АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,

металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.

Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.

Прыклады кампановак агрэгатных станкоў: 1 — вертыкальны аднабаковы аднапазіцыйны; 2 — нахілены аднабаковы аднапазіцыйны; 3 — шматбаковы аднапазіцыйны змешанай кампаноўкі; 4 — вертыкальны аднабаковы шматпазіцыйны.
Уніфікаваныя агрэгаты вертыкальнага агрэгатнага станка: 1 — станіна; 2 — цэнтральны і наладачны пульты; 3 — паваротны дзялільны стол; 4 — гідрабак; 5 — помпавая ўстаноўка; 6 — гідрапанэль; 7 — электрашафа станка; 8 — сілавы стол (у станках іншых тыпаў — сілавыя галоўкі); 9 — стойка; 10 — свідравальная бабка; 11 — упорны вугольнік; 12 — расточная панэль; 13 — разьбовы капір; 14 — шпіндэльная каробка; 15 — падаўжальнік; 16 — электрашафа сілавых механізмаў; 17 — каробка скарасцей; 18 — двухпазіцыйны дзялільны стол; 19 — расточная бабка; 20 — бакавая станіна. У станку уніфікаваны базавыя дэталі (1, 9, 11, 20), шпіндэльныя механізмы (10, 14, 19) і інш.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.

З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А.​Р.​Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).

На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.

В.​П.​Чабатароў.

Схема збожжаўборачнага камбайна: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3, 4 — шнэкавы і нахілены транспарцёры; 5,9 — прыёмны і адбойны бітэры; 6 — малацільны барабан; 7 — выгрузны шнэк; 8 — бункер; 10, 11 — зерневы і коласавы элеватары; 12 — рухавік; 13 — саломатрэс; 14 — саломанабівальнік; 15 — капноўшчык; 16 — рашотка; 17 — вентылятар ачысткі; 18 — грохат.
Збожжаўборачны камбайн «Дон-1500».

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)