кароткая сінклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку лакальнага тэктанічнага прагінання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахісінкліналь, з усіх бакоў нахілены да яе цэнтра, дзе знаходзяцца найб. маладыя горныя пароды.
Брахісінкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХІАНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + антыкліналь),
кароткая антыклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку мясц. тэктанічнага ўздымання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахіантыкліналь, нахілены ва ўсе бакі ад цэнтр. часткі яе скляпення, дзе знаходзяцца найб.стараж. пароды.
Брахіантыкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СК (франц. arabesque ад італьян. arabesco арабскі),
адна з асноўных позаў класічнага танца. Цела абапіраецца на прамую нагу, другая паднята і выцягнута назад; адна рука выцягнута ўперад, другая адведзена ўбок ці назад, корпус нахілены ўперад. У сучасным балеце сустракаюцца шматлікія формы арабеска пры розных становішчах апорнай нагі, рук, галавы, корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫКЛІНО́РЫЙ (ад антыкліналь + грэч. oros гара),
буйны комплекс складкавых структур зямной кары, які ўзнік у геасінкліналях. Характэрны агульны ўздым і заляганне найб.стараж. парод у цэнтр. частцы, форма выцягнутага скляпення. Восевыя плоскасці складак антыклінорыю часта размешчаны веерападобна і нахілены ад цэнтра да перыферыі. Мае сотні кіламетраў у даўжыню і дзесяткі ў шырыню (В.Каўказ, Уралтау і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),
1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл.Сіметрыя.
2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЯ́ЛЬНА-ПО́РШНЕВАЯ ПО́МПА,
помпа ротарнага тыпу з вярчальным рухам ротара і зваротна-паступальным рухам поршняў (звычайна 7—9). Прызначана для нагнятання мінер. масла ў гідрасістэмы станкоў, транспартна-цягавых машын і абсталявання. Можа выкарыстоўвацца як гідраўлічны рухавік.
Пры вярчэнні ротара галоўкі поршняў слізгаюць па апорнай шайбе (пліце) і рухаюцца адносна ротара ўздоўж яго восі. Велічыня падачы масла вызначаецца рухам поршняў. Масла ўсмоктваецца і нагнятаецца праз размеркавальны дыск, злучаны каналамі з масляным бакам. Прадукцыйнасць да 800 л/мін, ціск да 30 МПа, аб’ёмны ккдз да 0,96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЕАКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, у якім вывучаюцца заканамернасці распаўсюджвання і ўзаемадзеяння акустычных хваль у крышталях. Заканамернасці К., абумоўлены анізатрапіяй уласцівасцей асяроддзя (найперш пругкіх уласцівасцей). Сфарміравалася на аснове даследаванняў пругкіх хваль у цвёрдых целах і развіцця метадаў узбуджэння і прыёму ультрагукавых хваль. Цесна звязана з лазернай фізікай, нелінейнай акустыкай, акустаэлектронікай, акустаоптыкай.
У крышталях, у адрозненне ад ізатропнага асяроддзя, скорасць распаўсюджвання хваль залежыць ад напрамку. Напрамак распаўсюджвання і пераносу энергіі нахілены да хвалевага фронту (за выключэннем асобных напрамкаў, напр., восей і плоскасцей сіметрыі і акустычных восей). Пругкія плоскія хвалі пры адсутнасці гіратрапіі лінейна палярызаваныя — ваганні часціц асяроддзя адбываюцца толькі ўздоўж пэўных напрамкаў адносна напрамку распаўсюджвання хваль. Хвалі сціскання — разрэджвання і зрушэння з’яўляюцца адпаведна квазіпадоўжнымі і квазіпапярочнымі і, апроч таго, хвалі зрушэння расшчапляюцца на 2 квазіпапярочныя хвалі, якія распаўсюджваюцца з рознымі скарасцямі. К. з’яўляецца асновай для стварэння тэхн. прылад і сістэм для даследавання ўласцівасцей асяроддзяў і практычнага выкарыстання анізатрапіі і ультрагуку.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЕШ ((Illyés) Дзьюла) (2.11.1902, г. Мадзвяратад, Венгрыя — 15.4.1983),
венгерскі пісьменнік. У 1919—26 у эміграцыі. Вучыўся ў Сарбоне (Францыя). Як паэт пачынаў пад уплывам экспрэсіянізму і сюррэалізму, паступова пераходзячы да рэаліст. метаду. У 1950—60-я г. ў яго паэзіі ўзмацніліся экзістэнцыялісцкія тэндэнцыі. У творах І. праблемы нац. памяці, узаемадачынення гісторыі і сучаснасці, асобы і ўлады, індывід. і нар. быцця: паэт.зб-кі «Цяжкая зямля» (1928), «Скошаныя шэрагі» (1930), «Пад лятучымі нябёсамі» (1935), «Гармонія сярод руін» (1937), «Гледзячы ў вочы» (1947), «Поціскі рук» (1956), «Нахілены ветразь» (1965), «Незакончаныя вершы» (1971), «Дзіўны тэстамент» (1977), шматлікія паэмы. Аўтар раманаў «Людзі пушты» (1936), «У ладдзі Харона, або Сімптомы старасці» (1969), «Пажы Беатрычэ» (1979); драм «Псіхааналітык» (1948), «Прыклад Азоры», «Полымя паходні» (абедзве 1952), «Фаварыт» (1963), «Чыстыя» (1969), «Усё ці нічога, або Два жыцці ці ніводнага» (1974) і інш.; дарожных нататак «Расія» (1935), біягр.кн. «Пецёфі» (1936), крытычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Петёфи. М., 1972;
Избранное. М., 1975;
Избр. лирика. М., 1979;
Пьесы. М., 1982.
Літ.:
Россиянов О.К. Реализм в новой венгерской прозе, 60—70-е гг. XX века. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.
Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.