АБО́РТ (лац. abortus),

спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,

збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.

Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.​Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.​Ягадынскага, Ф.​Князьніна, польск. паэта Ц.​Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.​Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.​Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.​Каліноўскага выяўлена ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ПАВЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя геагр. зоны ўмераных і субтрапічных паясоў Паўн. і Паўд. паўшар’яў з пераважаннем у ландшафтах стэпаў. Размешчаны ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Натуральныя ландшафты С.з., дзе пераважала стэпавая травяністая расліннасць, амаль зніклі (б.ч. тэрыторыі С.з. ўмеранага пояса разарана, у субтрапічным поясе пашыраны арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля). Клімат засушлівы (выпаральнасць на 300—500 мм перавышае гадавую суму ападкаў), з няўстойлівым увільгатненнем, з перапынкам (ва ўмераным поясе) або запавольваннем (у субтрапічным поясе) вегетацыі раслін зімой. Лета гарачае (т-ра паветра 20—25 °C), моцныя вятры, засухі. Ва ўмераным поясе зімой сярэднія т-ры паветра адмоўныя (месцамі ніжэй за -20 °C), утвараецца ўстойлівае снегавое покрыва; у субтрапічным поясе зіма мяккая, бясснежная, з дадатнымі т-рамі (вышэй за 5 °C). Ападкаў 200—450 мм за год, да 600 мм у субтрапічным поясе. Велічыня сонечнай радыяцыі на паверхні 500—580 кДж/см² (120—140 ккал/см²) за год, да 790 кДж/см² (140—180 ккал/см²) у субтрапічным поясе. Паверхневы сцёк нязначны, рэкі малаводныя, часта перасыхаюць. Захавана натуральная расліннасць — засуха- і марозаўстойлівыя травяністыя расліны з пераважаннем дзернавінных злакаў, участкі кусцікавых, па далінах рэк галерэйныя лясы. Глебы пладародныя (чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя ва ўмераным поясе, карычневыя і шэра-карычневыя, месцамі засоленыя — у субтрапічным). На разараных тэрыторыях пашырана эрозія глеб. У гарах няпоўны аналаг С.з. — стэпавыя вышынныя паясы. Прыродныя ўмовы і клімат спрыяльныя для жыцця людзей. У сельскай гаспадарцы С.з. пераважае вырошчванне збожжавых і тэхн. культур; развіта жывёлагадоўля. Пра расл. і жывёльны свет гл. ў арт. Стэп.

В.​С.​Аношка.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫМБА́ЛЫ (польск. cymbaly ад лац. cymbalum, грэч. kymbalon),

струнны ўдарны муз. інструмент. Мае драўляны плоскі корпус трапецападобнай формы, над верхняй дэкай якога нацягнуты метал. струны (па 2—3 у хоры ў фабр., 3—8 у нар.). Перасоўная падстаўка дзеліць Ц. на 2 няроўныя часткі (у прапорцыі 2:3). Гук здабываецца ўдарамі па струнах 2 палачкамі (малаточкамі, кручкамі), а таксама шчыпком. Пры ігры Ц. кладуць на калені ці на стол, спец. ножкі-падстаўкі. Існуюць у нар. і прафес. музыцы як сольны і ансамблевы інструмент.

Першыя выявы Ц. вядомы на асірыйскіх і вавілонскіх помніках. Былі пашыраны ў многіх народаў свету, у т. л. на Украіне, у Малдове (цамбал), Арменіі (сантур), Грузіі (сантуры, цынцыла), Узбекістане (чанг). З 16 ст. вядомы ў Зах. Еўропе пад рознымі назвамі, у т. л. хакбрэт.

На Беларусі — адзін з асн. традыц. нар. інструментаў. Першыя звесткі адносяцца да 16 ст., сустракаюцца ў «Бібліі» Ф.​Скарыны (2-я кн. «Царстваў»). Выкарыстоўваліся ў паказах батлейкі, часта ўпамінаюцца ў нар. песнях. Нар. Ц. бываюць рознага памеру («палавінка», «паўтарачка», «цэлыя») і дыяпазону (ад 1,5 да 2,5 актаў); у ніжнім рэгістры маюць прыкметы натуральных ладоў, у сярэднім — няпоўны храматычны гукарад. У залежнасці ад ігры (сола ці ў нар. ансамблі) адрозніваюць строі «просты», «любіцельскі» і «скрыпічны», «гармонікавы» («баянны»). Гук нар. Ц. моцны, працяглы (у адрозненне ад прафесіяналаў нар. музыканты не глушаць струны). Ц. выраблялі нар. майстры І.​Новік, В.​Рогач, П.​Грабянькоў, В.​Пратасевіч і інш. Як прафес. інструмент Ц. існуюць з пач. 20 ст. У выніку ўдасканалення Ц. на іх выконваюць у пералажэннях складаныя, буйнамаштабныя творы муз. класікі і сучасных бел. кампазітараў (Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, А.​Клеванца, Дз.​Смольскага, Э.​Тырманд, К.​Цесакова, Л.​Шлег, А.​Янчанкі і інш.). Значны ўплыў на развіццё выканальніцтва і стварэнне рэпертуару для Ц. зрабіў І.Жыновіч. Сям’я Ц. у аснове Дзяржаўнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь, самадз. і прафес. нар. аркестраў і ансамбляў. Класы ігры на Ц. існуюць у Бел. акадэміі музыкі, муз. вучылішчах і школах Беларусі. Сярод бел. выканаўцаў: А.Астрамецкі, В.Бурковіч, М.Шмелькін і інш. Выраб Ц. наладжаны на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.

Літ.:

Жинович И.И. Школа игры на цимбалах. 2 изд. Мн., 1974;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

З.​М.​Насценка.

Цымбалы.
Сям’я рэканструяваных цымбалаў.

т. 17, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,

калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.

Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.​Гасек, Г.​Ф.​Гендэль, Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Э.​Меполь, А.​Аляб’еў, А.​Арэнскі, М.​Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.​Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.​Смольскага, «Матухне Кураж» С.​Картэса).

На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.​Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.​Вяржбіцкіх, Д. і В.​Стафановічаў, А.​Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.

Літ.:

Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;

Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)