АКУ́ЛЫ (Selachorpha),

надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.

Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.

Акулы: 1 — анёл; 2 — рыба-молат; 3 — сіняя акула.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАВЕ́РШ (ад мана... + верш),

аднарадковік, верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсу, сінтаксічнай і метрычнай структуры. Зрэдку ўжываўся ў ант. паэзіі (Архілох, Аўсоній). Звычайна пісаўся гекзаметрам і меў афарыстычнае гучанне. Эксперым. ўзор у рус. паэзіі належыць М.​Карамзіну:

Покойся, милый прах, до радостного утра.

Да М. можна аднесці асобныя вершаваныя крылатыя выслоўі і афарызмы, што выкарыстоўваюцца для лозунгаў, у загалоўках твораў, эпіграфах і г.д. М. з’яўляюцца і некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі, якія часам змяшчаюць на посудзе, мэблі, малюнках; «У родным краі, як у раі», «Чым хата багата, тым рада», «Які дагляд, такі і лад». У апошні час М. ствараюць некаторыя маладыя бел. літаратары.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎМЕТА́ЛЫ,

крышталічныя рэчывы, якія паводле электрафіз. уласцівасцей займаюць прамежкавае становішча паміж металамі і паўправаднікамі.

Характарызуюцца кавалентнай крышт. рашоткай. Асн. фіз. ўласцівасці П.: значна меншая, у параўнанні з металамі, эл. праводнасць; больш слабы, чым у паўправаднікоў, рост эл. праводнасці пры павышэнні т-ры; наяўнасць эл. праводнасці каля абс. нуля т-ры (паўправаднікі ў гэтых умовах — ізалятары). Да П. адносяць вісмут, сурму, мыш’як, графіт і некаторыя інш. простыя рэчывы. Паўметал. ўласцівасці маюць і некаторыя складаныя рэчывы, што ўключаюць П. (напр., вісмутыды). Выкарыстоўваюць П. ў навук. практыцы для рэгістрацыі пераходаў дыэлектрык—метал у моцным магн. полі (датчыкі напружанасці магн. поля), у металургіі ў якасці прысадак, злучэнні мыш’яку і сурмы з металамі — як паўправадніковыя матэрыялы.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гетэра... + сексуальнасць),

палавая цяга да асоб процілеглага полу; асн. форма палавых адносін паміж людзьмі. Адпавядае галоўнай біял. мэце палавога жыцця — прадаўжэнню роду. У розныя часы некаторыя грамадствы дапускалі існаванне і інш. форм палавых кантактаў. Гл. Бісексуальнасць, Гомасексуалізм.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКА́ЛЬД (ісп. alcalde ад араб. алькады суддзя),

1) дзярж. чыноўнік, які выконваў пераважна суд. функцыі ў правінцыях сярэдневяковай Іспаніі.

2) У сучаснай Іспаніі і шэрагу дзяржаў Лац. Амерыкі выбарны і зацверджаны ўрадам кіраўнік муніцыпальнай адміністрацыі; выконвае адм. і некаторыя суд. функцыі.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУМЕРА́НГ (англ. boomerang ад аўстрал.),

сагнутая драўляная кідальная паліца, найчасцей падобная на серп (некаторыя віды, апісаўшы крывую, вяртаюцца да кідальніка). Быў пашыраны як баявая і паляўнічая зброя ў абарыгенаў Аўстраліі, у Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі і Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы.

Бумеранг.

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТААЛЕРГІ́Я (ад аўта... + алергія),

павышаная адчувальнасць арганізма да ўласных бялкоў і клетак тканак, якія набылі ўласцівасці алергенаў (эндаалергенаў). Пры пэўных умовах аўтаалергічны працэс можа перарасці ў аўтаімунную хваробу. Да хвароб аўтаалергічнай этыялогіі належаць некаторыя віды гемалітычных анемій, міястэнія, рэўматоідны артрыт і інш.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАФА́ГІ [ад мана... + ...фаг(і)],

арганізмы, якім уласціва жыўленне адным відам расліннага або жывёльнага корму. Пашыраны пераважна сярод беспазваночных арганізмаў (многія насякомыя, некаторыя малюскі, ракападобныя, чэрві, паразіты). У фауне Беларусі М. з’яўляюцца, напр., вошы і інш. крывасмокі, пёравыя кляшчы, пухаеды, многія віды даўганосікаў, тлі і інш.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВО́СТРАЎ,

участак сушы, які рэзка і далёка выдаецца ад краю мацерыка або вострава ў мора. Большасць П. — прамы працяг мацерыка (Апенінскі, Малая Азія, Лабрадор). Некаторыя П. раней былі астравамі, а затым далучыліся да мацерыкоў (Індастан, Камчатка, Крымскі, Фларыда). Самы вялікі П. Зямлі — Аравійскі.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

некаторыя хімічныя элементы атмасферы Зямлі. Паводле геахім. класіфікацыі элементаў да атмафільных элементаў адносяцца вадарод, азот і інертныя газы (гелій, неон, аргон, крыптон, ксенон і радон), якія ў атмасферы знаходзяцца ў стане свабодных атамаў або малекул. Кісларод належыць да літафільных элементаў (складае 47% літасферы).

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)