан, Турцыя і Вялікабрытанія, у 1959 далучыліся ЗША. Пасля выхаду з СЕНТО Ірана і Пакістана (1979) па ініцыятыве Турцыі арг-цыя спыніла сваю дзейнасць.
т. 1, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАГАВО́РУ ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЙ А́ЗІІ (South-East Asia Treaty Organization; СЕАТО),
ваенна-паліт. рэгіянальная арганізацыя ў Паўд.-Усх. Азіі ў 1954—77. Створана ў вер. 1954 у Маніле паводле Паўд.-Азіяцкага дагавору аб калект. абароне. Уваходзілі Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Новая Зеландыя, Пакістан (выйшаў у 1973), Тайланд, Філіпіны, Францыя (з 1965 абмежавала, з 1974 спыніла ўдзел у арг-цыі). Штаб-кватэра знаходзілася ў Бангкоку. У 1975 Тайланд і Філіпіны выказаліся за роспуск блока. У чэрв. 1977 дзейнасць арг-цыі спынена.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́Л,
рака ў Афганістане і Пакістане, правы прыток р. Інд. Даўж. 460 км, пл. бас. каля 75 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Гіндукуша (хр. Баба), цячэ пераважна ў яго адгор’ях, перасякае Джэлалабадскую міжгорную ўпадзіну, ад г. Пешавар — па ўзгорыстай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Кабульскага, Джэлалабадскага, Пешаварскага аазісаў. На К. ГЭС Наглу (Афганістан), вадасховішча. Суднаходная летам на 120 км. На К. — гарады Кабул, Джэлалабад (Афганістан), у даліне — Пешавар (Пакістан).
т. 7, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індастан з суседнімі астравамі, Інда-Гангскую раўніну і яе горнае абрамленне (паўд. схілы Гімалаяў, Гіндукуша, паўд.-ўсх. ўскраіну Іранскага нагор’я). Пл. 4,5 млн. км². Нас. каля 1300 млн. чал. (1999), Прыродная расліннасць: трапічныя лясы, саванны, на З участкі пустынь і паўпустынь. На раўнінах пераважае арашальнае земляробства. На тэр. П.А. знаходзяцца дзяржавы: Індыя, Пакістан, Бангладэш, Непал, Бутан, Шры-Ланка і Мальдывы; зрэдку ў склад П.А. ўключаюць Паўднёва-Усходнюю Азію.
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЮ́Б ХАН (Мухамед) (14.5.1907, г. Хазара, Зах. Пакістан — 19.4.1974),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Пакістана. Фельдмаршал (1959). З 1928 на ваен. службе. Галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі (1951—54 і 1956—58). Пасля дзярж. перавароту 1958 прэзідэнт Пакістана да 1969. Прыхільнік захавання цэласнасці краіны, заснаваў т.зв. пачатковую дэмакратыю. У 1962 па яго ініцыятыве адменена ваен. становішча, уведзена новая канстытуцыя, абраны парламент, адноўлена дзейнасць паліт. партый, пачаліся агр. рэформы. Лідэр правячай партыі Мусульманская ліга ў 1963—69. У 1969 адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІЁН (англ. dominion ад лац. dominium уладанне),
аўтаномнае ўладанне ў складзе Брытанскай імперыі. Дзяржава-Д. прызнавала сваім кіраўніком брыт. манарха, якога прадстаўляў генерал-губернатар, мела ўнутр. самакіраванне (уласныя парламент і ўрад). Суверэнітэт Д. канчаткова замацаваны паводле Вестмінстэрскага статута 1931. Статус Д. атрымалі Канада (1867), Аўстрал. Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афр. Саюз (1910), Ньюфаўндленд (1917), Ірландыя (1921, без Ольстэра), Індыя, Пакістан (абое ў 1947). У 1947—52 у сувязі са станаўленнем брыт. Садружнасці паняцце Д. заменена на «член Садружнасці».
т. 6, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎНТБЕ́ТЭНА ПЛАН,
план прадастаўлення незалежнасці Брыт. Індыі, які прапанаваў яе віцэ-кароль Л.Маўнтбетэн. Абнародаваны брыт. урадам 3.6.1947. Прадугледжваў падзел Брыт. Індыі на 2 дамініёны — Інд. Саюз (пераважна з індуісцкім насельніцтвам) і Пакістан (пераважна з мусульм. насельніцтвам). Правінцыі Пенджаб і Бенгалія падзяляліся паміж імі паводле вынікаў галасавання ў мясц. асамблеі. Правіцелі княстваў мелі права далучыцца да аднаго з дамініёнаў або захаваць ранейшыя адносіны з Вялікабрытаніяй. 15.8.1947 працэдура падзелу была скончана, а М.п. зацверджаны каралём Вялікабрытаніі як Закон пра незалежнасць Індыі.
т. 10, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́НГСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1955,
канферэнцыя 29 краін Азіі і Афрыкі, якая адбылася 18—24 красавіка ў г. Бандунг (Інданезія). Яе ініцыятары Бірма, Індыя, Інданезія, Пакістан і Цэйлон. Канферэнцыя асудзіла каланіялізм, палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі; яе рашэнні замацаваны ў рэзалюцыях (аб праблемах залежных народаў, правах чалавека, аб самавызначэнні, эканам. і культ. супрацоўніцтве) і дэкларацыі аб садзейнічанні ўсеагульнаму міру і супрацоўніцтву, у аснову якой пакладзены пяць прынцыпаў мірнага суіснавання (Панча шыла). Ідэі Бандунгскай канферэнцыі леглі ў аснову Каірскай канферэнцыі салідарнасці краін Азіі і Афрыкі (1957—58) і Акрскіх канферэнцый краін Афрыкі (1958).
т. 2, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯКА́Т АЛІ́ ХАН (1.10.1895, Карнал, Індыя — 16.10.1951),
дзеяч інд. нац.-вызв. руху; адзін з заснавальнікаў дзяржавы Пакістан. Юрыст. Скончыў Алахабадскі (Індыя) і Оксфардскі (Вялікабрытанія) ун-ты. З 1923 дэп. Заканад. сходу ў Аб’яднаных правінцыях, потым Заканад. сходу Індыі. З 1923 чл. Мусульманскай лігі, у 1936—50 яе ген. сакратар, з 1950 прэзідэнт. У 1946—47 чл. Выканаўчага савета пры віцэ-каралі Індыі, са жн. 1946 чл. часовага урада Дж.Нэру. У 1947—51 першы прэм’ер-міністр Пакістана, атрымаў тытул «правадыра нацыі». Забіты мусульм. фанатыкам у час мітынгу ў г. Равалпіндзі.
т. 9, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)