стацыянарнае прыстасаванне для адбору вады са знадворнай водаправоднай сеткі. Адрозніваюць гідранты пажарныя (найб. пашыраныя), паліўныя і прамыўныя; падземныя (размяшчаюцца ў закрытых накрыўкамі калодзежах) і наземныя (сумяшчаюцца з водаразборнымі калонкамі). Для далучэння пажарных рукавоў, гнуткіх шлангаў з наканечнікамі на падземны гідрант накручваецца пажарная калонка, якая мае патрубкі з вентылямі (у наземнага гідранта пажарная калонка стацыянарная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЕ ДЭПО́,
будынак, у якім размяшчаецца дзяжурная змена, пажарная і аварыйна-выратавальная тэхніка для ліквідацыі пажараў і інш.надзвычайных сітуацый. У склад П.д. ўваходзяць: гараж, пункт сувязі, пасты газадымаахоўнай службы і тэхн. абслугоўвання, башня для мыцця і сушкі пажарных рукавоў, складскія памяшканні для пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнага абсталявання, памяшканні для правядзення заняткаў, прыёму ежы, адпачынку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНА-ПРЫКЛАДНЫ́ СПОРТ,
від спорту, які ўключае комплексы прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў практыцы тушэння пажараў. Спаборніцтвы праводзяцца па 6 асн. відах: пераадоленне паласы перашкод (даўж. 100 м); падыманне па штурмавых драбінах у акно 4-га паверха вучэбнай вежы; устаноўка высоўных драбін і падыманне па іх у акно 3-га паверха вучэбнай вежы; двухбор’е (пераадоленне паласы перашкод і падыманне па штурмавых драбінах); пажарная эстафета з перашкодамі (4 × 100 м); баявое разгортванне. Спаборніцтвы праводзяцца ў асабістым, камандным, асабіста-камандным і кваліфікацыйным заліках у 4 узроставых групах.
П.-п.с. узнік у СССР, першыя спаборніцтвы (пажарнай аховы НКУС) адбыліся ў 1937. З 1960-х г. развіваецца і ў інш. краінах. Першыя міжнар. спаборніцтвы праведзены ў 1968 (С.-Пецярбург).
На Беларусі П.-п.с. развіваецца з 1947. Першыя рэсп. спаборніцтвы праведзены ў 1948 (у закрытых памяшканнях — у 1983, г. Віцебск), першы чэмпіянат рэспублікі — у 1961. Федэрацыя П.-п.с. Беларусі заснавана ў 1998. Вял. ўклад у развіццё П.-п.с. зрабілі засл. трэнеры Беларусі А.С.Новікаў і І.В.Шульга (чэмпіён СССР 1973, 1976). Сярод бел. спартсменаў: чэмпіёны СССР В.Нямілаў (1975—78), А.Грабцоў і В.Забойка (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМА́,
горад у Расіі, цэнтр Кастрамской вобл., на р. Волга. Засн. ў 12 ст. 286 тыс.ж. (1997). Рачны порт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. (пераважна льняной), а таксама машынабуд. (экскаватары, тэкст. машыны, аўтам. лініі, палімернае машынабудаванне, дрэваапр. станкі, фарбавальна-аддзелачнае абсталяванне і інш.), дрэваапр. (мэбля), харч., хім., абутковай і швейнай прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Інстытуты: тэхнал., с.-г., педагагічны; ф-т С.-Пецярбургскага гандл.-эканам. ін-та.
Унікальны па кампазіцыйнай цэласнасці ансамбль цэнтра К. (канец 18 — пач. 19 ст.) узнік на месцы старога цэнтра — скапаных земляных і драўляных умацаванняў крамля і Новага горада паводле генплана 1781—84. Сярод помнікаў: сабор Богаяўленскага манастыра (1559—65, размалёўкі 1672), Іпацьеўскі манастыр (16—17 ст.; у ім знойдзены Іпацьеўскі летапіс), з каменнымі сценамі, вежамі, Троіцкім саборам (1650—52; размалёўкі 1685, мастак Г.Кінешамцаў і інш.), са званіцай (1603—05; цяпер у манастыры філіял музея-запаведніка з помнікамі драўлянага дойлідства), цэрквы Ушэсця на Дзебры (1652). Іаана Багаслова (1681—87). У стылі класіцызму пабудаваны комплекс гандл. радоў (1770—1830-я г.), пажарная каланча (1825—28, арх. П.Фурсаў), будынак Дваранскага сходу(1838, арх. Праве). У 1977 узведзены гасцінічна-турысцкі комплекс «Волга» (арх. Р.Нікіцін, П.Шчарбінін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́Р,
некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.
Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.
Літ.:
Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;
Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.