Адбыўся 17—19.2.1960 у Мінску. Прысутнічала 702 дэлегаты з рашаючым і 90 з дарадчым голасам ад 203 447 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (К.Т.Мазураў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); выбары ЦККПБ і Рэвіз камісіі КПБ. З’езд прааналізаваў дзейнасць КПБ па выкананні сямігадовага плана, патрабаваў ад парт. органаў павысіць узровень кіраўніцтва асн. галінамі нар. гаспадаркі рэспублікі. Выбраў ЦККПБ з 115 чл. і 51 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 33 чл.
Літ.:
Мазураў К.Т. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXIV з’езду. Мн., 1960;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 5. 1956—1965. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі сялян в. Опаль і Лядавічы Кобрынскага пав. 5, 6 і 22 снеж. сяляне в. Опаль і Лядавічы спынілі ўсе работы і ў пісьмовай форме выставілі аканому маёнтка патрабаванні: аддаць ім 600 дзес. зямлі, адмяніць адработкі за пашу, вадапой і за праезд да надзелаў, павысіць аплату працы ў маёнтку з 20 кап. да 1 руб. ў дзень, выплаціць ім 120 тыс.руб. за несправядлівае карыстанне памешчыкам спрэчных зямель. 10 снеж. забаставалі 50 батракоў. Памешчык не згадзіўся з патрабаваннямі і выклікаў роту салдат для аховы. На сходзе сяляне вырашылі захапіць маёнтак. 30 снеж. каля 700 чал. з абедзвюх вёсак пайшлі да сядзібы Салдаты адкрылі агонь: забілі 5 і цяжка паранілі 7 чал., 31 снеж. сяляне абяззброілі патруль і праніклі ў маёнтак. Быў забіты яшчэ 1 селянін. У маёнтак прыбыў эскадрон драгун, павет аб’яўлены на становішчы ўзмоцненай аховы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.
У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл.Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл.Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.
Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-рарэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.
Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.К.Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.І.Губкіна, А.І.Цэлікава, А.П.Чакмарова, Г.М.Паўлава, В.П.Севярдэнкі, В.С.Смірнова, В.М.Чачына, А.В.Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭ́ЗКА РАСЛІ́Н,
частковае ці поўнае выдаленне парасткаў і галін; прыём догляду пладова-ягадных і дэкар. раслін. Дапамагае сфарміраваць крону, павялічвае прадукцыйны перыяд плоданашэння, стымулюе штогадовае ўзнікненне вял. колькасці парасткаў і маладых пладовых утварэнняў.
Фарміравальную абрэзку робяць у маладым садзе, пры абрэзцы загушчаных крон і ўтварэнні новых галін з ваўчкоў, а таксама пасля перапрышчэплівання дрэў. Абрэзку, якая рэгулюе плоданашэнне, робяць у дарослых пладаносных дрэў, каб стварыць умовы для абнаўлення пладовай драўніны, павысіць ураджайнасць. Амаладжальную абрэзку старых дрэў і кустоў робяць, каб аднавіць рост і збалансаваць плоданашэнне. Звычайна ўсе віды абрэзкі раслін праводзяць адначасова ў розных спалучэннях. Асн. прыёмы — пакарочванне (падрэзка) і выразка галін (прарэджванне). Абрэзка раслін дзеля стварэння «жывых агароджаў» і аб’ёмных кампазіцый наз. стрыжкай.
Кудрявец Р.П. Формирование и обрезка плодовых деревьев: [Альбом]. М., 1976.
Да арт.Абрэзка раслін. А. Асноўныя прыёмы абрэзкі пладовых дрэў: 1 — пакарочванне; 2 — прарэджванне. Б. Абрэзка з мэтай змены напрамку росту галін: 7 — на галіну, якая расце ўверх; 2 — на галіну, якая расце да перыферыі кроны; 3 — на вонкавую галіну ў наступным годзе; 4 — тая самая галіна на трэці год. В. Абрэзка пры фарміраванні разрэджана-яруснай кроны: 1—4 — гады пасля пасадкі; злева — да абрэзкі, справа — пасля абрэзкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКА́Д (франц. cascade),
1) у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры — сістэма вадаспадаў, якія ствараюцца вадаёмамі, размешчанымі на розных узроўнях. У паркавых кампазіцыях дэкар. вырашэнне К. узбагачаецца арх. элементамі (паркавыя К. на італьян. вілах 16—18 ст., у Петрадварцы і інш.) і прыроднымі формамі з натуральнага каменю. Штучныя К. набываюць маляўнічасць і дэкаратыўнасць у спалучэнні з кветкамі, дэкар.-лісцевымі раслінамі. На Беларусі ў выглядзе дэкар. К. аформлены вадаскід на вадасховішчы «Крыніца» пад Мінскам, шэраг К. створаны на Сляпянскай воднай сістэме.
2) К. узмацнення — радыётэхнічная прылада, якая мае ўзмацняльны элемент (напр., электронную лямпу, паўправадніковую прыладу), ланцугі нагрузкі і сувязі з папярэднімі і наступнымі К. Звычайна ўзмацняльнік мае некалькі К., злучаных паслядоўна.
3) К. электрамашынны — агрэгат з дзвюх ці больш эл. машын, звязаных паміж сабой механічна і электрычна ці толькі электрычна. Выкарыстоўваецца для плаўнага рэгулявання частаты вярчэння эл. рухавіка ў электрапрыводах сярэдняй і вял. магутнасці.
4) К. гідраэлектрастанцый — сукупнасць гідраэлектрастанцый, размешчаных паслядоўна ўздоўж цячэння ракі. Дазваляе паўней выкарыстоўваць энергет. рэсурсы ракі, павысіць ступень рэгулявання сцёку і інш. 5) У пераносным сэнсе — імклівы, нястрымны паток чаго-н., напр., слоў, гукаў і інш.
А.В.Сычова (у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры).
Фантан «Каскад» у г. Петрадварэц Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),
разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).
Літ.:
Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;