АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,

сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне ад аб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).

Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.

Літ.:

Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.

В.​В.​Валяўка.

Схема аптычнага рэзанатара.
Віды аптычных рэзанатараў: 1 — плоскі лінейны; 2 — сферычны лінейны; 3 — плоскі кальцавы; 4 — сферычны кальцавы.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,

з’явы, звязаныя з уздзеяннем магнітнага поля на металы і паўправаднікі, па якіх працякае электрычны ток. Адрозніваюць няцотныя (характарыстыкі гальванамагнітных з’яў мяняюць знак пры змене напрамку поля) і цотныя (не мяняюць знака); падоўжныя (магн. поле накіравана ўздоўж напрамку току) і папярочныя (упоперак да напрамку) гальванамагнітныя з’явы, напр. Хола эфект, магнітарэзістыўны эфект, падоўжны гальванамагн. эфект. Выкарыстоўваюцца для вымярэння велічыні магн. палёў, даследавання электроннага энергет. спектра і механізму рассейвання носьбітаў зараду ў металах і паўправадніках, генерацыі і ўзмацнення эл. поля і інш.

Гальванамагнітныя з’явы абумоўлены скрыўленнем траекторый носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) у магн. полі пад уздзеяннем Лорэнца сілы. Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) з павелічэннем поля павялічваецца ўдзельнае супраціўленне. Павелічэнне супраціўлення металаў у магн. полі, паралельным току, наз. падоўжным гальванамагнітным эфектам. У тонкіх плёнках і дратах выяўляецца залежнасць гальванамагнітных з’яў ад памераў і формы даследаванага ўзору (памерныя эфекты); у моцных магн. палях — квантавыя эфекты, якія вызначаюць неманатонную залежнасць пастаяннай Хола і супраціўлення ад параметраў поля. Гл. таксама Тэрмамагнітныя з’явы.

Літ.:

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;

Блейкмор Дж. Физика твердого тела: Пер. с англ. М., 1988.

Ф.​А.​Ткачэнка.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі бульбы. Выкопвае бульбу, аддзяляе клубні ад глебы, бацвіння, раслінных рэшткаў, збірае клубні ў бункер-накапляльнік і выгружае іх у трансп. сродкі. На Беларусі выкарыстоўваюцца пераважна розныя мадыфікацыі паўнавясных двухрадковых элеватарных бульбаўборачных камбайнаў, выпускаюцца («Лідсельмаш») аднарадковыя бульбаўборачныя камбайны Л-601 і двухрадковыя Л-605.

Камбайн Л-605 — паўнавясны, агрэгатуецца з трактарамі МТЗ-82, -102, прывод рабочых органаў ад вала адбору магутнасці трактара. З дапамогай лемяша, асн. і дапаможнага элеватараў, камякадавільніка, падоўжнай і папярочнай пальчыкавых горак, сістэмы транспарцёраў камбайн падразае пласт глебы з двух сумежных радкоў, рыхліць і сепарыруе глебу, аддзяляе і скідвае на поле бацвінне і раслінныя рэшткі, раздзяляе клубні і дамешкі. На пераборачных транспарцёрах уручную адбіраюць з патоку клубняў камяні і дамешкі, з патоку дамешкаў — клубні. Дамешкі скідваюцца на поле, клубні — у бункер (ёмістасць 2 т). Рабочая скорасць камбайна да 3,5 км/гадз, прадукцыйнасць 0,18—0,24 га/гадз.

Л.​Я.​Сцяпук, А.​Л.​Рапінчук.

Тэхналагічная схема бульбаўборачнага камбайна Л-605: 1—4, 6—7, 11 — транспарцёры загрузачны, для загрузкі бункера, пераборачны, для выдалення камянёў, пад’ёмны, падоўжны, рэдкапрутковы; 5 — шчоткі; 8 — пальчыкавая горка; 9 — бацвінневыносная пальчыкавая горка; 10 — бацвінневыдаляльны валік; 12 — другі элеватар; 13 — балоны расціральніка камякоў; 14 — першы (асноўны) элеватар; 15 — асноўны лямеш; 16 — бакавы лямеш; 17 — апорна-капіравальны каток.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,

гравюра па дрэве; адзін з найб. стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.

Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.

На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.​Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.​Мсціславец, М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.​Сеўрук, І.​Гембіцкі, Я.​Мінін, С.​Юдовін, А.​Тычына, А.​Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш. відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).

Т.​М.​Карэліна, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.​Скарыны. 1519.
Да арт. Дрэварыт. М.​Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.
Да арт. Дрэварыт. А.​Зайцаў. Партрэт Л.​Стрыгалёва. 1983.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)