ШАН ЯН (390—338 да н.э.),
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў легісцкай школы (фацзя). З 361 да н.э. служыў саветнікам цыньскага правіцеля Сяо Гуна. У 359—348 да н.э. правёў рэформы, паводле якіх умацавана цэнтр. ўлада, узаконена права прыватнай уласнасці на зямлю, уведзена сістэма кругавой парукі ў вёсках, арыстакратыя пазбаўлена права атрымліваць у спадчыну адм. пасады і ўладанні. Рэформы выклікалі незадаволенасць арыстакратыі і Ш.Я. пакараны смерцю. Пасля аб’яднання Кітая царствам Цынь (221 да н.э.) пераўтварэнні Ш.Я. былі пашыраны на ўсю дзяржаву.
т. 17, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.
Г.В.Кісялёў.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧО́ВАЯ ДЫКТАТУ́РА ў Савецкай Расіі ў 1918—21,
сістэма надзвычайных захадаў сав. улады па арганізацыі харч. забеспячэння прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915. Уведзена дэкрэтамі ВЦВК і СНК РСФСР ад 13 і 27 мая 1918. Уключала цэнтралізацыю нарыхтоўкі і размеркавання харчавання, манаполію хлебнага гандлю, харчразвёрстку, была ч. палітыкі «ваеннага камунізму». Ажыццяўлялася Наркаматам харчавання і яго мясц. органамі — харч. к-тамі з дапамогай харчарміі і харчатрадаў, выклікала масавую незадаволенасць і выступленні сялянства. Адменена з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).
т. 16, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧУ́МНЫ БУНТ»,
паўстанне ў Маскве ў вер. 1771 у час эпідэміі чумы. Малаэфектыўныя проціэпідэмічныя захады ўлад (прымусовыя каранціны, знішчэнне заражанай асабістай маёмасці) выклікалі неразуменне, страх і незадаволенасць насельніцтва. Каб прадухіліць новую ўспышку масавага заражэння, маскоўскі архіепіскап Амбросій спрабаваў з дапамогай вайск. каманды перашкодзіць шматтысячным натоўпам збірацца каля «цудатворнага» абраза Варварскай брамы. У адказ 26 вер. пачалося паўстанне рамеснікаў, рабочых мануфактур, дваровых людзей, аброчных сялян і інш.: разгромлены каранцінныя заставы, забіты Амбросій. «Ч.б.» падаўлены войскамі: 4 чал. павешаны, 173 пакараны бізунамі і сасланы на катаргу.
т. 17, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,
перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л. Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.
т. 9, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАМА́ СЛАВЯНІ́Н (каля 760 — кастр. 823),
кіраўнік нар. паўстання ў Візантыі ў 820—823. Ратуючыся ад пакарання смерцю за ўдзел у змове супраць урада, уцёк у Абасідаў халіфат, дзе зрабіў прыдворную кар’еру. Дараваны імператарам Львом V і прызначаны военачальнікам адной з малаазійскіх фем. Выкарыстаўшы незадаволенасць сялян і салдат-стратыётаў падатковым і рэліг. уціскам, Ф.С. у 820 узняў паўстанне, якое хутка ахапіла б.ч. М. Азіі, частку Фракіі і Македоніі. Створаныя ім армія і флот на працягу года трымалі ў аблозе Канстанцінопаль. У 823 візант. ўрад з дапамогай войск балг. хана Амуртага задушыў паўстанне. Ф.С. узяты ў палон і пакараны смерцю.
т. 16, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАФІ́З, Гафіз,
Хафез (сапр. Шамседдзін Махамед; каля 1325, г. Шыраз, Іран — 1389 ці 1390),
персідскі і таджыкскі паэт. Атрымаў багаслоўскую адукацыю і праславіўся як «хафіз» (чалавек, які ведае на памяць Каран). Вершы пачаў пісаць рана. Асн. жанр — газелі (больш за 400), у якім дасягнуў дасканаласці. Яго лірыка простая, перадае розныя адценні чалавечых пачуццяў, вызначаецца гармоніяй зместу і формы, зліццём думкі, жывапісу і музыкі. Апяваў каханне, віно, зямное шчасце. Выказваў незадаволенасць рэчаіснасцю, асуджаў духавенства. Зведаў уплыў суфізму і містыцызму.
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. Уфа, 1973;
Сто семнадцать газелей. М., 1981;
Газели. 2 изд. М., 1984.
т. 16, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НГО ДЗІНЬ ЗЬЕМ (Ngo Dinh Diem; 3.1.1901, Куангбінь, В’етнам — 2.11.1963),
дзяржаўны дзеяч Паўд. В’етнама. Скончыў школу права і адм. кіравання ў Ханоі (1921). Губернатар правінцыі, потым — міністр унутр. спраў пры ўрадзе апошняга в’етн. імператара Бао Дая. У 1950—54 у эміграцыі ў ЗША У 1954—56 кіраўнік в’етн. ўрада на Пд В’етнама, пасля абвяшчэння там у 1956 Рэспублікі В’етнам — яе прэзідэнт. Усталяваў рэжым асабістай улады. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, выклікаў масавую незадаволенасць карумпіраванасцю свайго ўрада і прызначэннем на дзярж. пасады пераважна аднаверцаў-католікаў (б.ч. насельніцтва Паўд. В’етнама — будысты). З 1961 вёў узбр. барацьбу з Нацыянальным фронтам вызвалення Паўднёвага В’етнама. Забіты ў ходзе дзярж. перавароту.
т. 11, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЫПІЁН АФРЫКА́НСКІ Старэйшы, Публій Карнелій Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы (Publius Cornelius Scipio Africanus Major; каля 235 — каля 183 да н.э.), старажытнарымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Як ваен. трыбун удзельнічаў у бітве пры Канах (216 да н.э.). У 207 да н.э. разбіў войска карфагенскага палкаводца Гасдрубала. Консул 205 да н.э. Перамог армію Ганібала пры Заме (202 да н.э.). З 199 да н.э. цэнзар і прынцэпс сената, консул 194 да н.э. Увёў новую тактыку ў рым. арміі, удасканальваў зброю. Яго неабмежаваны ўплыў на армію і знешнюю палітыку выклікаў незадаволенасць сенатараў. Зняважаны т.зв. «працэсам Сцыпіёнаў», пакінуў справы, жыў у сваім маёнтку. Шырокаадукаваны чалавек, сімпатызаваў грэч. культуры.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛЕ́РНЫЯ БУ́НТЫ ў Расіі,
масавыя стыхійныя выступленні гараджан, сялян, салдат у час эпідэміі халеры 1830—31. Незадаволенасць насельніцтва выклікалі незразумелыя яму і звязаныя з рознымі нязручнасцямі супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы ўрада (каранціны, ўзбр. кардоны, забароны перамяшчэнняў і інш.), выкананне якіх часам суправаджалася жорсткім абыходжаннем з людзьмі. Непасрэднай падставай для бунтаў сталі чуткі пра наўмыснае атручванне народа лекарамі і чыноўнікамі. Узрушаныя натоўпы грамілі паліцэйскія ўстановы і казённыя бальніцы, забівалі мед. работнікаў, чыноўнікаў, афіцэраў, памешчыкаў. Найбуйнейшыя Х.б.: Севастопальскі (1830), Тамбоўскі, на Сеннай плошчы ў Пецярбургу, У Старарускай і Наўгародскай акругах ваенных пасяленняў (1831). Падаўлены войскамі; тысячы ўдзельнікаў пакараны цялесна (многія пасля памерлі) і сасланы на катаргу.
т. 16, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)