(6.7.1889, в. Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́»,
«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.
Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).
М.А.Каладзінскі.
Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,
сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр.Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял.кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯВІ́СТЫКА (ад лац. medius сярэдні + aevum век, эпоха),
галіна гіст. навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў, пераважна ў Зах. Еўропе. Гісторыю зах.-еўрап. краін пасля падзення Рым. імперыі асвятлялі сярэдневяковыя гіст. творы — гісторыі, хронікі, аналы, біяграфіі, агіяграфія, у аснове гіст. канцэпцыі якіх ляжаў хрысц.правідэнцыялізм. У 15—16 ст.італьян. гуманісты вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд, указалі на сістэму феодаў і феад. раздробленасць як на яго характэрныя рысы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ўвялі ў навуку паняцце феадалізм, у 18 ст. вылучылі М. ў асобную гіст. дысцыпліну. На мяжы 18—19 ст. у зах.-еўрап. гістарыяграфіі ўзнікла «рамантычная» плынь, прадстаўнікі якой (Ю.Мёзер, Ж. дэ Местр, Э.Бёрк і інш.) ідэалізавалі сярэдневякоўе, рацыяналізму асветнікаў проціпастаўлялі правідэнцыялізм. Вучоныя 1-й пал. 19 ст. (французы Ф.Гізо, А.Цьеры, Ж.Мішле, англічанін Т.Карлайл, немец В.Цымерман і інш.) вывучалі пераважна паліт. падзеі, юрыд. нормы, дзейнасць выдатных асоб. У Расіі М. як навука склалася ў 1830—40-я г. (Ц.М.Граноўскі). Да паліт. кірунку ў рас. М. належалі П.М.Кудраўцаў, С.В.Яшэўскі, У.І.Гер’е, М.А.Асокін і інш. Яе сац.-эканам. праблемы вывучалі І.В.Лучыцкі, М.І.Карэеў, М.М.Кавалеўскі, праблемы культуры — М.С.Карэлін, Л.П.Карсавін і інш.Асн. кірункамі сусв. М. 2-й пал. 19 ст. былі паліт. (Ф.Дан, Г. фон Зібель), гісторыка-прававы (Г.Л.Маўрэр, У.Стэбс, Г.Мэн) і пазітывісцкі (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж, І.Тэн, Г.Мано). Марксізм, які трактуе сярэдневякоўе як час панавання феадалізму і разглядае яго як адну з грамадска-эканам. фармацый, паўплываў на сав. медыявістаў 1920—80-х г. (Я.А.Касмінскі, М.П.Грацыянскі, А.І.Няўсыхін, С.Д.Сказкін і інш.) і некаторых еўрап. даследчыкаў. На ўзровень канцэптуальнага асэнсавання сярэдневякоўя М. вывелі франц. вучоныя М.Блок і Л.Феўр, якія з 1929 выдавалі час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»), Склалася «Аналаў» школа, на базе якой аформілася некалькі плыней, у т. л. «татальная гісторыя» (Ж.Ле Гоф), што вывучае матэрыяльную, духоўную, інтэлектуальную культуру і з’явы паўсядзённасці як адзіны комплекс, «гісторыя ментальнасцей» (Ж.Дзюбі, У.Раўльф), што арыентуецца на праблемы сац. псіхалогіі і светаўспрымання. Блізкія да іх сучасныя кірункі «новай сацыяльнай гісторыі» ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах. У СССР падобныя даследаванні праводзілі М.М.Бахцін, А.Я.Гурэвіч, Ю.Л.Бяссмертны і інш.
У Беларусі навук. вывучэнне сярэдневякоўя вядзецца з 18 ст. На высокім узроўні выкладалася гісторыя сярэдніх вякоў у Віленскім ун-це. У 1756 з’явілася праца Ф.Папроцкага «Еўропа са старажытнейшых часоў». Сістэматычныя курсы па М. ў сярэдзіне 19 ст. склаў А.Здановіч. У 20 ст. цэнтрам даследаванняў па М. стала кафедра гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 — кафедра гісторыі сярэдніх вякоў). З 1920-х г. школу бел. М. ўзначальваў У.М.Перцаў. Праблемы гісторыі каталіцкай царквы, пачатку рэфармацыі, вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе даследаваў Г.М.Ліўшыц. Сярэдневякоўе Чэхіі вывучала Н.А.Гусакова, міжнар. адносіны ў познім сярэдневякоўі — Ю.Я.Івонін. Сучасная бел. М. вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалаг. падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.І.Гарамыкіна і Я.Р.Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.П.Сушкевіч, гісторыю каталіцкай царквы — В.А.Фядосік, духоўную культуру ранняга сярэдневякоўя — І.А.Еўтухоў, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.Дз.Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.І.Малюгін, франкскай Дзяржавы — А.М.Сурта, праблемы Адраджэння — А.П.Вахніна. Пра вывучэнне гісторыі сярэдневяковай Беларусі гл. ў арт.Гістарыяграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,
нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц.калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.А.Квіцінскі, М.Гусейн-задэ, Ф.А.Палятаеў, В.В.Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.У.Анічэнка, У.М.Антоненка, Ф.К.Варанішча, У.П.Вардомскі, Л.М.Віцятнёў, Д.А.Гараеў, А.М.Грынеўскі, Б.К.Зузо, А.М.Кандраценка, Б.А.Кедышка, Л.М.Кашачкіна, Н.І.Лісавец, Ф.М.Ліхавец, А.Дз.Панізнік, У.М.Руткоўскі, М.С.Фралоў, В.К.Харытончык, Т.У.Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр.СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.Жан, бельгіец Ж.Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр.СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар ў Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.
Літ.:
Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;
Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.
Э.М.Позняк.
Да арт.Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.Да арт.Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.