ансамбль архітэктурных помнікаў пач. 15 ст. ў Самаркандзе. Уключае грандыёзную саборную мячэць Цімура, пабудаваную ў 1399—1404. Захаваліся рэшткі манументальнага ўваходу-пештака з мінарэтамі, гал. і бакавых будынкаў, перакрытых купаламі. Мячэць мела двор (78×64 м), абведзены галерэямі з 389 купаламі і аркамі на мармуровых калонах; была багата ўпрыгожана кафляй, разным мармурам, размалёўкай. Насупраць мячэці ўзвышалася медрэсэ Сараі-Мульк-Ханым (захаваўся вуглавы 8-гранны маўзалей, дэкарыраваны кафляй і размалёўкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЗЮ́ЛЯ» бел.нар. танец-гульня. Муз. памер 3/4. Тэмп умераны. Зафіксаваны Е.Раманавым у Дзісенскім пав. на Віцебшчыне. Удзельнікі ўтваралі 2 процілеглыя рады. Хлопец лавіў дзяўчыну з другога рада, потым яны мяняліся ролямі; астатнія ўдзельнікі танцавалі ў такт песні, а пры воклічы «ку-ку!» падавалі рукі тым, хто стаяў насупраць. На захадзе Беларусі М.Федароўскі зафіксаваў «З.» ў чыста танц. форме, якая выконвалася трыма дзяўчынамі. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. На Гомельшчыне бытуе пад назвамі «Кукаўка», «Ку-ку».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́СА»,
«Ляда», бел.нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСЦЕРАЗМЯШЧЭ́ННЕ,
парадак размяшчэння лісця на сцябле, які адлюстроўвае сіметрыю парастка; з’яўляецца сістэм. адзнакай. Залежыць ад чарговасці залажэння лісцевых зачаткаў на конусе нарастання. Адрозніваюць Л. спіральнае, ці чаргаванае, — ад кожнага вузла на сцябле адыходзіць 1 ліст (бяроза, дуб, злакі), супраціўнае — на кожным вузле сядзяць адзін насупраць аднаго 2 лісты (бэз, клён), кальчаковае — кожны вузел мае 3 і больш лісты (алеандр, эладэя). Агульная заканамернасць усіх тыпаў Л. — роўная вуглавая адлегласць паміж лістамі, якія сядзяць на адным вузле ці на паслядоўных вузлах генет. спіралі (умоўная лінія, што злучае асновы паслядоўных лістоў). Прычыны правільнасці Л. звязаны з памерамі конуса нарастання, лісцевых зачаткаў і іх узаемадзеяннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІН (Сяргей Аляксеевіч) (н. 13.7.1913, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Гал. рэдактар час. «Нева» (1957—63). Першы зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1947). Вострыя пытанні жыцця і маралі ў раманах «На сваёй зямлі» (кн. 1—2, 1948—52), «Два жыцці» (1962), аповесці «Непатрэбная слава» (1955). Манера пісьма Вароніна сціслая, псіхалагічна ёмістая: зб-кі апавяданняў «Дом насупраць» (1954), «У паводку» (1958), «У чаканні цуду» і «Раман без кахання» (1968). Аўтар аповесцяў «Мілы ты мой!..» (1976), «У цябе ёсць усё, Ягораў!» (1983), «Жыццяпіс І.П.Паўлава» (1989) і інш., кнігі пра пісьменніцкую працу «Час вынікаў» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупрацьв. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШАНСКІ ПАЛА́Ц, Гальшанскі замак,
помнік палацава-паркавай архітэктуры. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) П.Сапегам на мяжы 16—17 ст.Асн. абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Палац — мураваны прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак з вял. квадратным унутр. дваром. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі. У паўн.-ўсх. крыле знаходзіцца ўязная брама, якая ў 17 — 1-й пал. 18 ст. завяршалася гранёнай вежай. Насупраць брамы размяшчалася 1-нефавая капліца, убудаваная ў паўд.-зах. крыло палаца. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, упрыгожаную лепкай. На ўзроўні 2-га паверха паўн.-зах. крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Перабудоўваўся ў 18—20 ст. Збярогся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ САБО́РНАЯ ПЛО́ШЧА,
горадабудаўнічы ансамбль канца 18—1-й пал. 19 ст. ў Магілёве (цяпер плошча перад гасцініцай «Дняпро» па вул. Першамайскай). Створана паводле праекта арх. М.Львова і В.Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпса. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся 1-павярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. Насупраць сабора ў 1780 пабудавана манум. брама з 2 невял. флігелямі па баках (звязаны з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я г. ансамбль плошчы завершаны будынкам манежа, за ім разбіты гар. сквер (паводле праекта Стасава). Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю і стала гал. кампазіцыйным цэнтрам горада. Ансамбль плошчы не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗАВІ́ЛЬ (Brazzaville),
горад, сталіца Конга. Размешчаны на правым беразе р. Конга, насупрацьг. Кіншаса (Заір). Вылучаны ў асобную адм. акругу. 760,3 тыс.ж. (1990). Рачны порт. Чыгункай і шашой злучаны з марскім портам Пуэнт-Нуар. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. і фін. цэнтр краіны. Тэкст., швейная, запалкавая, тытунёвая, харчасмакавая (алейная, піваварная, рыбаперапр.), дрэваапр., папяровая, абутковая, металаапр., хім.прам-сць. Суднарамонт. Саматужныя разьбярства па дрэве, выраб маст. керамікі. Ун-т. Пастэраўскі ін-т. Нац. музей.
Засн. ў 1880 франц. даследчыкам і падарожнікам П.С. дэ Браза на месцы стараж. негрыцянскага паселішча. Паліт. і гандл. значэнне набыў на мяжы 19 і 20 ст. У 1905—10 адм. ц.Франц. Конга, у 1910—58 — Франц. Экватарыяльнай Афрыкі і Сярэдняга Конга. У 2-ю сусв. вайну адзін з асн. апорных пунктаў руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»), які ўзначальваў Ш. дэ Голь. З 1960 сталіца Конга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.
Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.