МУТАЦЫ́ЙНАЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ,

зменлівасць, абумоўленая ўзнікненнем новых генатыпаў, адзін з фактараў эвалюцыі, што забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змены ўмоў існавання. Звычайна прыводзіць да змены фенатыпу. Адбываецца пад уздзеяннем мутагенаў і з’яўляецца спадчыннай. Адрозніваюць М.з. на генным узроўні (змена структуры малекулы ДНК), храмасомным (перабудова структуры храмасом) і геномным (змены колькасці храмасом). М.з. — аснова практычнай селекцыі пры атрыманні новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБРО́Я МА́САВАГА ЗНІШЧЭ́ННЯ,

зброя вялікай разбуральнай і знішчальнай сілы, прызначаная для нанясення масавых страт. Да З.м.з. адносіцца ядзерная зброя, хімічная зброя і біялагічная зброя.

Агульныя паражальныя фактары З.м.э. выяўляюцца на працягу вял. прамежкаў часу пасля яе выкарыстання і маюць моцны маральна-псіхалагічны ўплыў. Магчыма стварэнне прынцыпова новых відаў З.м.з. (радыелагічнай, інфрагукавой, пучковай, лазернай, геафіз.. этнічнай і інш.). Па сваіх уласцівасцях да З.м.з. могуць набліжацца звычайныя віды ўзбраення пры выкарыстанні якасна новых элементаў (гл., напр., Вакуумная зброя).

П.​В.​Сычоў.

т. 7, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ КО́МПЛЕКСНЫ ПРАЕ́КТНА-ПО́ШУКАВЫ І НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІпалівапраект) канцэрна Белпалівагаз. Засн. ў 1928 у Мінску. У 1960—77 Белдзіпраторф. З 1978 БелНДІпалівапраект, з 2000 рэсп. унітарнае прадпрыемства БелНДІпалівапраект. Асн. кірункі дзейнасці: вывучэнне рэсурсаў мясц. цвёрдага паліва і распрацоўка кірункаў рацыянальнага і эфектыўнага іх выкарыстання; распрацоўка новых і ўдасканаленне існуючых тэхнал. працэсаў здабычы торфу, вытв-сці новых відаў цвёрдага паліва на аснове бурага вугалю, торфу, лігніну і інш.; распрацоўка тэхнал. працэсаў і стварэнне сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці торфабрыкетаў, аўтаматызаванага абсталявання па вытв-сці прадукцыі для сельскай гаспадаркі і насельніцтва на аснове торфу; выпрабаванне новых машын і абсталявання; комплексныя вышуканні радовішчаў торфу і інш. інж. вышуканні; праектаванне прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу, бурага вугалю і сланцаў; праектаванне жылых пасёлкаў і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння для прадпрыемстваў паліўнай прам-сці і інш.

Б.​П.​Юшчанка.

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААПТА́ЦЫЯ (ад лац. cooptatio дадатковае выбранне, давыбары). увядзенне новых членаў у выбраны калегіяльны орган рашэннем самога органа без правядзення дадатковых выбараў.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЫФІКА́ЦЫЯ (ад позналац. modificatio змяненне),

1) відазмяненне чаго-н., якое адзначаецца з’яўленнем новых уласцівасцей.

2) Адна з некалькіх форм рэчыва, якая характарызуецца пэўнай структурай і ўласцівасцямі (гл. Алатропія, Полімарфізм).

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́ЛЬНЫЯ ЎКЛАДА́ННІ,

сукупнасць затрат матэрыяльных, працоўных і грашовых рэсурсаў на пашыранае ўзнаўленне асн. фондаў нар. гаспадаркі; сума аднаразовых затрат на павелічэнне аб’ёму і паляпшэнне структуры асн. і абаротнага капіталу. Асн. прызначэнне К.у. — увод новых і падтрыманне дзеючых вытв. магутнасцей, паляпшэнне ўмоў і павышэнне прадукцыйнасці працы, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, асваенне новых відаў прадукцыі і павышэнне яе якасці. Уключаюць затраты на буд. матэрыялы, канструкцыі і дэталі, механізмы, транспартныя сродкі, тэхн. дакументацыю і інш. Могуць быць агульнымі і складаюцца з агульнай сумы ўкладання ў пэўны аб’ект; новымі — без уліку выкарыстання дзеючых вытв. фондаў; дадатковымі — вызначаюцца розніцай агульных К.у. па 2 варыянтах рашэння гасп. задачы (напр., пры выбары варыянтаў новай тэхнікі, рэканструкцыі прадпрыемстваў і інш.); спалучанымі — тымі, што павялічваюцца ў сумежных галінах пры адсутнасці ў іх рэзерваў магутнасцей; спадарожнымі — неабходнымі для нармальнага функцыянавання сродкаў працы ў спажыўца (напр., затраты на буд-ва новых памяшканняў для работы новай тэхнікі, пашырэнне рамонтнай базы або яе мадэрнізацыя і інш.). Крыніцай фінансавання К.у. з’яўляюцца крэдыт, сродкі дзярж. бюджэту, прыбытак прадпрыемства, амартызацыйныя адлічэнні і інш. Гл. таксама Інвестыцыі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс узнікнення новых біял. відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.

Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.​Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл. Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНІКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

кірунак навуковай і праектна-канструктарскай дзейнасці, які заключаецца ў вывучэнні і практычным выкарыстанні законаў, заканамернасцяў і прынцыпаў прыроды для стварэння новых прыёмаў арх. арганізацыі прасторы, новых канструкцый і матэрыялаў. Садзейнічае лепшай функцыян. арганізацыі аб’ектаў, павышэнню нясучай здольнасці канструкцый, зніжэнню вагі збудаванняў і г.д. Прыклады выкарыстання біёнікі архітэктурнай — сучасныя танкасценныя абалонкі пакрыццяў, якія нагадваюць кветку (арх. Ф.Кандэла), пнеўматычныя канструкцыі, рабрыстыя пакрыцці і скляпенні (арх. П.Л.Нерві), эксперым. праекты гарадоў і мастоў (арх. П.​Саляры), пабудовы арх. Ф.Л.Райта, Р.Б.Фулера.

Літ.:

Лебедев Ю.С. Архитектура и бионика. М., 1977.

Да арт. Біёніка архітэктурная. Геадэзічны купал у Сент-Луісе (ЗША). Арх. Р.​Б.​Фулер. 1960.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНІЦЫЯТЫ́ВА (франц. initiative ад лац. initium пачатак),

пачын, першы крок у якой-н. справе, абумоўлены ўнутраным падахвочваннем да новых форм дзейнасці; вядучая роля ў якіх-н. дзеяннях; здольнасць да самаст. актыўных дзеянняў, прадпрымальнасць.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

механічнае драбленне (парушэнне) і біяхім. змяненне мінералаў і горных парод у выніку жыццядзейнасці раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Пры біялагічным выветрыванні адбываецца таксама ўтварэнне раствораў, новых мінералаў, горных парод і некаторых карысных выкапняў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)