Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ МАШЫ́НА,
машына для тушэння пажару. Да П.м. адносяць пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, мотапомпы і інш. матарызаваныя сродкі. Гл.Пажарная тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АХО́ВА, пажарная служба,
сістэма дзярж. органаў па арганізацыі і ажыццяўленні мерапрыемстваў па папярэджанні і тушэнні пажараў, пажарнай бяспецы. Асн. задачы П.а. — пажарная прафілактыка, пажарны нагляд, тушэнне пажараў. На Беларусі проціпажарная ахова як асобная служба ў гарадах з магдэбургскім правам вядома з пач. 16 ст. Першыя прафес. пажарныя каманды ўзніклі ў 19 ст. У Мінску прафес.пажарная каманда створана ў 1853. У 1876 арганізавана Мінскае вольнапажарнае т-ва. У пажарныя каманды ўваходзілі атрады водазабеспячэння, трубны, драбінны, сякерны і ахоўны. У 1927 сфарміраваны апарат Дзярж. пажарнага нагляду. У 1933 створана першая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы пажарных спецыялістаў (гл.Вышэйшае пажарнатэхнічнае вучылішча). З 1999 П.а. ўваходзіць у сістэму Мін-ва надзвычайных сітуацый Беларусі, якому падпарадкаваны абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і асобныя пасты. У склад П.а. ўваходзяць Камандна-інж.ін-т, Пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый навукова-даследчы інстытут, Гомельскае сярэдняе пажарнатэхн. вучылішча і Рэсп. навучальна-трэніровачны цэнтр. Дзейнасць рэгламентуецца законам «Аб пажарнай бяспецы» (1993) і інш. нарматыўна-прававымі актамі. З 1999 Беларусь член Міжнар.тэхн. камітэта па папярэджанні і тушэнні пажараў (засн. ў 1902).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ БЯСПЕ́КА,
стан аб’ектаў, таксама навакольнага асяроддзя, пры якім адсутнічае імавернасць узнікнення і развіцця пажару. Забяспечваецца сістэмамі прадухілення пажару (гл.Пажарная прафілактыка), комплексам мерапрыемстваў па арганізацыі пажарнай аховы, навучанні насельніцтва правілам П.б. і інш.
Мінімальная імавернасць узнікнення пажару дасягаецца прадухіленнем утварэння гаручага асяроддзя і крыніцы загарання ў ім. Проціпажарная ахова дасягаецца абмежаваннем распаўсюджвання пажару, своечасовымі апавяшчэннем насельніцтва, эвакуацыяй людзей з аб’ектаў узгарання. Пры гэтым выкарыстоўваюцца сродкі калектыўнай і індывідуальнай аховы, процідымнай аховы, пажаратушэння, тэхн. элементы збудаванняў (лесвічныя клеткі, проціпажарныя сцены, ліфты, аварыйныя люкі і інш.).
Літ.:
Основы пожарной безопасности. М., 1971;
Бариев Э.Р., Чеканов В.Л. Пожарная безопасность в строительстве. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА,
тэхнічныя сродкі для папярэджання, абмежавання або тушэння пажару, ратавання людзей, матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных аб’ектаў. Асн. П.т. — пажарныя машыны: пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, танкі, мотапомпы і інш. Да П.т. адносяцца таксама пажарныя драбіны, пажарная аўтаматыка (у т. л. сістэмы пажарнай сігналізацыі), сродкі проціпажарнага водазабеспячэння, процідымнай аховы і экстраннага абвяшчэння, першасныя сродкі пажаратушэння, пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.
Пажарныя паязды прызначаны тушыць пажары паблізу чыг. палатна і на рухомым саставе чыг. транспарту. Складаюцца з вагонаў, у якіх размешчаны помпавая станцыя, спец. і пажарна-тэхн. абсталяванне, бокс для пажарных аўтамабіляў, ёмістасці для пенаўтваральніка, чыг. цыстэрны з вадой. Пажарныя судны (цеплаходы, катэры і інш.) тушаць пажары на плаўсродках і ў прыбярэжнай зоне. Яны абсталяваны помпамі, якія нагнятаюць ваду (да 1000 м³/гадз) у рукаўныя лініі ці лафетныя ствалы (брандспойты); маюць запас пенаўтваральніка для тушэння суднаў і нафтапрадуктаў. Пажарныя самалёты (Ан-2, Ан-12, Ан-24, Іл-76, Як-12) і верталёты (Мі-4, Мі-6, Мі-8, Ка-26) прызначаны для авіяпатрулявання, дастаўкі да месца пажару ў аддаленых і цяжкадаступных раёнах людзей, тэхнікі і вогнетушыльных рэчываў. Маюць сістэмы забору вады ў палёце (да 10 т), могуць перавозіць бульдозеры. аўтацыстэрны і інш., распыляць аэразольныя рэагенты, якія ствараюць штучны заліўны дождж. Пажарныя танкі выкарыстоўваюць для тушэння пажараў і ліквідацыі аварый на пажаравыбухованебяспечных аб’ектах, базах і складах боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. На іх устанаўліваюць ёмістасці для вогнетушыльных рэчываў, пажарна-тэхн. абсталяванне, сістэмы жыццезабеспячэння для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Мотапомпы (пераносныя і прычапныя) служаць для тушэння лясных пажараў, падачы вады на верхнія паверхі вышынных будынкаў, запаўнення пажарных ёмістасцей; уваходзяць у камплект пажарных паяздоў і аўтамабіляў хуткага рэагавання. Складаюцца з цэнтрабежнай помпы і рухавіка ўнутр. згарання.
Стварэнне П.т. распачата ў глыбокай старажытнасці. Грэч. механік з Александрыі Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.) вынайшаў пажарную помпу (поршневую 2-цыліндравую), якая «выкідвала ваду наверх». Падобную ручную помпу пабудаваў у 16 ст. А.Платнер (Германія), яна давала струмень да 8 м. У 1672 у Амстэрдаме Я. ван дэр Гейдэ вынайшаў выкідны рукаў, што зрабіла помпу гал. сродкам тушэння пажару. Арыгінальную канструкцыю пажарнай помпы прапанаваў у 1739 рус. вынаходнік А.К.Нартаў. У 1829 у Лондане з’явілася паравая пажарная машына, з 1862 паравыя пажарныя помпы пачалі выкарыстоўваць у Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. у Германіі, потым у інш. краінах пачалі выкарыстоўвацца аўтамабілі, абсталяваныя мех. помпамі, пажарныя драбіны. З 1920-х г. пачалося развіццё П.т. ў СССР: першыя пажарныя машыны выпушчаны ў 1925 у С.-Пецярбургу, пазней наладжаны выпуск пенаўтваральнікаў, тэхнікі тушэння газавых і нафтавых фантанаў і інш.
На Беларусі выкарыстанне простай П.т. вядома з 13 ст. Прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 у Мінску; яна мела ручныя помпы, скураныя і пяньковыя рукавы, брандспойты і інш. У наш час аснову тэхн. сродкаў пажарнай аховы складаюць пажарныя аўтамабілі і мотапомпы.
Літ.:
Машины и аппараты пожаротушения. М., 1972;
Шувалов М.Г. Основы пожарного дела. 3 изд. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць тэхн. сродкаў для выяўлення пажару, паведамлення аб месцы яго ўзнікнення, а таксама кіравання тэхн. сродкамі проціпажарнай аховы ці інш. абсталяваннем. Мае сетку пажарных апавяшчальнікаў для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., дыму, выпрамянення, полымя, прадуктаў няпоўнага згарання) і пераўтварэння іх у эл. сігнал з мэтай далейшай перадачы, прыёмна-кантрольнае абсталяванне для апрацоўкі інфармацыі, крыніцы электрасілкавання, кампаненты кіравання інш. сістэмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ПРАФІЛА́КТЫКА,
комплекс арганізац. і тэхн. мерапрыемстваў для прадухілення і лакалізацыі пажараў. Задачы П.п.: нарміраванне аб’ектаў па пажарнай небяспецы і выбухованебяспечнасці; забеспячэнне неабходнай вогнеўстойлівасці буд. канструкцый; зніжэнне гаручасці матэрыялаў; прадухіленне вылучэння гаручых рэчываў з тэхнал. абсталявання і ўтварэння выбухованебяспечнага асяроддзя, а таксама ліквідацыя крыніц загарання; заніраванне тэр. прадпрыемстваў; стварэнне проціпажарных разрываў і перашкод; забеспячэнне своечасовай эвакуацыі людзей; тэхн. забеспячэнне зніжэння задымленасці будынкаў; забеспячэнне сістэмамі вентыляцыі і пажарнай сігналізацыі. П.п. з’яўляецца сродкам стварэння пажарнай бяспекі і грунтуецца на комплексе нарматыўных дакументаў. Кантроль за выкананнем проціпажарных норм і правіл ажыццяўляе пажарны нагляд.
Літ.:
Обеспечение пожарной безопасности объектов народного хозяйства. Ч. 1—3. Мн., 1992—98.