ствольная зброя для стральбы кулямі або інш. паражальнымі элементамі; найб. масавы від зброі. Адрозніваюць С.з. малога (да 6,5 мм), нармальнага (6,5—9 мм) і буйнога (зв. 9—14 мм) калібру; паводле прызначэння — баявую, прыстрэлачную, вучэбную, спартыўную зброю, паляўнічую зброю. Да С.з. належаць аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты, пісталеты, пісталеты-кулямёты, рэвальверы. У залежнасці ад крыніцы энергіі кідання існуе агнястрэльная зброя, пнеўматычная зброя, механічная і электрычная; паводле ступені аўтаматызацыі — неаўтаматычная, самазарадная і аўтаматычная; паводле колькасці ствалоў — аднаствольная, двухствольная і мнагаствольная; паводле канструкцыі ствала — наразная зброя і гладкаствольная.
Узоры С.з. з’явіліся ў 14 ст.Асн. этапы развіцця: распрацоўка і выкарыстанне кнотавага (15 ст.) і крамянёвага (канец 15 ст.) замка, папяровага патрона (сярэдзіна 16 ст.), ударнага саставу і капсульнага замка (пач. 19 ст.), наразной зброі (сярэдзіна 19 ст.), унітарнага патрона з метал. гільзай і казназараднай зброі (2-я пал. 19 ст.), магазіннай зброі (канец 19 ст.; гл.Магазін). Далейшае ўдасканаленне С.з. ішло па лініі стварэння аўтаматычнай зброі (канец 19 — пач. 20 ст.), якая шырока выкарыстоўвалася ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. Асн. асаблівасці С.з.: высокая эфектыўнасць, трываласць дзеяння, манеўранасць, зручнасць і прастата эксплуатацыі; мае высокую скарастрэльнасць, добрую меткасць і кучнасць стральбы. Сярод рас. канструктараў С.з. У.Р.Фёдараў, В.А.Дзегцяроў, С.Г.Сіманаў, Ф.В.Токараў, Г.С.Шпагін, М.Ф.Макараў, Б.Г.Шпітальны, М.Ц.Калашнікаў, Г.М.Ніканаў і інш.Іл.гл. да арт.Зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (ваен.),
устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч.ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл.Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл.Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш.бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).
З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл.Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.