РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),
філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.Лейбніца, разумнае «Я» ў І.Фіхтэ, панлагізм Г.Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.Дэкартам, Лейбніцам, Б.Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.Вебера, Ю.Хабермаса, Т.Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст.тэалагічны Р. (Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, К.Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.
Літ.:
Кант И. Критика чистого разума // Соч.М., 1964. Т. 3;
Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),
нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл.Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).
У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.Рукевіч, Ф.Савіч, М.Валовіч, М.Лавіцкі, Ш.Канарскі, М.Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш.навук. Г.Жавускі, М.Грабоўскі, І.Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.Давід і А.Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;
Философия права. М., 1990.
Літ.:
Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.