ДЖО́РДЖ ((George) Генры) (2.9.1839, г. Філадэльфія, ЗША — 29.10.1897),

амерыканскі эканаміст, публіцыст. Прапанаваў ідэю «адзінага зямельнага падатку» як сродку забеспячэння ўсеагульнага дастатку і сацыяльнага міру, якая па сутнасці азначала пакрыццё ўсіх дзярж. расходаў за кошт зямельнай рэнты. Даследаваў праблемы заработнай платы, капіталу, рэнты, эканам. крызісаў, даў адзін з варыянтаў фарміравання тэорыі гранічнай прадукцыйнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч.: В 3 т. Т. 1. М., 1994.

т. 6, с. 90

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́НА,

старажытная форма падатку. Першапачаткова натуральныя ці грашовыя паборы, што спаганяліся пераможцамі з заваяваных плямён ці дзяржаў. На Русі вядома з 9 ст., у 11—16 ст. дзярж. падатак і феад. рэнта. У 13—15 ст. Д. ясак збіралася з рус. княстваў на карысць Залатой Арды. На Беларусі да канца 15 ст. Д. — асн. форма рэнты. Збіралася натуральнай прадукцыяй (мёд, воск, футра, пазней с.-г. прадукцыя), якая часткова спалучалася з адработачнай і грашовай формамі рэнты.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЫ́МНАЕ,

асноўны дзярж. пазямельны падатак у Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у 17—18 ст. Уведзена ў 1649. Адзінка абкладання — двор ці дым; стаўка 1 П. складала 0,5 злотага (15 грошаў за год). Памер падатку не залежаў ад заможнасці гаспадаркі і вызначаўся сеймам: у 1650—16 П., у 1653—12 П. з дыма. Плацілі П. сяляне, мяшчане і дробная шляхта; феадалы ад яго вызваляліся (да 1775) і збіралі яго з насельніцтва ў сваіх уладаннях. Для налічэння П. перыядычна праводзіліся перапісы дымоў, пры гэтым феадалы нярэдка ўгойвалі частку дымоў, а падатак з іх прысвойвалі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі заменены інш. падаткамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТАЛААДДА́ЧА,

абагульняльны паказчык, які характарызуе эфектыўнасць выкарыстання капіталу (асн. вытв. фондаў, капітальных укладанняў, інвестыцый), адваротны паказчык капіталаёмістасці. Вызначаецца адносінамі гадавога выпуску прадукцыі да сумарных затрат капіталу на яе вытв-сць і рэалізацыю. У галінах з розным узроўнем матэрыялаёмістасці прадукцыі можа вылічвацца па аб’ёмах чыстай прадукцыі, у здабыўных галінах і тых, якія выпускаюць аднародную прадукцыю, — па натуральных аб’ёмах вытв-сці, у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні і абслугоўванні — па аб’ёме выкананых паслуг. Ступень эфектыўнасці і прыбытковасці капіталу вымяраецца і адносінамі фін. чыстых выгад (паток рэальных грошай), прыбытку да і пасля выплаты карпаратыўнага падатку або прыбытку плюс працэнты, якія выплачваюцца да адпаведных укладанняў капіталу, інвестыцый і інш., г. зн. рэнтабельнасцю капіталу.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НГЕ (Мікалай Хрысціянавіч) (23.11.1823, Кіеў — 15.6.1895),

рускі дзярж. дзеяч, вучоны-эканаміст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), д-р паліт. н. (1850), праф. (1852). Скончыў Кіеўскі ун-т (1845), выкладаў у ім. З 1881 міністр фінансаў, адначасова чл. Дзярж. савета. З 1887 старшыня Кабінета міністраў. Быў прыхільнікам лібералізму. Выступаў за развіццё прыватнай уласнасці, прадпрымальніцтва, канкурэнцыі. У «Нарысах палітыка-эканамічнай літаратуры» (1895) крытычна прааналізаваў сацыяліст. тэорыі Р.​Оўэна, Ш.​Фур’е, А.​Сен-Сімона, П.​Прудона і «Капітал» К.​Маркса. У 1850—70-я г. распрацаваў праграму сац.-эканам. рэформаў: развіццё прыватнай сялянскай зямельнай уласнасці і перасяленчага руху, стварэнне рабочых саюзаў, прыцягненне рабочых да прадстаўніцтва ў партыях і інш. Пры Бунге прыняты законы аб абавязковым выкупе (1881), замене аброчнага падатку з дзярж. сялян выкупнымі плацяжамі (1886), створаны Сялянскі банк (1882), праведзены падатковыя рэформы.

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЫ́З (франц. accise ад лац. accidere абразаць),

від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутр. вытв-сці. Аб’ектам такога абкладання, як правіла, з’яўляюцца тавары масавага ці абмежаванага выкарыстання, прадметы раскошы, а таксама пашыраныя камунальныя, трансп., культ. і інш. паслугі. Некаторыя краіны ў пратэкцыянісцкіх мэтах абкладаюць акцызам і імпартныя тавары (звыш мытных пошлін). Акцыз уключаецца ў цану тавару і ў тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца. З’яўляецца важнай крыніцай даходаў дзярж. бюджэту. У 1904 у Расіі акцыз (разам з віннай манаполіяй) даваў амаль 50% бюджэтных даходаў. У б. СССР у 1930—31 быў адменены. У Рэспубліцы Беларусь уведзены законам «Аб акцызах» ад 19.12.1991, які вызначае тавары і паслугі, што абкладаюцца акцызам. Плацельшчыкамі акцызу з’яўляюцца юрыд. і фіз. асобы, якія ажыццяўляюць вытв. і камерцыйную дзейнасць, аказваюць паслугі.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,

феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.

Літ.:

Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯЦІ́НА (лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),

1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж. Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (​1/10 частка збожжа, мёду і інш.).

2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся ​1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)