РЫНАПЛА́СТЫКА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + plastikē фарміраванне],

пластычная аперацыя аднаўлення носа пры яго дэфармацыі і розных дэфектах. Адрозніваюць Р. касметычную, татальную і субтатальную. Касметычныя пластычныя аперацыі робяць пры прыроджаных або набытых дэфармацыях (празмерна вял. памеры носа ці яго асобных ч., напр., пры рынафіме; скрыўленне або асіметрыя носа). Татальную Р. праводзяць пры поўных дэфектах носа рознага паходжання, субтатальную — пры частковых дэфектах (яго касцявога або храстковага аддзелаў, крылаў і інш.).

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНУСІ́Т,

вострае або хранічнае запаленне слізістай абалонкі прыдаткавых пазух носа (напр., гайморавай — гаймарыт). Развіваецца пры інфекцыях дыхальных шляхоў, пашкоджанні касцей чэрапа, карыесе і інш. Зрэдку бывае пансінусіт (пашкоджанне ўсіх пазух). Хранічны С. з утварэннем паліпаў і кіст бывае пры парушэнні адтоку запаленчага эксудату з пазухі носа пры вострым С., пры скрыўленні перагародкі носа і інш. Прыкметы: боль у вобласці вачніц, ілба і інш. частак галавы, дыханне праз нос абцяжарваецца. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛО́ІДНАЯ РА́СА,

група антрапалагічных тыпаў карэннага насельніцтва Аўстраліі, Паўд. Азіі і Акіяніі, якія маюць агульнае паходжанне і пэўнае марфалагічнае падабенства. У прадстаўнікоў расы буры колер скуры, цёмныя хвалістыя валасы, развітое трацічнае валасяное покрыва, цёмныя вочы, шырокі нос, тоўстыя губы, чэрап прадаўгаваты, вузкі, памеры твару сярэднія з добра развітымі надброўнымі дугамі, рост высокі. Блізка да іх стаяць веды Цэйлона і негроіды Паўд.-Усх. Азіі.

Літ.:

Алексеев В.П. География человеческих рас. М., 1974.

А.​І.​Мікуліч.

Да арт. Аўстралоідная раса. Аўстралійцы.

т. 2, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКАСЕ́Й (Анатоль Міхайлавіч) (н. 26.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Працаваў на Ленінградскай студыі кінахронікі, з 1963 на кінастудыі «Масфільм». Зняў маст. фільмы «Дайце кнігу скаргаў» (1965) і «Сцеражыся аўтамабіля» (1966; абодва з У.​Нахабцавым), «Марскія апавяданні» (1967), «Увага, чарапаха!» (1970), «Аповесць пра чалавечае сэрца» (1976), «Чучала» (1984); тэлефільмы «Нос» (1977), «Па сямейных абставінах» (1978), «Сватаўство гусара» (1979), «Дульсінея Табоская» (1980), «Прынцэса цырка» (1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1986.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМБА́Т (Vombatus),

род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.

Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.

Вамбат.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАЛО́ІДНАЯ РА́СА,

адна з асн. або вял. рас чалавецтва, у якую ўваходзяць паўн.-азіяцкая, арктычная, паўд.-азіяцкая, далёкаўсходняя і амерыканская малыя расы (апошнюю некат. даследчыкі вылучаюць у самаст. расу). У прадстаўнікоў М.р. скура ад цёмнага да светлага колеру з жаўтаватым адценнем, цёмныя або карыя вочы, цвёрдыя прамыя цёмныя валасы, слаба развітое валасяное покрыва на твары і целе, шырокі і плоскі твар, прыкметна выступаюць скулы і слаба — нос, ёсць асобная складка верхняга павека — эпікантус. М.р. пашырана ў Кітаі, Індакітаі, Інданезіі, М’янме, Японіі, Карэі, Манголіі, Сібіры, Амерыцы.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),

набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн. рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;

Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБРО́ЗА ((Lombroso) Чэзарэ) (6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),

італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.

Тв.:

Рус. пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́КАЎ (Раланд Анатолевіч) (н. 12.11.1929, Масква),

рускі акцёр, кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1951). З 1960 на кінастудыі «Масфільм». З 1955 здымаецца ў кіно: «Педагагічная паэма», «Я крочу па Маскве», «Айбаліт-66» (і рэжысёр), «Служылі два сябры», «Андрэй Рублёў», «Выклікаем агонь на сябе» і «Нос» (тэлевізійныя), «Звоняць, адчыніце дзверы», «Мёртвы сезон», «Лісты мёртвага чалавека» (Дзярж. прэмія Расіі 1987) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ: «Увага, чарапаха!» (1970), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Чучала» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1986). З 1992 прэзідэнт Міжнар. фонду развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава»).

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФА́РТАВА МУ́ХА (Wohlfahrtia magnifica),

насякомае сям. шэрых мясных мух. Пашырана на Пд Еўропы, у Паўн. Афрыцы, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. Трымаецца кветак, трупаў жывёл. На Беларусі зрэдку трапляецца ў паўд. раёнах.

Даўж. 9—14 мм, цела папяляста-шэрае, вусікі і ногі чорныя. Адкладае жывых лічынак (даўж. каля 1 мм) у адкрытыя раны і слізістыя абалонкі млекакормячых, зрэдку на чалавека (вушы, вочы, рот, нос). Лічынкі разбураюць навакольныя тканкі, трапляюць у лобныя пазухі, насавую, гаймараву поласці і выклікаюць цяжкія захворванні — міязы; развіваюцца 3—5 сут, потым вывальваюцца з ран і акукліваюцца ў глебе. За год да 6 пакаленняў. Часта бываюць прычынай гібелі жывёлы.

Вальфартава муха і яе лічынка.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)