АСВЯТЛЯ́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

піратэхнічныя саставы, якія выкарыстоўваюць у асвятляльных ракетах, артыл. снарадах, авіябомбах для асвятлення вял. участкаў мясцовасці, для начных аэрафотаздымак. Пераважна сумесі парашкоў магнію і алюмінію (ці іх сплаваў) з акісляльнікамі (нітраты натрыю і барыю) і невялікай колькасцю арган. сувязных рэчываў (смолы, парафін, стэарын). Цеплата згарання ~6 МДж/кг, т-ра гарэння 2500—3000 °C, працягласць гарэння ад 8 с да 8 мін.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАМІ́НЫ,

нізкамалекулярныя бялкі, якія вылучаюць са спермы рыб і птушак. Маюць у сабе астаткі шчолачных амінакіслот, напр., аргініну да 70—80%. Лёгка ўтвараюць солі з рознымі к-тамі; хларыды, нітраты і сульфаты П. растваральныя ў вадзе. Больш вывучаны ў сперме рыб, дзе складаюць фракцыю асн. бялку. Напр., П. са спермы селядца наз. клупеінам, ласося — сальмінам, карпа — цыпрынінам. Комплекс П. з інсулінам выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДРЫ КАНДЭНСА́ЦЫІ,

найдрабнейшыя нейтральныя часціцы або іоны, на якіх адбываецца кандэнсацыя пары і ўтвараюцца кроплі воблакаў і туманаў. Я.к. служаць гіграскапічныя часціцы, якія маюць хларыды, сульфаты, сульфіды, нітраты і нітрыты. Іх памер 10​−7 — 10​−5 см, канцэнтрацыя ў сярэднім у 1 см³ над акіянам 10​3, над сушай па-за гарадамі 10​4, у гарадах ~1,5∙10​5. З вышынёй канцэнтрацыя Я.к. звычайна памяншаецца.

т. 18, кн. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАКО́КІ (Micrococcus),

род няспораўтваральных бактэрый шарападобнай формы. Пашыраны ў вадзе, глебе, паветры, харч. прадуктах. Уваходзяць у склад нармальнай мікрафлоры чалавека.

Клеткі дыям. 1—2 мкм, нерухомыя, грамстаноўчыя. Размяшчаюцца пераважна паасобку або ў гронках няправільнай формы. Строгія аэробы. Сапратрофы або факультатыўныя паразіты. Размнажаюцца дзяленнем. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе: раскладаюць арган. рэшткі, у якіх ёсць бялкі, да аміяку, рэдукуюць нітраты і нітрыты да свабоднага азоту і інш.

т. 10, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРЫФІКУ́ЮЧЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

бактэрыі, якія пераўтвараюць аміяк і аманійныя солі ў нітраты. Пашыраны ў глебе, вадаёмах. У 1-й фазе нітрыфікацыі бактэрыі з родаў нітразамонас, нітразацысціс, нітразалобус, нітразаспіра акісляюць NH3 да нітрытаў; у 2-й — нітратныя бактэрыі (роды нітрабактэр, нітраспіна, нітракокі) акісляюць нітрыты да нітратаў. Паміж імі існуюць метабіятычныя адносіны: бактэрыі, якія акісляюць NH3, забяспечваюць субстратам бактэрыі, якія акісляюць нітрыты.

Клеткі сферычныя, спіральныя, палачка- і эліпсападобныя, рухомыя. Грамадмоўныя. Строгія аэробныя арганізмы, хемасінтэзуючыя аўтатрофы. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе.

Л.​І.​Ерашоў.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЕ́ТРЫ (сярэдневяковае лац. sal nitri ад лац. sal соль + nitrum прыродная сода, шчолач),

агульная гіст. назва нітратаў натрыю NaNO3 (натрыевая С.), калію KNO3 (калійная С.), амонію NH4NO3 (аміячная С.), кальцыю Ca(NO3)2 (кальцыевая С.), барыю Ba(NO3)2 (барыевая С.). Натрыевая (найб. пашырана) і каліевая С. трапляюцца ў выглядзе прыродных пакладаў, аднак атрымліваюць С. пераважна хім. шляхам. Выкарыстоўваюць як угнаенні (гл. Азотныя ўгнаенні), кампаненты піратэхн. саставаў, выбуховых рэчываў і інш. Гл. таксама Нітраты, Амонію злучэнні, Барыю злучэнні, Калію злучэнні.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫЯ КРЫШТА́ЛІ,

крышталі з іонным (электрастатычным) характарам сувязі паміж атамамі (гл. Іонная сувязь). Адрозніваюць І.к. з аднаатамных (напр., крышталі галагенідаў шчолачных і шчолачназямельных металаў, утвораныя дадатна зараджанымі іонамі металу і адмоўна зараджанымі іонамі галагену: NaCl, CsCl, GaF2 і інш.) і шмататамных іонаў (напр., нітраты, сульфаты, фасфаты і інш. солі металаў, дзе адмоўныя іоны кіслотных астаткаў складаюцца з некалькіх атамаў). Да І.к. адносяцца таксама сілікаты, у якіх крэмнійкіслародныя радыкалы SiO4 утвараюць ланцугі, слаі ці трохмерны каркас; унутры радыкалаў атамы звязаны кавалентнай сувяззю. І.к., як правіла, дыэлектрыкі, празрыстыя ў бачнай і інфрачырвонай частках спектра; маюць высокія т-ры плаўлення.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІВО́ Пётр Піліпавіч (н. 1.9.1941, в. Чарняўка Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі і аграэкалогіі. Д-р с.-г. н. (1996). Скончыў БСГА (1970). З 1970 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Навук. працы па пытаннях павышэння эфектыўнасці хімізацыі меліяратыўнага земляробства, распрацоўцы экалагічна бяспечных тэхналогій выкарыстання азотных і вадкіх арган. угнаенняў.

Тв.:

Эффективное использование бесподстилочного навоза. Мн., 1988 (разам з С.​Г.​Дробатам);

Нитраты: слухи и реальность. Мн., 1990 (разам з Л.​А.​Саскевіч);

Тяжелые металлы и экология. Мн., 1996 (разам з І.​Г.​Быцко);

Радыяцыя, нітраты і чалавек. 2 выд. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 17, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЗА́НТНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

другасныя выбуховыя рэчывы, асноўны рэжым выбуховага ператварэння якіх — дэтанацыя. Паводле саставу падзяляюць на індывідуальныя злучэнні і сумесі.

Большасць індывідуальных брызантных выбуховых рэчываў — араматычныя нітразлучэнні (найважнейшыя — трынітраталуол і трынітрабензол), нітраміны (гексаген, акгаген), нітраэфіры (нітрагліцэрын, нітраты цэлюлозы). Сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы — сплавы нітразлучэнняў, мех. сумесі нітразлучэнняў і іх сплаваў з інш. рэчывамі (напр., алюматол), сумесі нітрату амонію з нітразлучэннямі (аманіты) і з невыбуховым гаручым (дынамоны), сумесі на аснове вадкіх нітратаў (напр., дынаміты).

Выкарыстоўваюць у горнай прам-сці, пры апрацоўцы металаў выбухам, у сейсмаразведцы, у ваен. тэхніцы для вытв-сці боепрыпасаў.

Літ.:

Орлова Е.Ю. Химия и технология бризантных взрывчатых веществ. 3 изд. Л., 1981.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.

Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл. Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).

Літ.:

Дубнов Л.В., Бахаревич Н.С., Романов А.И. Промышленные взрывчатые вещества. 3 изд. М., 1988.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)