КАСЦЮ́ШКА (Андрэй Тадэвуш Банавентура) (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),

палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв. паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.

Літ.:

Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;

Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.

У.П.Емяльянчык.

А.Т.Б.Касцюшка.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.І.Лемяшонак.

Да арт. Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́Ж,

горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял. кн. ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн. Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн. Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс. ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс. ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс. чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.

Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.

У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл. Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст. паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст. арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх. вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі «Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).

Да 20 ст. культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар. навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.

Літ.:

Деленковский Н.И. Несвиж: Ист.-экон. очерк. Мн., 1979;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобл. Т. 2. Мн., 1987;

Шишигина К.Я. Музы Несвижа. Мн., 1986.

В.С.Пазднякоў (гісторыя, культура), Т.І.Чарняўская, І.М.Чарняўскі, С.Ф.Самбук (архітэктура).

Панарама горада Нясвіж.
Нясвіж. Гравюра Т.Макоўскага. Пач. 17 ст.
Герб горада Нясвіж. 1586.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)