БУКО́ЛАЎ ПАЎСТА́ННЕ,

антырымскае паўстанне ў Егіпце ў 172 (паводле інш. звестак у 174 ці 175). Назва ад Буколіі — забалочанай мясцовасці ў дэльце Ніла, куды з сярэдзіны 2 ст. ўцякалі сяляне ад цяжкіх падаткаў. Буколы пад кіраўніцтвам жраца Ісідара разбілі рым. легіёны, заваявалі ўвесь Ніжні Егіпет і падышлі да г. Александрыя. Задушана войскамі рым. палкаводца Авідзія Касія, выкліканага з Сірыі.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛА́ДНІКІ,

цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНЫ БЮДЖЭ́Т,

зацверджаны ў заканадаўчым парадку каштарыс (роспіс) утварэння (даходаў) і выкарыстання (расходаў) грашовых сродкаў дзяржавы, што зацвярджаецца дадаткова да нармальнага бюджэту дзяржаўнага на пэўны час у выніку асаблівых акалічнасцей. Ва ўмовах глабальных крызісаў можа мець пастаянны характар. У некаторых краінах прымаецца ў выглядзе дадатковага бюджэту, а таксама спец. паступленняў (надзвычайных падаткаў) і расходаў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),

паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.​Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАСАНО́ГІЯ»,

удзельнікі нар. паўстання 1639 у Ніжняй Нармандыі (Францыя). Назва ад паўлегендарнага кіраўніка паўстанцаў Жана Басаногага. Паўстанне выклікана ўвядзеннем цяжкага салянога падатку («габелі»). Пачалося ў г. Аўранш, распаўсюдзілася на ўсю вобласць. Паўстанцы (сяляне, гар. нізы, буржуа) стварылі сваю армію (саманазва «армія пакуты»; каля 20 тыс. чал.), заклікалі насельніцтва не плаціць падаткі, узбройвацца і забіваць зборшчыкаў падаткаў. Разбіты восенню 1639 каралеўскімі часцямі.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,

выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),

мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч. Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл. Дарый I).

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФЁЛЬДСКІ РУХ,

нац.-дэмакратычны рух збяднелай інтэлігенцыі, малазямельных і беззямельных сялян у паўд.-ўсх. Венгрыі (Альфёльдзе) супраць пагаднення 1867 пра стварэнне аўстра-венг. дзяржавы. Праходзіў пад лозунгамі свабоды, раўнапраўя, аднаўлення канстытуцыі 1848. Пачаўся са стварэння па ініцыятыве адваката Я.​Асталаша дэмакр. гурткоў. Сяляне выступалі за падзел лугоў і пашаў, адмену падаткаў; мелі месца ўзбр. сутыкненні з войскамі. Альфёдаўскага руху задушаны аўстра-венг. урадам у 1868.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],

1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.

2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайна індывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАК з грамадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр. мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш. З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.

А.​Ф.​Кірэева.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)